27 красавiка 2024, Субота, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

220 гадоў таму пачалося паўстанне Касцюшкі на тэрыторыі Беларусі

22
220 гадоў таму пачалося паўстанне Касцюшкі на тэрыторыі Беларусі

На тэрыторыі Літвы і Беларусі паўстанцаў узначаліў Якуб Ясінскі, якому на той момант было 32 гады.

У ноч з 22 на 23 красавік 1794 года паўстанцы абяззброілі расейскі гарнізон Вільні. Гэта падзея стала сігналам да пачатку ўзброеных дзеянняў супраць расейскіх войскаў у Літве і Беларусі. Паўстанне на тэрыторыі Польшчы пачалося на месяц раней, у сакавіку. Непасрэднымі прычынамі яго сталі другі падзел Рэчы Паспалітай і адмена Канстытуцыі, прынятай 3 траўня 1791 года.

У Кракаве быў абвешчаны Акт паўстання, а яго кіраўнік Тадэвуш Касцюшка прынёс публічную прысягу. Акт абвяшчаў яго вярхоўным галоўнакамандуючым нацыянальнымі ўзброенымі сіламі і падаваў яму ўсю паўнату ўлады ў краіне. У розных месцах Рэчы Паспалітай насельніцтва стала ўзбройвацца і весці партызанскую вайну з акупацыйнымі расейскімі і прускімі войскамі.

На тэрыторыі Літвы і Беларусі паўстанцаў узначаліў Якуб Ясінскі, якому на той момант было 32 гады.

На наступны дзень пасля абяззброення расейскага гарнізона, 23 красавіка, на рынкавай плошчы Вільні быў абвешчаны «Акт паўстання Літоўскага народа».

Найвышэйшая Рада Літоўская - кіруючы орган паўстання - абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым Літоўскіх паўстанцкіх войскаў. Між тым, яго радыкалізм моцна палохаў шляхту, а польскае кіраўніцтва паўстання лічыла Ясінскага «літвінскім сепаратыстам». У якасці галоўнакамандуючага літоўскімі паўстанцамі Ясінскі кіраваў арганізацыяй новай арміі, з мэтай пашырэння сацыяльнай базы паўстання пісаў рыфмаваныя пракламацыі да сялян.

11 траўня 1794 года Касцюшка прызначыў Ясінскага генерал-лейтэнантам.

На тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага акрамя Ясінскага дзейнічалі генералы Грабоўскі і Хлявінскі. Першая бітва паўстанцаў - пад Немянчынам - скончылася паразай. 7 траўня адбылася другая бітва - пад Палянамі, якая таксама была прайграная. Ясінскі палічыў неабходным умацаваць абароназдольнасць Вільні, але новы камендант горада Вяльгорскі прыняў рашэнне адвесці войскі ў Лідскі павет. Нічога не ведаючы пра гэта рашэнне каменданта, Ясінскі чакаў яго ў лагеры пад Соламі, дзе раней было дамоўлена злучыць войскі. Страціўшы шмат часу на безвыніковае чаканне, Ясінскі з 4000 салдат распачаў адчайную атаку на расейскія корпусы Зубава і Бенігсена (каля 5000 салдат пры 16 гарматах). Бітва адбылася 26 чэрвеня пад Соламі і стала адным з самых кровапралітных баёў усёй кампаніі. Ясінскаму прыйшлося адступіць, хоць і не парушаючы баявога парадку. Падчас адступлення загінуў брат Якуба капітан стралкоў Юзаф.

Разрозненыя дзеянні паўстанцаў і супярэчнасці паміж прыхільнікамі поўнай незалежнасці Літвы і варшаўскім кіраўніцтвам сталі адной з прычын паражэння паўстання.

Праз месяц расейскія войскі пасля двухразовай атакі захапілі Вільню.

Якуб Ясінскі выехаў у Варшаву, дзе і загінуў, абараняючы горад ад войскаў Суворава. Ён пахаваны на Камянкоўскіх могілках польскай сталіцы.

Пасля паразы паўстання быў праведзены трэці падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога сучасная Літва і заходняя частка Беларусі ўвайшлі ў склад Расеі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках