3 траўня 2024, Пятніца, 4:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Спрашчэнне візавага рэжыму з ЕЗ блакуе Лукашэнку

21
Раман Якаўлеўскі: Спрашчэнне візавага рэжыму з ЕЗ блакуе Лукашэнку

Дыктатару крыўдна, што беларусы могуць ездзіць у Еўропу, а ён - не.

Нягледзячы на рэкордную колькасць шэнгенскіх візаў, якія штогод выдаюцца беларусам, пытанне спрашчэння візавага рэжыму з ЕЗ гадамі не прасоўваецца далей перамоваў. Мы па-ранейшаму плацім за візу больш за ўсіх суседзяў, па-ранейшаму павінны выстаяць чаргу ля амбасады, каб з'ездзіць на выхадныя ў родную беларусам Вільню, і ціха зайздросцім іншым краінам Усходняй Еўропы, для якіх візавае пытанне ўжо закрытае.

У чым корань візавых праблем і хто - Беларусь або ЕЗ - павінен зрабіць першы крок, распавядае Раман Якаўлеўскі ў інтэрв'ю camarade.biz.

- У мінулым годзе згодна з колькасцю жадаючых мець шэнгенскія візы Беларусь абагналі толькі буйныя Расея, Украіна, Кітай і Турцыя. Спрашчэнне візавага рэжыму неабходна нам, як паветра, улады гадамі вядуць перамовы, але воз і цяпер там. Чаму так адбываецца?

- Як вядома, у Беларусі такая палітычная сістэма, у якой усе залежыць выключна ад волі аднаго чалавека. І наколькі можна зразумець пазіцыю ўлады, праблема ў тым, што пакуль існуе дыскрымінацыйны спіс з больш чым двухсот беларускіх чыноўнікаў на чале з Лукашэнкам, да тых часоў ніякага прагрэсу для астатніх беларусаў, хутчэй за ўсё, не будзе.

Гэта значыць пазіцыя такая: зніміце абмежаванне з маёй сям'і - тады будзе лягчэй ездзіць і астатнім грамадзянам.

- Але ж беларусам развязанне візавага пытання больш патрэбнае. Ці нам ставіць умовы?

- Гэта працэс з двухбаковым рухам. Еўропа не можа са свайго боку цалкам спрасціць візавы рэжым. А беларуская ўлада паставіла вось такія ўмовы. Дзеля справядлівасці трэба нагадаць, што еўрапейская старана робіць усё магчымае, у тым ліку і асобныя дзяржавы - нашы суседзі. Я маю на ўвазе Польшчу і Літву, якія максімальна, наколькі гэта магчыма, спрашчаюць працэдуру афармлення віз і пашыраюць кантынгент тых грамадзян, якія могуць разлічваць на нейкія льготы. Але для асноўнай масы грамадзян, на жаль, існуе вось такая пастка, звязаная з тым, што група людзей паводле вядомых прычын знаходзіцца ў дыскрымінацыйным спісе.

- Але нягледзячы на ўсе намаганні суседзяў, малы памежны рух пакуль працуе толькі з Латвіяй. І тут справа ў «чорным спісе»?

- З польскай і літоўскай стараны ўсе працэдуры ўжо даўно пройдзеныя і юрыдычна аформленыя. Засталося толькі абмяняцца ратыфікацыйнымі граматамі. Дык вось беларуская старана зноў-такі ставіць палітычныя ўмовы, і адна з самых галоўных - ліквідацыя гэтага спісу.

- Дык хто ж, на Ваш погляд, павінен зрабіць першы крок: Еўразвяз адмяніць спіс або Беларусь - не рабіць яго перашкодай?

- Прычыны існавання гэтага спісу вядомыя. Галоўная прычына - гэта палітзняволеныя, наяўнасці якіх беларуская старана не прызнае. Аналагічная сітуацыя з прысутнасцю смяротнага пакарання, праз што Беларусь не можа ўвайсці ў Раду Еўропы. Калі б гэтыя дзве перашкоды былі скасаваныя, то Беларусь больш бы прысутнічала ў Еўропе, і ў прыватнасці ў Радзе Еўропы, і палепшыліся б у некаторай ступені стасункі з Еўразвязам. Але беларуская старана гэтых крокаў не робіць. Мы ўжо неаднаразова чулі ад Лукашэнкі, асабліва апошнім часам, што ніякія даты і падзеі (я маю на ўвазе маючы адбыцца ЧС па хакеі і 20-годдзе прэзідэнцкага праўлення ў Беларусі) не паўплываюць на яго рашучы настрой трымаць палітвязняў за кратамі, пакуль яны не напішуць лісты аб памілаванні. А яны не пішуць, бо не лічаць сябе вінаватымі. Вядома, Беларусі варта вызваліць палітвязняў. Гэта паўплывае, калі не на адмену спісу, то на яго скарачэнне, так дакладна.

- Перад вачыма ў беларусаў досыць пазітыўны прыклад Малдовы, у якой уладальнікі біяметрычных пашпартоў, верагодна, ужо летам змогуць ездзіць у ЕЗ без віз. Аднак калі малдаўскі досвед апынецца негатыўным, ці не паўплывае гэта на далейшае жаданне ЕЗ спрашчаць візавы рэжым?

- Па-першае, Малдова практычна выканала ўсе патрабаванні для падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ. Па-другое, большая частка грамадзян Малдовы маюць еўрапейскія пашпарты, бо адначасова з'яўляюцца грамадзянамі Румыніі. Вядома, настроі ў Еўропе розныя, у тым ліку і крытычныя, скептычныя. Тая ж Румынія, уступіўшы ў ЕЗ, стала падставай для крытыкі наконт таго, што паспяшаліся яе прыняць. А Бухарэст, як мы ведаем, не проста патрануе Кішынёў, а лічыць Малдову часткай румынскага дзяржавы. Але ў Беларусі свае праблемы з Еўропай, і асабліва на фоне пагаршэння стасункаў Масквы з Захадам. Думаю, гэта будзе ўплываць і на становішча Беларусі, хоць Расея яшчэ не дасягнула такіх ненармальных адносінаў з Еўропай, якія ўжо ёсць у Беларусі. А ў апошнія дні мы зноў чуем крытычныя выказванні Лукашэнкі на адрас ЕЗ і Захаду агулам. Ну як з такім настроем нармалізаваць адносіны? Нават уявіць сабе цяжка.

- Але ці могуць беларусы спадзявацца, што хоць бы кошт віз будзе зніжаны? 60 еўра - істотная сума для простых людзей, якія фактычна пакутуюць праз палітыку.

- Уся справа ў адсутнасці двухбаковага пагаднення, якое ў нас, у адрозненне, напрыклад, ад Расеі, не падпісана. Таму «бедныя» расейцы плацяць 35 еўра за візу, а для «багатых» беларусаў яна каштуе 60 еўра. Аднак будуць пашырацца катэгорыі беларускіх грамадзян, якія маюць права наогул на бясплатныя візы.

- Магчыма, плюсам Беларусі ў візавым дыялогу можа стаць ЧС-2014 па хакеі? Краіна прыкладае вельмі вялікія намаганні, каб выглядаць гасціннай для замежнікаў. Напрыклад, візы для заўзятараў адмянілі.

- Беларусы і так вядомыя як гасцінныя людзі, для гэтага чэмпіянат свету не трэба праводзіць. Ну а чэмпіянат - гэта, вядома, нагода для стварэння пазітыўнага іміджу Беларусі. І ні ў якім разе не трэба блытаць кіруючы рэжым з усёй краінай. Але, як кажуць многія скептыкі, гэта ўсё роўна на тэрмін правядзення чэмпіянату. Пасля яго заканчэння ўсё гэта так жа хутка завершыцца, як сёння нарастае. У нас тут такі прынцып адзінаасобнай улады: бог даў - бог узяў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках