7 траўня 2024, aўторак, 4:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Жэневе патрабавалі расследаваць забойствы лідараў беларускай апазіцыі

9
У Жэневе патрабавалі расследаваць забойствы лідараў беларускай апазіцыі

З 24 па 28 сакавіка ў Жэневе праходзіла сустрэча ўдзельнікаў ICAED - Міжнароднай кааліцыі супраць гвалтоўных знікненняў.

Кааліцыя аб'ядноўвае 42 арганізацыі па ўсім свеце. Сярод іх такія аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі як Amnesty International, Human Rights Watch, Міжнародная федэрацыя правоў чалавека. Ад Беларусі ўдзельнікамі кааліцыі з'яўляюцца фонд «Мы памятаем», фонд Змітра Завадскага, «Хартыя'97» і грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь».

На сустрэчы ў Жэневе Беларусь прадстаўлялі кіраўнік фонду «Мы памятаем», удава выкрадзенага ў Беларусі бізнесмена і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзімір Кобец.

На пасяджэнні ICAED прысутнічаў кіраўнік Камітэта ААН па гвалтоўных знікненнях Эмануэль Дэко, падчас сустрэчы з якім беларускія актывісты абмеркавалі перспектывы крымінальнага пераследу беларускіх афіцыйных асоб, якія падазраюцца ў гвалтоўных знікненнях і палітычна матываваных забойствах у Беларусі, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

Падставай для крымінальнага пераследу вышэйшых службовых асоб Беларусі з'яўляецца дакумент, падрыхтаваны ў свой час спецдакладчыкам ПАРЕ Хрыстасам Пургурыдэсам.

У сваім выступленні на сустрэчы ўдзельнікаў ICAED Уладзімір Кобец распавёў пра лёс бясследна зніклых лідараў беларускай апазіцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, журналіста Змітра Завадскага.

«З таго моманту, як Аляксандр Лукашэнка стаў прэзідэнтам Беларусі ў 1994 годзе, усе грамадзянскія правы і свабоды жорстка і паслядоўна душацца. Найбольш небяспечныя апаненты Лукашэнкі нейтралізуюцца самымі брутальнымі спосабамі. Іх кідаюць у турмы, катуюць, вымушаюць з'ехаць з краіны. У 1999-2000 гадах найбольш папулярныя палітыкі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, бізнесмен Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі былі выкрадзеныя і забітыя.

Ва ўсіх гэтых выпадках афіцыйнае следства не дало вынікаў, але агульная карціна злачынстваў была адноўленая дзякуючы мужным дзеянням актывістаў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, праваабаронцаў і журналістаў.

Адным з ключавых дакументаў стаў даклад спецдакладчыка Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса, апублікаваны ў 2004 годзе. Дакладчык прыйшоў да высновы, што да знікненняў датычныя беларускія высокапастаўленыя чыноўнікі.

Камітэт ААН па правах чалавека пастанавіў задаволіць скаргі сваякоў, абавязаўшы Беларусь правесці расследаванне выпадкаў знікнення, апублікаваць вынікі, прыцягнуць да адказнасці вінаватых і выплаціць кампенсацыі сваякам ахвяраў. Гэтыя рашэнні не выконваюцца і не будуць выкананыя пры цяперашняй уладзе.

Мы высока цэнім уклад ICAED у барацьбу супраць гвалтоўных знікненняў, але павінны прызнаць, што сёння мы ў пачатку доўгай дарогі, і існуе шмат шляхоў, каб спрыяць дасягненню мэтаў кааліцыі.

Адзін з іх - гэта пераслед вінаватых у краінах, заканадаўства якіх прадугледжвае ўніверсальную юрысдыкцыю. Мы лічым, што гэты кірунак дапаможа аднавіць справядлівасць у многіх справах аб знікненнях, і павінны быць ужыты ў дачыненні да спраў аб беларускіх зніклых», - заявіў падчас свайго выступлення на пасяджэнні ICAED Уладзімір Кобец.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках