29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Салідарныя з Беларуссю: канцэрт «Ляпісаў» у Варшаве (Відэа)

30

Блізу 5 тысяч чалавек прыйшлі на канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» ў сталіцы Польшчы.

Ён пачаўся а 19:00 паводле мясцовага часу (20:00 паводле Менску) у Кракаўскім прадмесці ў самым сэрцы Варшавы. У гэтым годзе на мерапрыемстве заяўленыя выступленні культавага польскага гурта Maleo Reggae Rockers, украінцаў Kozak System і двух беларускіх гуртоў – Amaroka і «Ляпіса Трубяцкога». Акрамя музыкаў на сцэну выйдуць беларускія і польскія паэты.

«Ляпіс Трубяцкі»

Фото: Dźmitry Hurnievič

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, ужо да пачатку мерапрыемства на месцы яго правядзення сабраліся сотні беларусаў з нацыянальнымі сцягамі. Група людзей скандавала лозунгі «Жыве Беларусь», «Слава Украіне», «Пуцін – х... ло».

«Ляпіс Трубяцкі»

На канцэрт прыехала вялікая колькасць гасцей з нашай краіны, прадстаўнікі дыяспары, былыя палітвязні – Андрэй Саннікаў, Наталля Радзіна, Зміцер Бандарэнка, Уладзімір Кобец. У Варшаву прыехала і Любоў Кавалёва – маці пакаранага паводле абвінавачвання ў тэракце ў менскім метро, які адбыўся роўна тры гады таму Уладзіслава Кавалёва. Таксама прысутнічае шмат украінцаў і палякаў.

Amaroka

Пасля заканчэння выступу гурта Amaroka на сцэну выйшаў дэпутат Еўрапейскага парламента ад Польшчы Павел Залеўскі. «Польшча заўсёды будзе дапамагаць беларусам у барацьбе за свабоду, – падкрэсліў ён у сваім выступе. – Беларусы лепш за ўсіх ведаюць што такое свабода, таму што плацяць за яе сваёй крывёю». «Mińsk Kijów Warszawa – wspólna sprawa (Менск, Кіеў, Варшава – агульная справа)», – сказаў еўрадэпутат у канцы свайго выступу.

Пасля гэтага на сцэну выйшла вядомая польская група Maleo Reggae Rockers. Першая песня, якую яны выканалі, называлася «Крывадушнікі». Са словаў вакаліста гурта, яна была прысвечана Лукашэнку і Пуціну.

Maleo Reggae Rockers

Maleo Reggae Rockers

Лідар польскай групы распавёў, што выступаў на Майдане і верыць, што ў Беларусі, як і ва Украіне, будзе свая рэвалюцыя.

«Ляпіс Трубяцкі»

«Ляпіс Трубяцкі»

Сяргей Міхалок і ўвесь гурт «Ляпіс Трубяцкі» перад выступам на канцэрце сустрэлася з лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым і галоўным рэдактарам сайта charter97.org/ Наталляй Радзінай.

«Ляпис Трубецкой»

У гэты час на сцэне была вядомая ўкраінская група Kozak System. Адна з песень каманды была прысвечана Майдану. Гледачы пасля выступу скандавалі «Слава Украіне» і «Героі не паміраюць».

Перад выхадам на сцэну «Ляпіса Трубяцкога» перад прысутнымі выступіла Агнешка Рымашэўская-Гузы – дырэктар тэлеканала «Белсата», які выступіў арганізатарам канцэрту, а таксама журналіст і былы палітвязень Андрэй Пачобут. «Cёння, калі ва Украіне бяда, а ў Беларусі ўжо 20 гадоў дыктатура, самае галоўнае – каб Беларусь, Украіна і Польшча былі разам і тады нам не страшны ніякі Пуцін, і ніякія «зялёныя чалавечкі», – сказаў ён.

Калі на сцэну ўжо павінны былі выйсці Сяргей Міхалок і яго каманда, нечакана згасла святло. «Пуцін газ і святло адключыў», – пажартаваў вядучы і прапанаваў усім разам запаліць агні і паклікаць «Ляпісаў» скандаваннем «Жыве Беларусь». Гледачы з радасцю адказалі на гэтую прапанову і запалілі экраны сваіх тэлефонаў. Праз некалькі хвілін музыкі выйшлі на сцэну.

«Ляпіс Трубяцкі»

Гурт распачаў свой выступ традыцыйна з песні «Да нас прыехаў Трубяцкі». Затым былі «Матрошка» і «Танцуй», аднак найбольшым энтузіязмам людзі сустрэлі «Воінаў дабра» – кампазіцыю, якая стала вядомай дзякуючы украінскім ультрас і экіпажу заблакаваных у Крыме «Чэркас».

Пасля песні «Афрыка» Сяргей Міхалок стаў скандаваць са сцэны «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне». Тысячы людзей падтрымалі яго. Пасля гэтага музыкі выканалі песню «Цмок i арол».

Сяргей Міхалок выканаў яшчэ некалькі песень, самыя вядомыя з якіх – «Грай» і «Беларусь Freedom» – спявалі ўсе гледачы. Пасля заканчэння выступу «Ляпісаў» вядучы дадаў яшчэ адзін лозунгаў да тых, якія крычалі гледачы. «Крым – гэта Украіна», – скандавалі тысячы чалавек у цэнтры Варшавы.

Пасля гэтага на сцэну зноў выйшаў Сяргей Міхалок, і гурт выканаў «Не быць скотам».

«Ляпіс Трубяцкі»

Канцэрт завяршыўся скандаваннем «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне», а сотні гледачоў дадалі да гэтага яшчэ і знакамітую крычалку днепрапятроўскіх ультрас «Пуцін – х... ло», якая яшчэ доўга гучала на Кракаўскім прадмесці.

Канцэрт-акцыя «Салідарныя з Беларуссю» праводзіцца штогод з 2006 года (за выключэннем 2010 года). У яго рамках выступаюць вядомыя гурты з Беларусі і Польшчы, а таксама вядомыя дзеячы культуры. Арганізатары ініцыятывы кажуць, што такім чынам хочуць пазнаёміць палякаў з актуальнай беларускай культурай, расказаць аб праблемах, з якімі сутыкаюцца беларусы ў сваёй краіне і выказаць ім сваю падтрымку.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках