5 траўня 2024, Нядзеля, 5:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Арамнаў здабыў «бронзу» на чэмпіянаце Еўропы

7
Андрэй Арамнаў здабыў «бронзу» на чэмпіянаце Еўропы

Алімпійскі чэмпіён Пекіна-2008 Андрэй Арамнаў паспяхова вярнуўся на міжнародную арэну пасля чатырохгадовага перапынку.

На спаборніцтвах чэмпіянату Еўропы, які падыходзіць да завяршэння ў ізраільскім Тэль-Авіве, беларускі штангіст выступіў у вагавой катэгорыі да 105 кг. У першым тыпе - рыўку, Арамнаў паказаў лепшы вынік - 184 кг (малы залаты медаль), а ў другім практыкаванні - штуршку, узяў 212 кг і з сумай 396 кг заняў 3-е месца ў выніковым пратаколе, стаўшы ўладальнікам бронзы ў суме двухборства 93-га па ліку кантынентальнага першынства ў цяжкай атлетыцы. Чэмпіёнам Еўропы ў гэтай вагавой катэгорыі стаў расеец Андрэй Дземанаў - 405 кг (183 кг - рывок + 222 кг - штуршок), а срэбра ў яшчэ аднаго расейскага атлета Цімура Наніева - 404 кг (182 кг - рывок + 222 кг - штуршок), піша БелТА.

Да сённяшняга выхаду на памост Андрэй Арамнаў, якому 17 красавіка споўніцца 26 гадоў, браў удзел у чэмпіянаце Еўропы-2010 у Менску. Тады жыхар Барысава стаў пераможцам у вагавой катэгорыі да 105 кг, але потым быў дыскваліфікаваны за ўжыванне допінгу. З тых часоў Арамнаў не браў удзелу ў буйных міжнародных спаборніцтвах праз траўму, хоць і заяўляўся на шэраг турніраў.

На цяперашнім чэмпіянаце Еўропы ў актыве зборнай Беларусі яшчэ дзве ўзнагароды: Дзіна Сазанавец (вагавая катэгорыя да 69 кг) стала ўладальніцай золата, набраўшы ў суме двухборства 245 кг (рывок - 115 кг + штуршок - 130 кг), а Станіслаў Чадовіч (вагавая катэгорыя да 62 кг) стаў срэбным прызёрам кантынентальнага форуму з вынікам 293 кг (135 кг + 158 кг).

Чэмпіянат Еўропы-2014 не з'яўляецца адборачным на летнія Алімпійскія гульні 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра. Розыгрыш алімпійскіх ліцэнзій пачнецца на чэмпіянаце свету цяперашняга года, які пройдзе ў лістападзе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках