27 красавiка 2024, Субота, 3:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Турчынаў мне паказаў усю дыслакацыю сваіх войскаў

63
Лукашэнка: Турчынаў мне паказаў усю дыслакацыю сваіх войскаў

Дыктатар даў інтэрв'ю расейскаму каналу НТВ.

У інтэрв'ю для праграмы «Сёння. Выніковая праграма» тэлекампаніі НТВ Лукашэнка расказаў падрабязнасці аб сваіх перамовах з выконваючым абавязкі Прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым.

Дыктатар ахарактарызаваў Аляксандра Турчынава як вельмі рэлігійнага чалавека і інтэлектуала. «Мы можам не пагаджацца з ім у плане яго рэлігійнасці (ён баптыст) і гэтак далей, але ён вельмі верыць у тое, што робіць. І ён не хлусіць. Калі ён кажа, значыць, кажа толькі праўду. Ён можа быць і не мае рацыі, але ён так лічыць», - адзначыў ён.

Са слоў Лукашэнкі, Турчынаў сам прапанаваў адкрыта расказаць пра тое, што адбылося ва Украіне «па хвілінах і па гадзінах», адказаць на ўсе пытанні. «І ён мне выклаў, як гэта было на самай справе. Я не скажу, што ён мяне пераканаў у многіх рэчах, але некаторыя моманты былі цікавыя», - сказаў правадыр.

Затым абмяркоўваліся сітуацыя, якая склалася на той момант, і перспектывы далейшага развіцця падзей ва Украіне. «Гэта было 29 сакавіка. Пачаў задаваць пытанні, канкрэтна: «Правы сектар» - хто такія, колькі іх? Чаму гэта адбываецца?» - распавёў Лукашэнка.

«Вы ведаеце, ён успрымае правільна сітуацыю, якая там складаецца. Ён проста сказаў:«Гэта недапушчальна ў краіне, падобныя падзеі. Вядома, мы будзем старацца ў нармальнае рэчышча ўсё гэта прывесці». І я яму паверыў. І бачу, што ў гэтым ключы яны абсалютна дзейнічаюць. З розным поспехам і не ўсюды атрымліваецца, але яны спрабуюць гэта зрабіць», - адзначыў дыктатар.

«І вы ведаеце, калі ўжо казаць пра гэта канкрэтна, не іх віна ў гэтым. А віна ранейшага кіраўніцтва краіны, што ў іх практычна няма чым рэагаваць на падобныя сітуацыі. Нават калі і ёсць, то тыя людзі, якія бачылі той развал, той вэрхал у краіне, тую дзікую карупцыю і знішчэнне эканомікі, яны дэзарыентаваныя цалкам», - мяркуе беларускі дыктатар.

Падчас сустрэчы таксама абмяркоўвалася як тэматыка дачыненняў Украіны з Расеяй, так і пытанні двухбаковага беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння. «Хоць я паводле многіх параметраў разглядаю нашы стасункі, беларуска-ўкраінскія, у кантэксце нашых адносін з Расеяй. Гэта ён таксама выдатна разумее», - адзначыў Лукашэнка.

З ягоных слоў, ён запэўніў Аляксандра Турчынава ў адсутнасці якой-небудзь ваеннай пагрозы і, у прыватнасці, абверг чуткі аб канцэнтрацыі войскаў на беларуска-ўкраінскай мяжы: «Я кажу: добра, я зараз Вас вязу і вашых вайскоўцаў у любую кропку нашай мяжы, і Вы пакажаце гэтую канцэнтрацыю войскаў. Аляксандр Турчынаў спытаў: «Так, а што, гэтага няма?». Я кажу: не. І я Вам клянуся, што гэтага не будзе. я яму пра гэта сказаў. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Больш за тое, ніякі Пуцін на вас не збіраецца нападаць».

«У гэтым ключы ішлі размовы, калі не браць нейкую канкрэтыку. Гэта значыць была вялікая заклапочанасць. І потым ён абсалютна прафесійна распавёў, як яны будуць дзейнічаць, калі раптам што, як яны будуць абараняцца. Ён мне распавёў і паказаў усю дыслакацыю сваіх войскаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер гэта не навіна, яны ўжо ў адкрытую пра гэта кажуць. Яны ўжо адкрыта гэта робяць, асабліва на ўсходніх сваіх межах - на мяжы з Расейскай Федэрацыяй».

«Тады гэта былі толькі планы, ён мне пра іх сказаў. І вы ведаеце, я яго пасля гэтага стаў паважаць яшчэ больш, бо я бачу, што ён адзін да аднаго робіць тое, што ён мне сказаў», - адзначыў Лукашэнка.

Затым дыктатар адзначыў, што на Захадзе больш займаюцца размовамі, чым рэальнай дапамогай Украіне ў стабілізацыі эканомікі.

«Яны «кінулі» Украіну. Якая там дапамога? Гэта пакуль што размовы. Краіна, якая галоўную скрыпку там згуляла, галоўную ролю, ЗША, якая друкуе гэтыя даляры, спачатку пайкі сухія дала для арміі, а цяпер паабяцалі адзін мільярд даляраў. МВФ - вы ведаеце, пад якія ўмовы паабяцаў», - сказаў Лукашэнка.

«Я так разумею, што ўрад Яцэнюка думае, што рэвалюцыя ўсё спіша. Вось паднялі на 70% ці 50%, паводле розных ацэнак, для насельніцтва кошты на газ, а ў насельніцтва наогул грошай няма пры гэтых коштах жыць, тут яшчэ Расея падкінула новыя кошты на энерганосьбіты. І яны думаюць: ну гэта ж рэвалюцыя, мы ж не вінаватыя, гэта ж яны вінаватыя, - адзначыў дыктатар. - Так, яны вінаватыя, але народ усё будзе з табой звязваць. І рэвалюцыя нічога не спіша. Гэта не тая рэвалюцыя з грамадзянскай вайной, якая была, там шмат што можна было спісаць».

«Яны няправільна робяць, што гуляюць пад дудку МВФ і Захаду і пачалі ўсе свае пазіцыі здаваць. У нас ёсць рэспублікі, якія такім чынам дзейнічалі, а цяпер не ведаюць, што рабіць», - мяркуе беларускі правадыр.

«Таму на сённяшні дзень Захад дэстабілізаваў абстаноўку, пагоршыў яе яшчэ, амерыканцы «кінулі» Украіну. І добра, калі яшчэ Расея, ведаеце, адыдзе, сэрца адыдзе ў нашага чалавека там, на ўсходніх межах, і чымсьці дапаможа. Бо цікавасць Украіны тут несувымерная з іх цікавасцю на Захадзе», - дадаў дыктатар.

Лукашэнка ў інтэрв'ю таксама выказаў сваё меркаванне адносна ўвядзення санкцый у дачыненні да расейскай стараны. «Вось яны ўвялі, я гляджу, супраць кіраўнікоў нейкіх кампаній, нібыта сяброў Пуціна. Ну, дык заўтра будуць іншыя кіраўнікі кампаній і будуць ездзіць свабодна на Захад. Што за праблема? Я наогул на гэтую тэму б не напружваўся пакуль, - адзначыў дыктатар. - Усякае можа быць, але гэта, правільна ў вас кажуць, сабе на шкоду. Супраць Расеі ўвесці санкцыі - гэта сабе на шкоду».

«Так, амерыканцы будуць ціснуць Еўропу, каб яны больш і больш залазілі ў гэтыя санкцыі, але і Меркель, і іншыя, яны ж не дурні, яны разумеюць, наколькі яны залежныя сёння ад Расеі. У іх велізарны рэальны сектар эканомікі высокатэхналагічны, а для яго патрэбныя рэсурсы, а рэсурсы гэтыя на ўсходзе», - заўважыў дыктатар.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках