4 траўня 2024, Субота, 8:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзве тысячы чалавек у Харкаве спявалі гімн Украіны з «Ляпісамі» і Скрыпкай

14

Беларускі гурт пачаў развітальны тур па Украіне з сюрпрызу.

Сяргей Міхалок і кампанія і так на ўвагу публікі не скардзяцца, а ў гэты раз яшчэ навіна аб роспуску гурта падсцёбнула прыхільнікаў, і ўсе масава адправіліся развітвацца з «Ляпісам», піша «Комсомольская правда в Украине».

Спачатку гурт думаў, што ажыятаж здарыўся ў Палтаве, дзе ўкраінскі тур стартаваў. Але не - наступным быў Харкаў, які ўсталяваў планку ажыятажу на касмічную вышыню. У 19.00, калі, па ідэі, канцэрт ужо павінен быў пачынацца, на ўваход у клуб «Жара» стаяла двухсотмятровая, не менш, чарга, якую працягвала падсілкоўваць мурашыная сцежка ад метро. Пры гэтым унутры пад сцэнай да гэтай хвіліны народу было ўжо дастаткова, з палову залы, і немагчыма было зразумець, як там змесцяцца ўсе жадаючыя.

Фото: Павел ДАЦКОВСКИЙ

Гурт не спяшаўся, зала тым часам забаўлялася, спявала гімн (тройчы), «Червону руту », скандавала розныя актуальныя лозунгі, лаяла Пуціна. У калонках фонам да чакання ігралі «Madness» і іншы ска-панк. Так прайшла гадзіна. У восем гукарэжысёры абмеркавалі паміж сабой сітуацыю: музыкі вырашылі пачакаць яшчэ - на вуліцы пакутуе, як арганізатары палічылі па квітках, яшчэ 800 чалавек. Унутры да васьмі гадзін парыліся (клуб пачаў апраўдваць сваю назву) ўжо тысячы паўтары гарачых фанатаў стылю «рабкор», вынайдзенага фронтмэнам «Ляпісаў» Сяргеем Міхалком.

Праз 20 хвілін усе, хто мог і паспеў, уцягнуліся ў залу - і развітанне «Ляпісаў» з Харкавам пачалося. О, па драйву гэта з першых хвілін быў узорны рок-канцэрт - калі адны ведаюць, навошта прыйшлі, а іншыя выкладваюцца для іх сумленна. Часам меў месца адчайны слэм і стэйдждайвінг. Тут варта адзначыць - нягледзячы на месцамі лютыя твары, у Ляпіса пазітыўная і ветлівая публіка, якая вызнае прынцып, заяўлены ў праграмнай песні гурта - «Не быць скотам». Таму ставіцца адзін да аднаго беражліва. Дзяўчат прапускалі, адзін аднаму не хамілі, шклянкі з-пад піва выкідваліся дакладна ў скрыні. Усё ж такі добра, калі ў творчасці гурта ёсць выхаваўчы момант і прапаганда сацыяльнай адказнасці!

«Ляпісы» прадставілі песні з новага альбома «Матрошка», потым перайшлі да забойных песень з папярэдніх альбомаў, якія - як бы хто да гэтага не ставіўся - сталі сапраўднымі гімнамі пакалення 2010-х. Адна з песень, якая стала дзякуючы Майдану народнай - «Воины Света» - была сустрэтая залай асабліва цёпла.

«Шмат хто кажа з трыбун - хтосьці праўду, хтосьці хлусіць. Мы ж іграем музыку, спяваем нашы песні і спадзяемся, што наступяць часы лепей, чым сёння. А нашы канцэрты, спадзяемся, вам дапамогуць наблізіць гэтыя часы», - спіч Міхалка патануў у авацыях.

Бывае, гурт рыхтуе прыхільнікам сюрпрызы. Бывае, сюрпрызы нараджаюцца самі. У Харкаве здарыўся другі варыянт. Калі «Ляпіс Трубяцкі» выйшаў на біс, Сяргей Міхалок парадаваў залу: «Тут у Харкаве нечакана сёння апынуўся выдатны чалавек і наш сябар Алег Скрыпка. Сустракайце!»

І Скрыпка, па-сяброўску абняўшыся з Міхалком і павітаўшы публіку, канчаткова зацвердзіў гімн Украіны ў якасці галоўнага хіта вечара. Двухтысячны, як мінімум, хор падпяваў яму.

«Слава Украіне! Слава Беларусі» - развітаўся Алег Юр'евіч.

А вось ці развітаўся «Ляпіс», засталося для ўсіх загадкай. Што цікава, за ўвесь канцэрт Міхалок нічога не сказаў пра роспуск гурта. Можа, яшчэ перадумае?

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках