2 траўня 2024, Чацвер, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Малдове асцерагаюцца паўтарэння крымскага сцэнару ў Прыднястроўі

1
У Малдове асцерагаюцца паўтарэння крымскага сцэнару ў Прыднястроўі

Пасля анэксіі Крыму Расеяй Прыднястроўе шукае нагоду для выхаду з перамоўнага працэсу.

Экспэрты крытычна ацэньваюць дзеянні не толькі Масквы.

Парламент Малдовы пайшоў насустрач пажаданням Прыднястроўя і вызваліў прыднястроўскіх вытворцаў ад выплаты ў малдаўскі бюджэт акцызаў пры імпарце тавараў для тэхналагічных патрэб. Адпаведная пастанова была прынятая ў пятніцу, 11 красавіка. Улады самаабвешчанай Прыднястроўскай рэспублікі ўжо даўно намагалі гэтага, паведамляе "Нямецкая хваля".

Пад падставай невыканання свайго патрабавання Тыраспаль нават адмовіўся ад удзелу ў чарговым раўндзе перамоваў аб прыднястроўскім урэгуляванні ў Вене. Сустрэча была запланаваная на 10-11 красавіка, але ў выніку была сарваная. Многія палітыкі і экспэрты ў Малдове мяркуюць, што Тыраспаль пасля крымскага крызісу цягне час у надзеі на падтрымку сваіх дзеянняў з боку Масквы.

У Тыраспаля і Масквы вінаватыя іншыя

Раней, 7 красавіка, у сваім штогадовым звароце да жыхароў Прыднястроўя ягоны кіраўнік Яўген Шаўчук заявіў, што настаў час для прызнання незалежнасці рэгіёну: "Нашая мара - квітнеючае, незалежнае Прыднястроўе разам з Расеяй". Шаўчук абвінаваціў Кішынёў і Кіеў у эканамічнай блакадзе рэгіёну. З 1 сакавіка ва Украіну не прапускаюць тавары прыднястроўскіх вытворцаў, украінскія памежнікі перашкаджаюць і свабоднаму праезду на тэрыторыю краіны жыхароў Прыднястроўя, грамадзян РФ, паведаміў ён.

Пра "блакаду Прыднястроўя", як гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Крамля ад 29 сакавіка, у тэлефоннай размове са сваім амерыканскім калегам Баракам Абамам згадаў і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

А 30 сакавіка пасля сустрэчы ў Парыжы з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў адзначыў, што на перамовах Масква выказала "заклапочанасць тымі крокамі, якія цяпер робяцца, у прыватнасці, цяперашнім украінскім кіраўніцтвам у тым, што тычыцца свабоды перамяшчэння, у тым, што тычыцца рэалізацыі Прыднястроўем сваіх правоў, замацаваных у дасягнутых раней дамоўленасцях на вядзенне замежнаэканамічнай дзейнасці, на транзіт".

Асуджаны фармат перамоваў?

Украіна і Расея з'яўляюцца краінамі-гарантамі ў прыднястроўскім урэгуляванні. У перамоўным працэсе Малдова і Прыднястроўе задзейнічаны як стораны канфлікту, Расея, Украіна і АБСЕ - гаранты ўрэгулявання, а ЕЗ і ЗША - назіральнікі. Аднак фармат перамоваў "5+2" праграмны дырэктар кішынёўскага Інстытута грамадскай палітыкі Оазу Нантой уважае за "нежыццяздольны".

На думку Нантоя, відавочна тое, што Расея пераследуе ў рэгіёне свае інтарэсы і пасля крымскага крызісу і рэзкага пагаршэння стасункаў паміж Кіевам і Масквой не варта чакаць якога-небудзь прагрэсу ў перагаворным працэсе.

"Мёртванароджанай" назваў палітолаг у інтэрв'ю DW і мезэбэржскую ініцыятыву: "Паколькі яна зыходзіла з памылковай перадумовы, што Расея сапраўды хоча развязаць праблему Прыднястроўя".

Забытая мезэбэржская ініцыятыва

У чэрвені 2010 года ў Мезэбэргу пад Берлінам канцлер ФРГ Ангела Меркель (Angela Merkel) і тагачасны прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў выказаліся за стварэнне камітэта ЕЗ-Расея ў пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі на ўзроўні міністраў замежных спраў, які мог бы заняцца і развязаннем прыднястроўскага канфлікту.

Оазу Нантай не сумняваецца, што пасля анэксіі Крыма Расеяй Прыднястроўе шукае нагоду для выхаду з перамоўнага працэсу. "Мы не ведаем, што можа распачаць Пуцін у дачыненні да Малдовы, але ўсведамляем, што краіна надзвычай ўразлівая менавіта праз тое, што тут знаходзяцца расейскія войскі і на ўсю моц дзейнічаюць расейскія спецслужбы, а афіцыйны Тыраспаль сочыць за указаннямі Крамля", - перасцярог малдаўскі палітолаг.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках