2 траўня 2024, Чацвер, 5:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Антыеўрапейскі парламент» Марэка Мігальскага

2
«Антыеўрапейскі парламент» Марэка Мігальскага

Дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы, сябра дэлегацыі па Беларусі Марэк Мігальскі прэзентаваў у Варшаве сваю кнігу «Антыеўрапейскі парламент».

На прэзентацыі кнігі Марэка Мігальскага прысутнічалі польскія палітыкі, у тым ліку былы міністр юстыцыі Польшчы, лідар партыі «Польшча разам» («Polska Razem») Яраслаў Говін, эксперты і журналісты. У якасці гасцей на прэзентацыю сваёй кнігі Марэк Мігальскі таксама запрасіў каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былога палітвязня Змітра Бандарэнку разам з жонкай Вольгай, а таксама галоўнага рэдактара charter97.org Наталлю Радзіну. Падчас знаходжання Змітра Бандарэнкі ў турме Марэк Мігальскі быў яго «апекуном» у Еўрапарламенце і актыўна дамагаўся вызвалення палітвязняў.

Не прымяншаючы важнасць Еўрапейскага парламента як палітычнай структуры, у сваёй кнізе Марэк Мігальскі напісаў пра недахопы бюракратычнай машыны, з якой ён сутыкнуўся на працягу сваёй працы еўрадэпутатам. Кніга прасякнутая гумарам і высмейвае недахопы працы еўрачыноўнікаў. Дарэчы, каб іх выправіць, Марэк Мігальскі мае намер балатавацца ў Еўрапарламент на другі тэрмін.

«Назва кнігі («Антыеўрапейскі парламент»- заўв . сharter97.org) вельмі добра кажа пра тое, што там адбываецца. Грошы ў Еўрапарламенце проста велізарныя, бо кожны з 736 дэпутатаў зарабляе ў тры разы больш польскага прэзыдэнта ці прэм'ера, а адказнасць непараўнальна менш. Гэта дэмаралізуе», - сказаў Марэк Мігальскі падчас прэзентацыі кнігі.

На думку еўрадэпутата, Еўрапарламент з'яўляецца нейкай «субкультурай», а таксама інструментам, які можа выкарыстоўвацца як у добрых, так і ў дрэнных мэтах.

«Палова парламентароў у першыя тры месяцы пасля абрання робіць выгляд, што працуе, толькі б журналісты ад іх адчапіліся. На ўтрыманні парламента знаходзяцца каля 100 «Мэрсэдэсаў» класа L, якія прыязджаюць за намі. І апрануты ў касцюм кіроўца павінен выйсці, адкрыць заднія правыя дзверы і адвезці ў парламент. Усё гэта за грошы падаткаплацельшчыкаў ЕЗ.

У той жа час часам Еўрапарламент робіць смешныя рэчы, напрыклад, ён забараніў з 2020 года ментолавыя цыгарэты. Гэта значыць, там вырашаюць, што для мяне шкодна, а што не. Прызнаюся, я быў ​​уражаны, але Еўрапарламент - інстытут, у якім дэмакратычныя правілы сістэматычна парушаюцца. Напрыклад, у апошнім дакладзе сацыялісткі Луначэк, права на аборт было прызнана ў якасці асноўнага права чалавека.

Еўрапарламент - гэта геніяльнае месца для поўных гультаёў і геніяльнае месца для працаголікаў. Я атрымліваю 100 тысяч злотых у месяц на маіх асістэнтаў і офіс, і гэта не мая зарплата. Вядома, можна зрабіць, як адзін з італьянскіх дэпутатаў мінулага склікання: 20 тысяч еўра на асістэнтаў і 5 тысяч на офіс. За 20 тысяч ён працаўладкаваў аднаго чалавека - сваю жонку. Ён вырашыў, што яна настолькі кампетэнтная, што не трэба шукаць кагосьці іншага. І гэта месца ідэальна для чагосьці такога, але гэта месца таксама ідэальна для працы», - сказаў Марэк Мігальскі.

Польскі еўрадэпутат вядомы тым, што самым актыўным чынам падымае ў Еўрапарламенце тэму парушэнняў правоў чалавека і праблему палітычных зняволеных у Беларусі. За гэта еўрадэпутату сёння забаронены ўезд у Беларусь .

«З дэпутатаў Еўрапарламента таксама фармуюцца дэлегацыі, якія ездзяць у краіны Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі, у Японію, напрыклад, і гэтак далей. І такія дэлегацыі мінімум раз у год ездзяць у пэўную краіну. Выезд грунтуецца на сустрэчы з парламентарамі гэтай дзяржавы, і гэта займае 1/10 частку часу візіту, а пазней члены дэлегацыі знаёмяцца з жыццём мясцовага насельніцтва. Ёсць, напрыклад, такія дэпутаты, якія прыязджаюць, а астатнія ўдзельнікі дэлегацыі бачаць іх толькі ў першы і апошні дзень у аэрапорце. Гэта значыць, яны самі сабе арганізуюць «знаёмства з мясцовымі людзьмі», у прыватнасці, супрацьлеглага полу. Я ведаю двух еўрадэпутатаў, якія, калі я быў з дэлегацыяй у Сурынаме, прыляцелі, каб вырашыць пытанні асабістага бізнесу.

Я працую ў беларускай дэлегацыі. Але на працягу пяці гадоў у Беларусі мы так і не пабывалі, нягледзячы на тое, што Менск вельмі блізка. Так, ён не такі прыгожы, як Рыа-дэ-Жанейра, але справа не ў гэтым, а ў тым, што з-за Лукашэнкі ў Еўропы амаль няма дыпламатычных кантактаў з Беларуссю. Але калі мы пастараліся туды трапіць, беларускія ўлады вырашылі, што два чалавекі з нашай дэлегацыі не могуць уехаць у Беларусь, і я быў ​​у гэтым «чорным спісе», - распавёў Марэк Мігальскі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках