2 траўня 2024, Чацвер, 0:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аддзяленне МУС у Горлаўцы штурмавалі зэкі і крымінальнікі

3

Падчас штурму будынка Горлаўскага гарупраўлення міліцыі праваахоўнікі не стралялі на паражэнне, хаця мелі баявыя патроны.

Штурм і захоп гарадскога ўпраўлення міліцыі ў Горлаўцы ажыццяўляліся натоўпам, у якім было шмат п'яных і раней судзімых. Пра гэта ў інтэрв'ю Gorlovka.ua распавёў намеснік начальніка Горлаўскага гарупраўлення міліцыі Герман Прыступа, перадае Укрінформ.

Паводле яго слоў, калі адзін з сепаратыстаў забраўся на казырок над уваходам і сарваў сцяг Украіны, замяніўшы яго на сцяг «рэспублікі», за ім падняўся начальнік гарупраўлення Андрэй Крышчанка.

«Мы таго хлопца не штурхалі, ён сам пабег і ўпаў уніз. На шчасце, застаўся жывы і нават у лякарню не патрапіў», - кажа Прыступа.

Ён таксама паведаміў, што па інфармацыі медыкаў, пасля штурму ў лячэбныя ўстановы паступілі толькі двое захопнікаў з раненнем ног з траўматычнай зброі.

«Гэта я іх параніў. Мы ўсе былі з аўтаматамі і пісталетамі, зараджанымі, дарэчы, не толькі халастымі патронамі... Толькі з аўтамата я расстраляў восем магазінаў. Чатыры ў мяне яшчэ засталіся. Хацеў бы забіць кагосьці, мог бы. Асабліва ў той момант, калі натоўп увайшоў у залу. Але не зрабіў гэтага», - прызнаўся міліцыянт.

Ён паведаміў, што аддаў свой пісталет Андрэю Крышчанку, а сам, узброіўшыся аўтаматам, разам з двума калегамі застаўся ў дзяжурным пакоі.

«Але баевікі ўзламалі рашотку. Пасля нядоўгіх перамоваў я вырашыў выйсці, але перад гэтым разабраў аўтамат. Мяне вывелі ў двор, пабіваючы на шляху. Андрэя Крышчанку павалілі на зямлю, білі нагамі, палкамі. Я ўбачыў, што ў яго зламаны нос, разбітая галава. На нас засталіся бронекамізэлькі, а каскі пазрывалі. Крышчанку потым павезлі на «хуткай» у лякарню», - распавёў намеснік начальніка Горлаўскага ГУ.

«Сярод тых, хто прыйшоў нас захопліваць, я пазнаў раней судзімых. Шмат было п'яных. Мы забарыкадавалі браму двума аўтазакамі, але натоўп іх пазмятаў», - сказаў Прыступа.

Паводле яго слоў, перамовы ішлі да двух гадзін дня панядзелка. Аднак, нягледзячы на тое, што ініцыятыўнай групе быў прадэманстраваны пусты зброевы пакой, захопнікі пачалі штурм: кідалі ў вокны цэглу, падпалілі памяшканне сталовай і ў рэшце рэшт прарваліся ўнутр будынка.

У гарупраўленні заставалася яшчэ ўсё кіраўніцтва, аператыўнікі, супрацоўнікі аддзела па барацьбе з наркотыкамі.

«Патрульны батальён мы адвялі ва ўнутраны двор. Але сілай нікога не трымалі - тых, хто хацеў сысці, адпусцілі дадому. Такая магчымасць была, і людзі ёю скарысталіся», - удакладніў Герман Прыступа.

Як раней паведамлялася ў МУС Украіны, падчас штурму сепаратыстамі будынка Горлаўскага гарупраўлення міліцыі Данецкай вобласці праваахоўнікі ўжылі зброю, але на паражэнне не стралялі. Міністр унутраных спраў Арсэн Авакаў даў высокую ацэнку дзеянням Крышчанкі і Прыступы, заявіўшы, што з такімі афіцэрамі Украіна будзе будаваць новую міліцыю.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках