6 траўня 2024, панядзелак, 20:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над Навальным пачнецца 24 красавіка

Суд над Навальным пачнецца 24 красавіка

Слуханні па крымінальнай справе Аляксея Навальнага і яго брата Алега пачнуцца 24 красавіка ў Замаскварэцкім судзе Масквы.

Гэта будзе другі судовы працэс над адным з лідараў несістэмнай апазіцыі і заснавальнікам Фонду барацьбы з карупцыяй, які на выбарах мэра расейскай сталіцы заняў другое месца з 27% галасоў. Справу "Іў Рашэ" - таксама званую справай братоў Навальных альбо "паштовай справай" - будзе разглядаць федэральны суддзя Алена Каробчанка, перадае BBC.

Улады сцвярджаюць, што браты Навальныя выкралі ў кампаніі "Іў Рашэ" і яшчэ адной фірмы 31 млн рублёў.

Генпракуратура перадала матэрыялы крымінальнай справы ў суд 11 красавіка. Тады ж паведамлялася, што намеснік генпракурора Віктар Грынь ужо зацвердзіў абвінаваўчае заключэнне, якое таксама было перададзена ў суд.

З 28 лютага Аляксей Навальны па хадайніцтве следства змешчаны пад хатні арышт з пазбаўленнем права рабіць заявы для прэсы, карыстацца інтэрнэтам і тэлефонам.

Яго малодшы брат Алег, да гэтага часу не заўважаны ў актыўнай палітычнай дзейнасці, знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Пераканалі і выкралі

Следчы камітэт і пракуратура абвінавачваюць Аляксея Навальнага і яго брата Алега ў тым, што яны "ашуканскім шляхам", нібыта завысіўшы кошт паслуг падкантрольнай Навальнаму фірмы "Галоўнае падпісное агенцтва", выкралі 26,7 млн рублёў у "Іў Рашэ Усход" і яшчэ 4,4 млн рублёў - у "Шматпрофільнай Працэсінгавай Кампаніі".

Следства сцвярджае, што Алег Навальны, займаючы пасаду намесніка дырэктара філіяла "Пошты Расеі", нібыта пераканаў кампанію "Іў Рашэ Усход" заключыць нявыгадную дамову на перавозку пошты з фірмай "Галоўнае падпісное агенцтва", створанай Аляксеем Навальным.

Гэтая фірма, як лічаць следчыя, транспартных паслуг не аказвала і аказваць не магла, а перадаручала іх іншай кампаніі, якой кіраваў знаёмы Алега Навальнага і чые паслугі каштавалі менш.

Аляксей Навальны гэта абвінавачванне называе сфальсіфікаваным. "Звычайную камерцыйную дзейнасць, якую на працягу трох гадоў ажыццяўляў мой брат, раптам абвясцілі махлярствам, а якое я да гэтага маю дачыненне, не зразумела нават з абвінавачанні", - заяўляў Навальны пасля прад'яўлення яму абвінавачванняў.

Навальны ўжо асуджаны па іншай крымінальнай справе - 18 ліпеня 2013 года Ленінскі суд Кірава прысудзіў яго да пяці гадоў зняволення па артыкуле "крадзеж".

Як сцвярджалі ўлады, Навальны, з'яўляючыся бясплатным дарадцам губернатара, сваімі парадамі нанёс шкоду прадпрыемству "Кіраўлес".

16 кастрычніка Кіраўскі абласны суд замяніў рэальнае пакаранне на ўмоўны тэрмін.

Блакаванне

13 сакавіка блог Навальнага быў унесены ў рэестр забароненай інфармацыі, які складаўся Раскамнаглядам. Заблакаваць старонку палітыка ў ЖЧ патрабавала таксама генпракуратура.

Прадстаўнікі пракуратуры адзначалі, што ў блогу ўтрымліваюцца заклікі да несанкцыянаваных масавых акцый, а ў Раскамнаглядзе палічылі, што там таксама ёсць заклікі да масавых беспарадкаў і экстрэмізму.

У выніку суд прызнаў законнай толькі першую падставу для блакавання і пакінуў яе ў сіле.

1 красавіка пракуратура Масквы накіравала прадстаўнікам шэрагу расейскіх кантэнт-правайдэраў папярэджанне аб недапушчальнасці размяшчэння ў інтэрнэце матэрыялаў ад імя Навальнага.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках