2 траўня 2024, Чацвер, 2:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі адмовіліся абмяркоўваць якасць вады ў Менску

12
Чыноўнікі адмовіліся абмяркоўваць якасць вады ў Менску

Менгарвыканкам не збіраецца праводзіць грамадскія слуханні па патрабаванні грамадзян, незадаволеных якасцю вады ў сталіцы.

Суд Маскоўскага раёна Менска 28 сакавіка абвясціў вердыкт па пазове жыхароў, пададзеным пры падтрымцы аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына». Ён тычыўся правядзення грамадскіх слуханняў аб якасці пітной вады ў Маскоўскім, Фрунзенскім і Кастрычніцкім раёнах Менска. Пра гэта паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі БХД.

Суд пастанавіў, што Менгарвыканкам адказаў аўтарам звароту ў тэрміны, прапісаныя ў законе, і згодна са сваёй кампетэнцыяй. Датычна ж таго, што менскія ўлады праігнаравалі патрабаванне аб правядзенні грамадскіх слуханняў, суд патлумачыў, што гэтае пытанне - не ў кампетэнцыі Менгарвыканкама.

Між тым рэальнага судовага разбіральніцтва не было, інакш як можна растлумачыць заяву аб адсутнасці кампетэнцыі ў Менгарвыканкама, калі ў артыкуле 41 Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні гаворыцца, што «выканкамы ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам... арганізуюць абмеркаванне на адпаведнай тэрыторыі важных пытанняў мясцовага і рэспубліканскага значэння».

«Мы не патрабавалі прадастаўлення якіх-небудзь сродкаў або чагосьці завышанага. Мы прапаноўвалі чыноўнікам сустрэцца з людзьмі і абмеркаваць пытанні, якія хвалююць людзей. Але менскія чыноўнікі, якія жывуць за кошт падаткаў, хаваюцца за паперкамі і дзвярыма, і цалкам ігнаруюць інтарэсы простых грамадзян. Мы працягнем гэтую і іншыя кампаніі, інфармаваць СМІ і зацікаўленых грамадзян аб яе развіцці, каб стварыць ціск на ўлады, каб абвешчаныя раней планы перавесці да 2018 года Маскоўскі, Фрунзенскі і Кастрычніцкі раёны на артэзіянскія свідравіны былі выкананы. Што тычыцца сённяшняга рашэння суда, то мы будзем абскарджваць яго ў Менскім гарадскім судзе», - адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

Нагадаем, у жніўні 2013 года менчукі пры падтрымцы ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына» і аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» сабралі больш за 500 подпісаў пад патрабаваннем правесці грамадскія слуханні па прычыне моцнага хларавання пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Менска.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках