3 траўня 2024, Пятніца, 4:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскае выдавецтва пабаялася друкаваць кнігу пра Пуціна

11
Брытанскае выдавецтва пабаялася друкаваць кнігу пра Пуціна

Вядомае брытанскае выдавецтва Cambridge University Press адмовілася публікаваць кнігу, у якой апісваюцца меркаваныя злачынныя сувязі Уладзіміра Пуціна.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін ужо даўно наводзіць страх на прэсу ў сваёй краіне. Цяпер ён, здаецца, спалохаў і найстарэйшы выдавецкі дом у свеце, паведамляе радыё радыё «Азатык».

Аўтарцы кнігі, эксперту па Расеі і прафесару Універсітэта Маямі ў Агаё Карэн Дэвішы ў выдавецтве сказалі, што яе здагадкі, якія тычацца ўдзелу Уладзіміра Пуціна і яго блізкіх асоб у незаконных фінансавых угодах, зрабілі б выдавецтва падвержаным для дарагіх судовых разглядаў у Вялікабрытаніі, дзе законы аб паклёпе больш спрыяюць пазоўнікам, чым у амерыканскіх судах.

- Натуральна, я адпраўлю яе ў друк дзесьці ў ЗША, - кажа Карэн Дэвіша, якая з'яўляецца аўтаркай або рэдактаркай сямі кніг, надрукаваных выдавецтвам Cambridge University Press.

Са слоў Карэн Дэвішы, яе кніга з'яўляецца вынікам уважлівага даследавання агульнадаступнай інфармацыі, што паказвае, як Уладзімір Пуцін і вузкае кола яго былых калег з КДБ і адміністрацыі Санкт-Пецярбурга, як мяркуецца, выкарыстоўвалі свае сувязі ва ўладзе для асабістага ўзбагачэння, у той час як іх улада і ўплыў паступова раслі ў 1990-х гадах.

Карэн Дэвіша кажа, што восенню 2011 года атрымала адабрэнне Cambridge University Press для працы над праектам і ў лістападзе мінулага года здала ім 500-старонкавы рукапіс, каб юрысты змаглі праверыць яго на прадмет магчымай рызыкі падачы пазову аб паклёпе.

Яна чакала адказу на працягу некалькіх месяцаў, і два тыдні таму ў выдавецтве ёй паведамілі, што, нягледзячы на тое, што ў іх няма прычын сумнявацца ў дакладнасці яе даследавання, прыватныя асобы, пра якія гаворыцца ў кнізе «мелі б матывацыю і сродкі для падачы пазову».

«Акрамя таго, улічваючы супярэчлівую тэму кнігі, і яе асноватворнае сцвярджэнне, што сіла Пуціна грунтуецца на яго сувязі з арганізаванай злачыннасцю, мы не ўпэўненыя, што можна перапісаць кнігу так, як нас бы задаволіла», - напісаў 20 сакавіка Карэн Дэвішы па электроннай пошце выканаўчы рэдактар у сферы палітычных навук і сацыялогіі выдавецтва Джон Хаслам.

Змест ліста Джона Хаслама, а таксама адказ Карэн Дэвішы 2 красавіка ў чацвер былі апублікаваныя на сайце часопіса The Economist, які першым паведаміў пра пастанову выдавецтва не публікаваць праект.

Як сказаў The Economist прадстаўнік Cambridge University Press, гэты ліст быў «унутраным, заснаваным на канфідэнцыйным юрыдычным меркаванні, і ні ў якай меры не з'яўляўся публічным сцвярджэннем выдавецтва аб гэтай кнізе ці пра закон аб паклёпе агулам».

Карэн Дэвіша называе іранічным тое, што яна атрымала ліст ад Джона Хаслама на тым жа самым тыдні, калі ЗША і іх еўрапейскія саюзнікі ўвялі санкцыі супраць афіцыйных асоб і заможных бізнэсоўцаў, якія лічацца блізкім асяроддзем Уладзіміра Пуціна пасля анэксіі Расеяй Крыму. Многія з гэтых асоб адыгрываюць ключавую ролю ў яе кнізе, кажа Карэн Дэвіша.

- Гэта сумнае супадзенне, што ЗША, ЕЗ і Брытанія прызнаюць, што ведаюць, што рабіла гэтая група, і адно з самых прэстыжных выдавецтваў не жадае дазволіць грамадскасці ўбачыць тое, што настолькі зразумела, - сказала Карэн Дэвіша.

Карэн Дэвіша кажа, што яе кніга паказвае чытачам, як мяркуецца, крымінальную дзейнасць, да якой быў датычны Уладзімір Пуцін у 1990-х гадах, калі ён займаў высокую пасаду ў адміністрацыі мэра Санкт-Пецярбурга Анатоля Сабчака. Кніга ўключае меркаваную схему крадзяжоў сродкаў, выдзеленых на праграму па адпраўцы ветэранаў вайны на адпачынак у Гішпанію.

Яна таксама сказала, што ў яе кнізе разглядаюцца дакументы, сабраныя Марынай Салье, якая, будучы дэпутатам у Санкт-Пецярбургу ў 1990-х гадах, абвінаваціла Уладзіміра Пуціна, які ў той час з'яўляўся намеснікам мэра, у датычнасці да шматмільённых афёраў.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў пасля смерці Марыны Салье ў 2012 годзе сказаў, што яе дакументы, якія сведчаць пра ўдзел Пуціна ў фінансавых махінацыях, з'яўляюцца «даволі старымі і былі шматкроць абвергнутыя».

Карэн Дэвіша кажа, што не трымае зла на Cambridge University Press за адмову апублікаваць яе працу. Але яна адчула сябе абавязанай распавесці пра абставіны, звязаныя з праектам.

- Ніхто не кажа, што яны павінны ісці на дно разам з караблём. Але, у той жа час, я думала, што навуковыя пісьменнікі, журналісты і выдавецтвы ў дэмакратычным грамадстве маюць даволі ўнікальны абавязак стаць на абарону і заявіць, што нешта ідзе не так, - сказала Карэн Дэвіша.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках