3 траўня 2024, Пятніца, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іран удвая скараціў запасы ўрану з-за санкцый

3
Іран удвая скараціў запасы ўрану з-за санкцый

Тэгеран знішчыў палову сваіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану.

Тым самым улады Ірана выканалі дамоўленасці, дасягнутыя ў пачатку гэтага года, паведамляе Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), перадае BBC.

МАГАТЭ падрыхтавала даклад аб выкананні Іранам сваіх абавязацельстваў у рамках пагаднення, падпісанага Тэгеранам з так званай "групай "Пяць плюс адзін" - пяццю пастаяннымі членамі Рады Бяспекі ААН і Германіяй.

Дыпламаты пацвердзілі высновы дакладу, які будзе цалкам апублікаваны на наступным тыдні. Азнаёміўшыся са справаздачай, Белы дом размарозіў 450 млн даляраў з заблякаваных іранскіх актываў.

Іран пагадзіўся адмовіцца ад узбагачэння ўрану ў лістападзе мінулага года ў абмен на паслабленне міжнародных санкцый.

Тэгеран сцвярджае, што яго ядзерная праграма пераследуе толькі мірныя мэты. Тым не менш, "шасцёрка" міжнародных пасярэднікаў па-ранейшаму баіцца, што Іран можа выкарыстоўваць свае запасы ўзбагачанага ўрану для вырабу ядзернай зброі.

"Пазітыўны сігнал"

Высновы дакладу МАГАТЭ будуць успрынятыя на Захадзе як пазітыўны сігнал. Выкананне Іранам узятых на сябе абавязацельстваў азначае, што нават калі ён і працуе над стварэннем ядзернай зброі, гэты працэс цяпер зойме значна больш часу.

Як паведамляе агенцтва Reuters, у дакладзе МАГАТЭ таксама гаворыцца, што ўвядзенне ў строй завода па канверсіі ўрану, прадугледжанае прамежкавым пагадненнем, затрымліваецца.

Інспектары МАГАТЭ ўвесь час знаходзяцца ў Іране, і агенцтва кожны месяц публікуе справаздачы аб тым, у якой меры Тэгеран выконвае прамежкавае пагадненне з групай "Пяць плюс адзін".

Гэта пагадненне ўступіла ў сілу ў студзені, тэрмін яго дзеяння заканчваецца ў ліпені.

Іран і "шасцёрка" пасярэднікаў маюць намер да траўня пачаць распрацоўку асноўных палажэнняў новага пагаднення. Але, як паведамляецца, нязгоды паміж імі па некаторых яго пунктах яшчэ занадта вялікія.

Асобная пазіцыя Расеі

"Шасцёрка" заклікае Іран скараціць аб'ёмы вытворчасці ўзбагачанага ўрану і даць інспектарам ААН больш шырокія магчымасці для кантролю над іранскімі ядзернымі праграмамі.

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хамянеі падтрымаў перамовы з "шасцёркай" пасярэднікаў, але папярэдзіў, што Іран ніколі цалкам не адмовіцца ад сваёй ядзернай праграмы.

Да апошняга часу шэсць краін, якія ўдзельнічаюць у перамовах з Іранам, былі адзіныя ў сваёй пазіцыі, але нядаўняя анэксія Крыма Расеяй прывяла да сур'ёзнага пагаршэння яе стасункаў з Захадам.

Расея і Іран у цяперашні час вядуць перамовы аб рэалізацыі двухбаковага гандлёвага пагаднення па схеме "нафта ў абмен на тавары і паслугі". Аб'ём гэтага гандлю можа дасягнуць 20 млрд даляраў. Злучаныя Штаты лічаць, што гэтая здзелка падарве пазіцыі Захаду на перамовах з Тэгеранам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках