27 красавiка 2024, Субота, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грэшна смяяцца над хворымі

22
Грэшна смяяцца над хворымі

Упершыню я пачуў лукашэнкаўскае “імем рэвалюцы”, знаходзячыся ў глыбоцкай калоніі.

Зэкі тады шызелі ад гэтага сцёбу і разам з кантралёрамі рагаталі:

- У Сані зусім жбан вырвала – толькі і засталося, што “імем рэвалюцыі” перасадзіць направа-налева.

- Ды гэта проста нервовы зрыў, – каментаваў іншы. – Абвастрэнне ў пацыента. Пройдзе.

- Грэшна смяяцца над хворымі людзьмі! – выдаў трэці прышпіл з савецкага кінематографа.

Тады, у 2012-м Саня патрабаваў “імем рэвалюцыі” пазабіраць кватэры, што пабудаваныя на дзяржкрэдыты і здаюцца ў арэнду. Заява такая, сапраўды, паходзіла болей на абсурд і абвастрэнне. Усякае бывае ў чалавека, – падумаў і я ды згадзіўся: – Грэшна смяяцца над хворымі людзьмі.

Але не прайшло. “Імем рэвалюцыі” сталася своеасаблівым заклінаннем, якое грымотна прамаўляецца ўсялякі раз, калі справа – поўная дрэнь, калі не застаецца нічога, як звярнуцца да мантры “імя вялікага тэрора”.

Гэтая мантра, як і любая мантра будызму/індуізму – святое, сакральнае закліканне, што патрабуе дакладнага прамаўлення гукаў. Вы толькі услухайцеся:

“Давайце дамовімся так: да 2 красавіка ўсю гэтую працу імем рэвалюцыі трэба выканаць, прасеяўшы ўсё! – даручыў Галоўны прасейвальшчык ў верасні 2012-га. – Здаў у арэнду – забярыце ў яго кватэру!”

“Што тычыцца арэнды будынкаў і памяшканняў, імем рэвалюцыі прывесці ўсё ў адпаведнасць з рынкавым коштам!” – разышоўся Першы рыначнік у лютым 2013-га.

“Пад гэта імем рэвалюцыі была мадэрнізаваная сыравінная база піваварства”, – 10 красавіка 2014-га разганяў півавараў Любіцель біць бакалы шампанскага.

“Усіх вінаватых – у камеру, няхай кампенсуюць шкоду, – 11 красавіка 2014-га забраўшыся на мясакамбінат сыходзіў пенаю Начальнік турмы. – Імем рэвалюцыі навядзіце парадак!”

Калі ўявіць сябе на месцы гэтага аратара коміка, тады ўсё сыходзіцца – добры анекдот! Калі ўявіць сябе замест прамоўцы пацыента псіхушкі, дык таксама ўсё зразумела – вырваны жбан у бедалагі. Але як мы ведаем, што ўсё гэта на поўным сур’ёзе меле чалавек, каторы называе сябе прэзідэнтам, дык не ведаеш, смяяцца табе ці плакаць.

Хаця першы плакаць павінен сам “ціпа прэзідэнт”, бо ягоная язычніцкая мантра “імем рэвалюцыі” – яскравы фініш ўсёй 20-гадовай трагікамедыі пад назвай “Дзяржава для народа”. Што гэта за “дзяржава для народа”, калі праз 20 год адмаўляюцца працаваць нават з-пад палкі, і ўсе спадзяванні Галоўнага самадура толькі на сакральнае “імя крывавага кастрычніка”? Увогуле, гэта дзяржава, мы іх запытаем, ці псіхушка, у якой Шурык прапаноўваў саабразіць на траіх?

Саня, мы цябе разумеем, табе кепска, чарговае ў цябе абвастрэнне. Калі ты паспееш схадзіць у прэзідэнцкую паліклініку і возьмеш даведку, мы табе нават тое-сёе спішам па стане здароўя.

У даведцы няхай напішыць: “Так, маўляў, і так, Саня, каторы “імем рэвалюцыі” называе сябе прэзідэнтам, калі тым жа “імем рэвалюцыі” рабіў тое ці тое, быў у стане афекта”. Глаўурач. Дата, подпіс. Пажадана, няхай прафесура распіша болей эпізодаў.

Тады Саня, лава падсудных цябе мо і міне. Тады ты будзеш мірна дабываць свой век на белых прастынях, з трохразовым харчаваннем. І калі да цябе падыдзе экс-міністр і “імем рэвалюцыі” прапануе саабразіць на траіх, ты яму з гонарам і цвёрда так, як ты ўмееш, заявіш: “Грэшна смяяцца над хворымі людзьмі!”

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках