5 траўня 2024, Нядзеля, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як танна злятаць у Еўропу і не пралічыцца

16
Як танна злятаць у Еўропу і не пралічыцца

Квіток да Барселоны за тыя ж грошы, што і месячны праязны на метро. Ці рэальна гэта?

Прадпрымальныя беларусы ўжо даўно навучыліся знаходзіць танныя авіябілеты і за бясцэнак лётаць на ўікэнд у Еўропу. Квіток, скажам, за 20 еўра да Парыжа - добры варыянт для тых, хто гатовы адмовіцца ад большасці традыцыйных паслуг авіяперавозчыка. Не, гэта зусім не значыць, што ляцець вам прыйдзецца стоячы ў аварыйным самалёце. Але ў бюджэтных рэйсаў ёсць мноства нюансаў, якія трэба ведаць, каб не пераплачваць утрая даражэй, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

Без ежы і месца ў салоне

Заўсёды рабіце онлайн-рэгістрацыю: інакш за кожны пасадачны талон, надрукаваны ў аэрапорце, вам давядзецца заплаціць ад 10 да 20 еўра. Практычна ўсе лаўкосты дазваляюць узяць з сабой толькі ручную паклажу вагой не больш за 10 кілаграмаў і памерам не больш за 55x40x20 см - у Ryanair, 42x32x25см - у Wizz Air. За ўсё, што больш, прыйдзецца плаціць - рэгістрацыя багажу часам каштуе больш, чым сам білет - 15 - 45 еўра. Амаль усе лаўкосты лятаюць у другарадныя аэрапорты, якія часта знаходзяцца далёка ад пункта прызначэння. Таму заўсёды трэба ўлічваць і кошт трансферу. Да прыкладу, той жа Wizz Air у раскладзе паказвае Барселону, але самалёт прылятае ў аэрапорт Жыроны, што ў сотні кіламетраў ад горада. Дабрацца да Барселоны каштуе 20 еўра. На рэйсах лаўкосту няма замацаваных месцаў - працуе прынцып «хто паспеў, той і сеў». Так што, калі вы хочаце сядзець побач з вашым сябрам ці прынцыпова ля ілюмінатара, за гэта прыйдзецца даплаціць амаль 10 еўра. І памятайце: на рэйсах лаўкосту за ежу і напоі трэба плаціць асобна. Бясплатная на такіх рэйсах хіба што прыбіральня, ды і то Ryanair плануе ўвесці плату за наведванне прыбіральні на борце. Праўда, плануе ўжо з 2009 года, ды ўсё ніяк не ўвядзе. «Сам працэс куплі білета мае таксама масу нюансаў, у якіх трэба разбірацца, - распавядае падарожнік Алег Яфрэмаў, які лётае лаўкостам 5 - 6 раз у год. - Асабліва ў Ryanair, калі пры замове білета на сайце трэба правільна адмовіцца ад усіх прапаноў, каб у выніку не прыплюсавалі кошт якой-небудзь страхоўкі».

Купляць білет лепш загадзя

Яшчэ адна цяжкасць - гэта знайсці танны квіток у патрэбным кірунку. Звычайна кошты на квіткі нават у бюджэтных авіякампаніях вар'іруюцца ад 50 да 250 еўра. Знайсці квіткі за 9,99 або за 19,99 еўра можна на спецыяльных акцыях, якія часта ўладкоўваюць авіякампаніі. Кошты на такія квіткі мяняюцца ледзь не кожны дзень, таму, убачыўшы білет па нізкай цане, лепш адразу ж яго купіць. Самыя нізкія кошты бываюць за 5 - 6 тыдняў да планаванага падарожжа. «Калі я дакладна ведаю, калі і куды лячу, то магу купіць нават за 3 месяцы і быць спакойным. Той, хто хоча зэканоміць, можа пачакаць і спадзявацца, што кошт панізіцца дзесьці за месяц да вылету. Але гэта адбываецца, калі месцы дрэнна прадаюцца. На папулярныя напрамкі і ў гарачы сезон зніжэння кошту, хутчэй за ўсё, не будзе, а ў апошнія тыдні перад вылетам будзе рэзкі рост цэнніка. Тыя, каму ўсё роўна, куды і калі ляцець, могуць пастаянна маніторыць прапановы. Часам палёт лаўкостам Вільня-Барселона са стыкоўкай, напрыклад, у Нарвегіі можа каштаваць у некалькі разоў менш прамога пералёту», - дзеліцца асабістым досведам Алег.

Каб штодня не гойсаць па сайтах авіякампаній, можна спампаваць праграму Azuon, якая пакажа, куды і за колькі можна даляцець пры зададзеным вамі бюджэце. Калі кошт квітка вас цалкам задавальняе, трэба адразу ж адкрываць сайт Ryanair або Wizz Air і купляць запаветны білет, каб потым не шкадаваць аб страчанай магчымасці.

Беларусь не гатовая да лаўкосту

«Акном у Еўропу» для беларусаў, якія лятаюць рэйсамі лаўкостаў, стала Вільня. Канкурэнцыю блізкай і роднай Вільні неўзабаве можа скласці Кіеў: тут актыўна развіваецца рынак бюджэтных авіяперавозак. Напрыклад, Wizz Air адкрыў ва Украіне афіцыйнае прадстаўніцтва. Акрамя іншага, з Кіева самалёты лётаюць у некалькіх кірунках, прывабных для ўсходнеславянскіх турыстаў, якія не абслугоўвае Вільня: Анталья, Сафія і Ларнака (Кіпр). Да нядаўніх часоў існаваў рэйс у Дубай, але яго закрылі 16 сакавіка праз адсутнасць попыту. Праўда, акцыі і скідкі на квіткі з Кіева праходзяць куды радзей, чым з Вільні або Варшавы. Звычайны жа білет, скажам, у Ларнаку ўкраінскімі лаўкостамі каштуе 317 еўра ў абодва бакі (рэйс з Менска ў два бакі каштуе 380 еўра). Акрамя гэтага, з Украіны лётаюць самалёты такіх бюджэтных авіякампаній, як PEGASUS Airlines, Air Arabia і flydubai. Але бюджэтнымі іх назваць можна з вялікай нацяжкай: квіток да Стамбула ад flydubai каштуе 430 еўра, а самы танны квіток да Барселоны ад PEGASUS - 125 еўра.

У Беларусі пакуль прадстаўлены толькі адзін лаўкост-перавозчык - airBaltic. Ды і да бюджэтных гэтую кампанію можна аднесці толькі фармальна: самы танны квіток да Рыгі ў адзін бок каштуе 88 еўра, квіток да Таліна - 113 еўра. Мінулым летам спробу выйсці на беларускі рынак распачала гішпанская лаўкост-авіякампанія Vueling: запусціла маршрут «Менск-Барселона» перыядычнасцю раз у тыдзень. Кошт квітка ў адзін бок складае 410 еўра. Але свой адзіны рэйс Vueling закрыла ўжо ў верасні, як толькі скончыўся адпускны сезон. Чаму паўнавартасныя лаўкосты не лятаюць з Менска? Прычыны дзве. Па-першае, недастатковы пасажыраабарот. Па-другое, манаполія «Белавіі» на рынку авіяперавозак. «Беларусь кажа адкрыта: мы не зацікаўленыя ў новых перавозчыках, мы не дамо прызначэння», - сказаў у інтэрв'ю forbes.ua гендырэктар «WizzAir Украіна» Акош Буш.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках