29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скаваныя адным алтынам

20
Скаваныя адным алтынам

Збылася даўняя мара. Мытны звяз атрымае алтын.

Калі хтосьці думае, што гэта ўсяго толькі нейкія грошы, глыбока памыляецца. Так, старадаўняя прымаўка ўсходніх суседзяў узгадвае прывідны сымбаль шалёнага шчасця. “Не было ни гроша, да вдруг алтын”. Але той міраж сплыў у бязмежныя стэпы разам з татарамі. Засталася толькі неадольная туга і чаканне раптоўнай халявы: “И вдруг – алтын!”

Пра гэткі паварот падзей трызніў у цяжкія часы яшчэ прэм’ер Кебіч: вось увойдзем у рублёвую зону і ўжо тады!.. Хадзілі нават чуткі, што Масква скіравала сюды цягнікі, поўныя расійскіх рублёў. Проста так. Ад шчырага сэрца. Бярыце поўнаю жменяй і купляйце беларускае. Аднак і гэты прывід неўзабаве знік. Зусім не выпадкова. У тыя ўжо далёкія гады ў Беларусі яшчэ было грамадства. І шмат каго тады насцярожыла тое мілагучнае словазлучэнне “рублёвая зона”. Вельмі ўжо выразна бачыўся ў ім такі знаёмы яшчэ са сталінскіх часоў цень калючага дроту.

І тым не меней дачакаліся. Голы імперскі кручок вяртаецца. Масква зноў рыхтуе для сваіх даверлівых суседзяў шкляныя пацеркі. Алтын – агульная валюта лузераў.

Планавалі яе дзесьці на 2025 год, але вырашылі крэатыўную задуму здзейсніць цягам бліжэйшых трох-пяці гадоў. Матывацыя такога паскарэння проста фантастычная. Захад, бачыце, супраць Расіі пашырае санкцыі. А таму наважылася яна ворагам сваім даць адпаведны адказ. Ужо ў наступным месяцы падпісаць са сваімі сатэлітамі дамову аб стварэнні з наступнага года прынцыпова новай супольнасці дзяржаў. Інакш кажучы, з таго, што пад рукой, змайстраваць усходні аналаг Еўразвязу. Пачварны і пагрозлівы.

З Назарбаевым праблем няма. Падзецца яму некуды. Выбар невялікі – або Кітай, або Расія. Інтэграцыя добраахвотная, а суцяшальны прыз – алтын. Але вось што ў гэтым цюркскім слове прывабіла драздоўца, зразумець немагчыма. Аднак і ён, бразгаючы кароткім ланцужком, бадзёра скіраваўся ў маскоўскую пастку.

Гэта толькі на мапе ўсё выглядае не так кепска: краіна мяжуе з Еўразвязам. А насамрэч поўны гамон. Ад той незалежнасці, якую калісьці так неабачліва даверыў яму зберагаць беларускі народ, застаўся шэры цень. Хіба толькі рэцэпт ягоных дранікаў у Драздах пакуль яшчэ не кантралюе пуцінскае чынавенства. Ва ўсім астатнім – поўнае халуйства. Ледзь паспявае заяўляць, што гэта па ягоным запрашэнні расійскія вайскоўцы без аніякіх праблем фіглююць тут дзе толькі пажадаюць. Расія настойліва ўцягвае Беларусь у свае вайсковыя авантуры. Надзвычай прафесійна і паспяхова адразае ёй магчымы шлях на Захад.

Тутэйшае Міністэрства замежных спраў яшчэ распавядае казкі пра бязвізавы рэжым для беларусаў, перамовы пра які яно вядзе няспынна з Еўразвязам. Што за дзіцячая наіўнасць у гэтых аптымістаў! Без візаў можна ехаць сёння ў Манголію – гэта апошняя заваёва занадта амбітнага міністэрства. А ў Еўропу – за якія поспехі?

Расія спецаперацыяй па захопу Крыма выразна прадэманстравала ўсяму свету сваё вераломства і бязмежную агрэсіўнасць. Перамовы з ёю аб скасаванні візаў былі Еўразвязам адразу знятыя з парадку дня. У ліку першых санкцый. Для Еўропы не сакрэт, што сённяшняя Беларусь – адданы сатэліт пуцінскай Расіі. Правіцель адным з першых прызнаў правамернасць крымскай авантуры.

Дык з якой радасці Еўразвязу ісці нам насустрач, гасцінна адкрываючы для саюзнікаў новаспечанага агрэсара свае межы? На падтрымку і прыязнасць могуць разлічваць тыя, хто не баіцца сваіх тыранаў і на здзек і прыніжэнне адказвае жорсткім супрацівам. А тыя, каму і так усё добра, могуць дачакацца ад цывілізаванага свету хіба толькі пагарды.

У самы цяжкі час украінцы абралі свабоду. А беларусы свой выбар даверылі чалавеку з Драздоў. А ён выбірае алтын.

Гэта не столькі грошы, колькі адметны, зусім іншы лад жыцця. Нават іншая цывілізацыя. Гэта дзікае поле з усімі ягонымі звычаямі і законамі. А найперш – гэта аркан на шыі пакорлівых і палахлівых мясцовых князькоў.

Травеньскую дамову аб стварэнні чарговага агароднага пудзіла яны, зразумела, падпішуць. Вось толькі дэкляраванага аналага Еўразвязу ў іх не атрымаецца. Таму што алтын – гэта арда.

Аднак менавіта ў ёй шмат хто з палітычных лузераў бачыць вялікія перавагі. Калі прыехаць туды, старанна прынізіцца, выказаць бязмежную пакорлівасць і паслухмянасць, можна атрымаць чарговы ярлык на панаванне. Нават і пасля дваццаці бяздарных гадоў пры ўладзе.

А ўвогуле, алтын у расійскім вымярэнні – гэта тры капейкі. Менавіта тая цана, па якой чалавек з Драздоў прадае сёння нашу незалежнасць.

Уладзімір Халіп, спецыяльная для charter97.org

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках