29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі расстралялі 23-гадовага студэнта БДУ

70
У Беларусі расстралялі 23-гадовага студэнта БДУ

Сёння стала вядома, што ў дачыненні да 23-гадовага студэнта гістфака БДУ Паўла Селюна выкананы смяротны прысуд.

Яго зварот яшчэ знаходзіцца на разглядзе КПЧ ААН. Гэта азначае, Рэспубліка Беларусь у чарговы раз парушыла ўзятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, піша ПЦ «Вясна».

12 чэрвеня 2013 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: забойства двух асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю; крадзеж; здзек з трупаў; крадзеж асабістых дакументаў. Да гэтага малады чалавек не меў судзімасцяў. Свае дзеянні ён патлумачыў рэўнасцю - забітыя - яго жонка і яе палюбоўнік, якіх ён застаў у адной кватэры.

Па сукупнасці злачынстваў суд першай інстанцыі прысудзіў Паўла да выключнай меры пакарання - расстрэлу. Працэс вёў суддзя Анатоль Заяц.

Селюн падаў касацыйную скаргу на прысуд. 17 верасня 2013 яе разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам Валерыя Калінковіча. Вызначэнне - пакінуць прысуд у сіле.

Маці Паўла Селюна звярнулася да Лукашэнкі і тагачаснага кіраўніка БПЦ Філарэта з просьбай паспрыяць таму, каб яе сына памілавалі - замянілі смяротнае пакаранне на альтэрнатыўнае - пажыццёвае зняволенне. Сам Павел таксама звярнуўся з прашэннем аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Сёння маці Паўла Селюна даведалася ад адваката, што прысуд прыведзены ў выкананне. Адвакат прыйшла на сустрэчу з падабаронным, аднак у СІЗА ёй паведамілі, што Сялюн «выбыў па прысудзе». На простай мове гэта значыць расстрэл.

Ніякіх пісьмовых дакументаў або паведамленняў сваякам Паўла не даслалі. Маці да апошняга не ведала рашэння камісіі аб памілаванні, дату выканання прысуду. У бліжэйшыя дні яна збіралася на спатканне з сынам.

Нагадаем, Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў зварот ад імя Паўла Селюна. Згодна з п. 92 Правілаў працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасці ў ААН. Такім чынам, Рэспубліка Беларусь у чарговы раз парушыла ўзятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках