3 траўня 2024, Пятніца, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гульня тронаў вечная і нязменная

10
Гульня тронаў вечная і нязменная

Сёння на экраны выйдзе чацвёрты сезон тэлесерыяла «Гульня тронаў», які часта параўноўваюць з класікай жанру фэнтазі, у прыватнасці «Уладаром пярсцёнкаў».

Зрэшты, «Гульня тронаў» у роўнай ступені абавязаная поспехам аднаму французскаму гістарычнаму раманісту, паведамляе Бі-Бі-Сі.

«Гульня тронаў» - гэта так званае «фэнтазі». Падзеі серыяла, як і кніжнага цыклу, паводле якога ён зняты, - «Песня Лёду і Полымя» Джорджа Марціна, - адбываюцца ў міфічным Вэстаросе. На поўначы велізарная ледзяная сцяна стрымлівае «дзікіх» і зомбіпадобных «белых хадакоў». З поўдня ад сцяны працягваецца жорсткая вайна паміж прэтэндэнтамі на Жалезны трон - сям'ю каралеўствамі Вэстароса. Між тым прынцэса Дайнэрыс, як выгнанніца ў далёкай зямлі, выхоўвае трох драконаў і збірае войска вызваленых рабоў.

Але «Гульня тронаў» таксама напоўнена палітычнымі інтрыгамі і жорсткай смерцю. Вайна і яе наступствы паказаны ў натуралістычных падрабязнасцях. Персанажы ўступаюць у сексуальныя адносіны, а галоўныя героі нечакана паміраюць. Адбярыце элементы звышнатуральнага - і застанецца твор, больш падобны на гістарычную сагу, хроніку звычайнай барацьбы за ўладу.

Сам Марцін тлумачыць, што адной з галоўных крыніц натхнення для яго былі не фэнтазі, а цыкл раманаў пра сярэднявечную Францыю, які ў англамоўным свеце не вельмі ведаюць і чытаюць. Гэта «Праклятыя каралі» Морыса Друона - сага з сямі тамоў, напісаная ў 1950-1970-я гады. У ёй ідзе гаворка аб дынастычнай барацьбе за французскі трон напачатку XIV ст., якая прывяла да Стогадовай вайны.

Кароль Францыі Філіп IV Прыгожы памёр у 1314 годзе. Трон перайшоў, па чарзе, да яго сыноў Людовіка X (памёр у 1316), Піліпа V (1316-1322) і Карла IV (1322-1328); усе яны памерлі без нашчадкаў.

Пасля Карла трон перайшоў да яго стрыечнага брата, Піліпа Валуа; за права атрымання ў спадчыну з ім спаборнічаў ангельскі кароль Эдуард III, унук Піліпа IV (яго маці Ізабэла была дачкой Піліпа). Вайна працягвалася з 1337 па 1453 і скончылася стратай амаль усіх ангельскіх тэрыторый у Францыі.

«У «Праклятых каралях» ёсць усё, - піша Марцін у прадмове да новага англамоўнага перавыдання. - Паверце мне, Старкі і Ланістэры нічым не лепш Капетынгаў і Плантагенетаў. Гульня тронаў вечная і нязменная».

Толькі пачніце чытаць «Праклятых каралёў», і адразу ўбачыце паралелі. Вэстарос мае значна больш агульнага з сярэднявечнай Францыяй у апісанні Друона, чым з Міжзем'ем Толкіена. Абедзве - феадальныя зямлі, дзе ўлада вызначаецца шляхам інтрыг у мірны час і крывавай помсты - у ваенны. Пры французскім двары, які апісаны Друонам, вельмі праўдзіва і дарэчы гучалі б словы аднаго з персанажаў Марціна: «Лесвіца ўлады - вось адзіная рэальнасць. Трэба ўздымацца ўверх і ўсё».

Аповед у «Праклятыя каралях» пачынаецца з 1314, апошняга года праўлення Піліпа IV. Кароль знішчыў уплывовы рыцарскі ордэн тампліераў і прысвоіў сабе іх скарбы. Апошняга магістра ордэна спальваюць на вогнішчы, асудзіўшы як ерэтыка паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў. З агню ён абвяшчае жудасны праклён тым, хто асудзіў яго на смерць: «Праклятыя! Праклятыя! Праклён на ваш род да трынаццатага калена!». Неўзабаве пасля гэтага Піліп памірае, і яго сваякі пачынаюць звады за спадчыну.

Персанажы «Гульні тронаў» і «Праклятых каралёў» вельмі падобныя: слабы, але з садысцкім ухілам прынц (Людовік у французскім рамане, Джофры у Марціна), мсцівая прынцэса (Ізабэла - Серсея), макіявелеўскі інтрыган (Роберт д'Артуа-Пецір Бейліш «Мезенец»). У абодвух творах чытач разблытвае складаны сюжэт з пункту гледжання менш уплывовых персанажаў, самаадвольна падхопленых падзеямі.

«І той, і іншы - эпічныя раманы з фокусам на персанажах, - кажа Марк Дзенжан, французскі аматар Друона. - У «Гульні тронаў» аўтар сам прыдумляе палітычную інтрыгу, Друон чэрпае сваю з гісторыі, але ў абодвух творах вы бачыце гісторыю вачыма простых, «маленькіх» людзей».

Параўноўваючы два творы, можна зрабіць выснову, што кнігі Марціна - гэта, як нехта трапна выказаўся, «фэнтазі для людзей, якія наогул не любяць фэнтазі». Марцін звяртаецца да «гістарычнага вінегрэту» - вайна паміж Старкам і Ланістэрамі нагадвае Вайну Руж, племя датракійцы (да якога праз шлюб належыць Дайнэрыс напачатку падзей) - мангольскія орды Чынгісхана, а жалезныя воіны маюць нямала агульнага з вікінгамі. А сцяна Вэстароса выклікае асацыяцыі са сцяной Адрыяна на поўначы Брытаніі.

Усё як у гісторыі - але з вялікім эфектам нечаканасці, бо нам не вядома, хто выйграе, а хто прайграе. За гэта Марціна хваляць нават некаторыя гісторыкі. «Тут сыходзяцца розныя падзеі з розных часоў, каб пастаянна нас здзіўляць і захапляць. У «Гульні тронаў» персанажы раптам трапляюць, нібы ў пасткі, у эпізоды з нашай уласнай гісторыі», - піша пра цыкл Марціна гісторык Том Холанд, аўтар кніг «Рубікон» і «Агонь Персіі».

«Гульня тронаў» натхніла некаторых чытачоў глыбей пагрузіцца ў гісторыю. Напрыклад, амерыканскі пісьменнік Джэймі Эдэйр пачаў весці блог «Гістарычныя падзеі на фоне «Гульні тронаў». «Па праўдзе кажучы, спачатку я планаваў толькі некалькі паведамленняў, - распавядае ён. - Не думаў, што знайду аж столькі гістарычных паралеляў, акрамя некалькіх відавочных з Вайной Руж».

«Але я пішу далей і далей, бо гэта натхняе мяне даследаваць новыя старонкі гісторыі і разглядаць іх пад розным вуглом. Напрыклад, да гэтага блога мне б і ў галаву не прыйшло вывучаць стратэгію ваенных аблог у старажытным свеце...Але цяпер я бачу ў гісторыі шмат заканамернага».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках