29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У рэйтынгу свабоды СМІ Беларусь займае апошняе месца

2
У рэйтынгу свабоды СМІ Беларусь займае апошняе месца

18 красавіка ў Менску прадстаўлены даклад, з якога вынікае, што ў рэйтынгу свабоды СМІ краін Усходняга партнёрства Беларусь па-ранейшаму займае апошняе месца.

Даклад з'яўляецца вынікам першага года рэалізацыі праекта «Маніторынг свабоды медыя краін Усходняга партнёрства», які рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага звяза, піша БелаПАН. У ацэнцы сітуацыі са СМІ ў краінах УП удзельнічалі 60 экспертаў (па 10 ад кожнай краіны) з ліку мясцовых журналістаў, праваабаронцаў, юрыстаў, сацыёлагаў, грамадскіх дзеячаў, якія маюць не менш за пяць гадоў вопыту працы ў сваёй галіне і падтрымліваюць цесныя прафесійныя сувязі з медыясферай.

Прадстаўляючы даклад, намеснік старшыні РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец адзначыў, што індэкс свабоды медыя ў краінах УП складаўся штоквартальна з сакавіка па снежань 2013 года. «За ўвесь час складання індэкса Беларусь стабільна займала апошняе, шостае, месца», - сказаў ён.

Бастунец падкрэсліў, што пры падрыхтоўцы дакладу «Свабода медыя ў краінах Усходняга партнёрства - 2013» не ўлічваліся падзеі ва Украіне са студзеня па сакавік 2014 года. «Цяпер рыхтуецца чарговы штоквартальны індэкс, - сказаў Бастунец. - Магчыма, у Беларусі з'явіцца шанец пакінуць сваё апошняе месца. Але гэта адбудзецца не таму, што ў Беларусі сітуацыя палепшылася, а таму, што ва Украіне яна пагоршылася».

У сваю чаргу намеснік старшыні БАЖ Аляксандр Старыкевіч адзначыў: «Ёсць фундаментальная рэч - стабільна дрэннае стаўленне беларускіх уладаў да незалежных СМІ. І нам не варта чакаць перамен да лепшага».

Старыкевіч падкрэсліў, што з улікам маючых адбыцца ў 2015 годзе прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі варта «чакаць узмацнення жорсткасці палітыкі ў дачыненні да незалежных медыя».

На яго думку, на фоне падзей, якія адбываюцца ва Украіне і Расеі, «беларускія ўлады, не змяніўшы нічога па сутнасці, цяпер сталі выглядаць лепш» у дачыненні да СМІ. «Але яны не сталі лепш, - падкрэсліў Старыкевіч. - Проста ў нас зараз няма палітычнага крызісу, які да таго ж выйшаў бы на вуліцы, таму ва ўладаў няма прычын для рэзкага закручвання гаек. Але ўдушэнне СМІ ідзе ўвесь час».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках