6 траўня 2024, панядзелак, 4:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэрор у Крыме: у людзей пад пагрозамі забіраюць дамы і маёмасць

103
Тэрор у Крыме: у людзей пад пагрозамі забіраюць дамы і маёмасць

У крымскіх прадпрымальнікаў забіраюць бізнэс і пагражаюць забіць.

Пра гэта заявіў выданню Gazeta.ua прадпрымальнік Юрый Белікаў з Севастопаля.

"На ўзбярэжжы ў мяне было два дамы адпачынку. На мінулым тыдні ў мяне іх адабралі. Мне цяжка сказаць, хто гэтыя людзі. Я думаю - расейцы. Увечары да майго дома падышло чацвёра мужчын. Спыталі, чые гэта гатэлі ў першай лініі ад мора. Сказаў, што мае. Пайшоў у пакой па дакумэнты на зямлю, а яны на іх і не зірнулі. Адказалі, што цяпер яны іхныя, а калі я хачу жыць, то павінен пераехаць далей ад Севастопаля", - паведаміў Белікаў.

Паводле ягоных слоў, за сэзон на турыстах ён зарабляў больш за 300 тысяч грн, а цяпер гэтыя грошы страціў.

"Да нас ехалі людзі з розных краін, а не толькі расейцы. Шмат было беларусаў, украінцаў, нават малдаван. Усе адмаўляюцца да нас ехаць у гэтым сэзоне. На травеньскія святы ніхто з маіх калег не мае ніякіх заявак", - адзначыў Белікаў.

На цяжкую сітуацыю ў Крыме паскардзіўся і бізнэсовец Андрэй Сакалоў з Ялты.

"Я галасаваў за ўступ Крыма ў Расею і ўжо зразумеў, што ўчыніў велізарную памылку. Тое, што адбываецца цяпер у Крыме, проста не апісаць словамі. Гэта трэба бачыць. Я бізнэсовец і валодаю некалькімі катэджамі недалёка ад цэнтральнага пляжу. Крым цяпер жыве ў поўным інфармацыйным, заканадаўчым і харчовым хаосе. Бензіну ў Крыме засталося на 2-3 дня, кошт ад 15 грыўняў за А-92. Не хочаш - не купляй, паставак нафтапрадуктаў з Расеі няма. Банкі зачыняюцца, гатоўкі няма. Банкаматы выдаюць па 20-50 грыўняў штодзень. У Ялце ніводнага турыста. Усе гатэлі пустуюць, і прагнозаў ніхто не дае. Я не ведаю, за што жыць, за што плаціць падаткі і за камунальныя паслугі. Шмат якія прадпрыемцы на мяжы банкруцтва. Такога не было нават у 91-м годзе", - напісаў Сакалоў у адной з сацыяльных сетак.

Дамы адпачынку адбіраюць пераважна ў прыбытковых і буйных гарадах у першай лініі ад мора. Юрысты раяць кожны захоп фіксаваць на фота ды відэа і адпраўляць заявы на кантынэнт ва Украіну. Копію падаваць у мясцовую ўладу.

Эканаміст Барыс Кушнірук мяркуе, што крымчукам захаваць бізнэс не выпадзе.

"Але бізнэсоўцы могуць атрымаць кампенсацыю ад Расеі. Бізнесоўцы павінны інфармаваць украінскую ўладу, што супраць іх учыненае злачынства. Тады гэтыя страты можна ўключыць у агульны пералік страт, звязаных з акупацыяй тэрыторыі. Хуткага развязання няма, бо тут перасякаюцца нормы ўнутранага правы з нормамі міжнароднага. Кожны бізнэсовец для сябе павінен вызначыць, што яму важнейшае: жыццё або бізнэс. Хачу дадаць, што прадаць свой бізнэс яны не здолеюць", - падкрэсліў Кушнірук.

Ён перакананы, што Крым усё больш будзе нагадваць паўночны Кіпр, які кантралюецца Турцыяй.

"Тое ж будзе з Крымам, які ў далейшым будзе кантралявацца толькі Расеяй. З бізнэсам у Крыме будзе поўны крах. Перасякаць мяжу будзе забаронена, магчымасці гандлю не будзе, даходы насельніцтва моцна ўпадуць", - растлумачыў Кушнірук.

Фота: dpsu.gov.ua

Напісаць каментар 103

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках