18 красавiка 2024, Чацвер, 16:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Армія Украіны пачынае маштабную антытэрарыстычную аперацыю

81
Армія Украіны пачынае маштабную антытэрарыстычную аперацыю

Да правядзення аперацыі на ўсходзе Украіны прыцягнуць вайскоўцаў.

Пра гэта заявіў у сваім звароце спікер Вярхоўнай Рады, в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў. Ён адзначыў, што Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняла пастанову прыцягнуць да правядзення антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе краіны вайскоўцаў Узброеных сіл.

«РНБА прыняла пастанову пачаць шырокамаштабную антытэрарыстычную аперацыю з прыцягненнем Узброеных сіл Украіны, - заявіў Турчынаў. - Мы не дамо Расеі паўтарыць крымскі сцэнар ва ўсходнім рэгіёне Украіны».

Таксама ён адзначыў, што ўлады Украіны рабілі ўсё, каб пазбегнуць чалавечых ахвяр.

«Але мы гатовыя даць адпор тым спробам уварвання, дэстабілізацыі і тэрарыстычным дзеянням са зброяй у руках», - падкрэсліў ён.

Турчынаў заявіў, што напярэдадні каардынаваныя Расейскай Федэрацыяй тэрарыстычныя атрады захапілі ўпраўленне ўнутраных спраў і іншыя адміністрацыйныя будынкі ў некалькіх гарадах Данецкай вобласці.

«Асабліва небяспечна гэта адбывалася ў горадзе Славянску, дзе працавалі апранутыя ў расейскі камуфляж і ўзброеныя расейскімі аўтаматамі прафесійна падрыхтаваныя злачынцы», - падкрэсліў ён.

Турчынаў паведаміў, што раніцай 13 красавіка, у Славянску калону прадстаўнікоў сілавых структур, якія атрымалі заданне абараніць грамадзян, абстралялі з аўтаматычнай зброі.

«Злачынцы адкрылі шквальны агонь, прыкрываючыся жывым шчытом з мясцовых жыхароў, падманутых расейскай прапагандай», - сказаў ён.

Падчас гэтай аперацыі загінуў капітан спецпадраздзялення СБУ «Альфа» Генадзь Білічэнка, былі цяжка параненыя камандзір «Альфы» палкоўнік Кузняцоў і палкоўнік СБУ Кукса. Таксама раненні атрымаў супрацоўнік МУС Селіх.

«Кроў пралілася на вайне, якую супраць Украіны вядзе Расейская Федэрацыя. Агрэсар не спыніўся і працягвае арганізоўваць беспарадкі на ўсходзе краіны», - заявіў Турчынаў.

«Гэта не вайна паміж украінцамі. Гэта штучна створаная сітуацыя супрацьстаяння, якая мае на мэце паслабленне і знішчэнне самой Украіны», - заявіў в.а. прэзідэнта Украіны.

Нагадаем, сёння ў Славянску праводзіцца антытэрарыстычная аперацыя. Раней расейскі спецназ захапіў там будынкі МУС і СБУ з мэтай завалодаць зброяй. У выніку страляніны ў Славянску пацярпелі блізу дзесяці чалавек, адзін загінуў.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках