1 траўня 2024, Серада, 23:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд адхіліў пазовы да КДБ і «Белінвестбанка» аб дыскрымінацыі беларускай мовы

13
Суд адхіліў пазовы да КДБ і «Белінвестбанка» аб дыскрымінацыі беларускай мовы

Суддзя Цэнтральнага раёна Менска Алена Сямак адхіліла пазоў мастака Генадзя Лойкі супраць «Белінвестбанка».

Раней, 10 красавіка, гэтая ж суддзя адмовіла ў задавальненні пазову да КДБ, прызнаўшы тым самым, што чыноўнікі не абавязаныя карыстацца беларускай мовай у зносінах з грамадзянамі.

На сённяшнім пасяджэнні суда яна праігнаравала аргументы заяўніка і прадстаўніка грамадскасці Валянціна Стэфановіча аб дыскрымінацыйным стаўленні «Белінвестбанка» да беларускай мовы, піша сайт ПЦ «Вясна».

Сутнасць пазову Генадзя Лойкі была ў тым, што з 2012 года ён дамагаецца ад кіраўніцтва «Белінвестбанка» магчымасці абслугоўвацца па-беларуску. Банк адмаўляе яму ў гэтым, спасылаючыся на «тэхнічныя прычыны», а кіраўніцтва банка лічыць «немэтазгоднай» замену тэхнічнага забеспячэння з прычыны высокай затратнасці.

Заяўнік паведаміў у судзе, што лічыць дзеянні «Белінвестбанка» дыскрымінацыйнымі. Змест выступленні Лойкі цытуе сайт «Радыё Свабода»:

«У лістападзе 2012 года ён прыйшоў заключаць дамову на карыстанне банкаўскай карткай. Папрасіў дамову па-беларуску, бо пагадненне на рускай не разумее. Банк паабяцаў, што ў першай палове 2013 года будуць беларускамоўныя дамовы, таму Лойка пагадзіўся падпісаць дамову па-руску. Аднак банк сваё абяцанне не выканаў. Лойка сцвярджае, што ні адно слова ў рускамоўнай дамове яму не зразумела, а тлумачэнні банка аб тым, што тэхнічнай магчымасці для вырабу беларускамоўных дамоваў няма, здаюцца яму неабгрунтаванымі пры сучасным развіцці тэхналогій».

Прадстаўнік банка гэтыя прэтэнзіі не прызнае. Спадар Япішкін у спрэчках бакоў не пагадзіўся, што ў дачыненні да Лойкі мела месца дыскрымінацыя:

«Яго абслужылі, ён сышоў з дамовай. Ніхто не абмяжоўвае Лойку ў выкарыстанні беларускай мовы. Ён зараз гаворыць па-беларуску, у банку ён размаўляе па-беларуску, ніхто яго не абмяжоўвае. Няма ніякіх пытанняў. Наяўнасць дакумента на адной мове не гаворыць, што ёсць прыярытэт адной мовы над іншай».

На думку прадстаўніка банка, «заяўнік не зусім правільна разумее нормы заканадаўства, права выкарыстання беларускай мовы прадстаўляюць у роўнай ступені, як і рускай. Гэта не дае права патрабаваць ад іншых суб'ектаў, каб з ім размаўлялі на пэўнай мове. Гэта будзе супярэчыць і Канстытуцыі і закону аб дзяржаўных мовах».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які браў удзел у судовым пасяджэнні як прадстаўнік грамадскасці ад Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, настойваў на законнасці пазову Генадзя Лойкі:

Стэфановіч: Ці законныя патрабаванні Лойкі выдаць бланк дамовы на беларускай мове?

Япішкін: Законныя. Але правы аднаго сканчаюцца там, дзе пачынаюцца правы іншага. Мы маем права прадстаўляць дамовы на рускай мове.

Стэфановіч: Ці значыць гэта, права Лойкі законныя, але не могуць быць рэалізаваныя?

Япішкін: Так.

Праваабаронца выказаў сваё меркаванне ў судовых спрэчках:

«Канстытуцыя ўстанаўлівае, што дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца руская і беларуская. Фармальна яны маюць роўны юрыдычны статус, закон аб мовах у 5 і 6 артыкулах гарантуе грамадзянам краіны свабоднае карыстанне дзяржаўнымі мовамі РБ. Але практыка сведчыць, што рэалізацыя грамадзянамі права свабодна карыстацца адной з дзяржаўных моў абмяжоўваецца.

Білінгвізм азначае, што дзяржава павінна гарантаваць магчымасць выкарыстання абедзвюх моў, перш за ўсё, у дзяржаўных установах. Гэта не права на ігнараванне моў. Наданне перавагі адной мове у параўнанні з іншай - гэта праява дыскрымінацыі. Канстытуцыйны суд таксама звяртаў увагу на гэтую праблему.

Мне цяжка ўявіць, якія цяжкасці ўяўляе выданне дамовы ў банку на беларускай мове. Я лічу, што мы маем прыклад класічнай дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце.

Так, беларускамоўныя грамадзяне складаюць меншасць у краіне. Але па апошнім перапісу каля 20 адсоткаў заявілі, што карыстаюцца беларускай мовай дома ўвесь час.

Лічу, што дзеянні «Белінвестбанка» парушаюць правы грамадзяніна Лойкі і прашу суд прызнаць дзеянні банка незаконнымі і абавязаць банк заключыць дамову з грамадзянінам Лойкай на беларускай мове».

Нягледзячы на довады заяўніка Генадзя Лойкі і прадстаўніка грамадскасці Валянціна Стэфановіча з нагоды таго, што дадзены выпадак з'яўляецца класічнай дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце, суддзя Алена Сямак прыняла рашэнне адхіліць пазоў да «Белінвестбанка».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках