4 траўня 2024, Субота, 21:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The New York Times: Пуцін зрабіў катастрафічны пралік

6
The New York Times: Пуцін зрабіў катастрафічны пралік

Уварванне ва Украіну - катастрофа для знешняй палітыкі Пуціна.

Расейскія падручнікі гісторыі ўздымаюць Пятра Вялікага як мадэрнізатара і празорцу, які ператварыў Расею ў еўрапейскую дзяржаву, піша ў The New York Times брытанскі гісторык Роберт Сэрвіс. Аднак Уладзімір Пуцін нагадвае іншага цара - Мікалая I, які запомніўся тым, што "ўвязаўся ва ўзброены канфлікт з Брытаніяй і Францыяй і адпрэчваў заклікі да базавых рэформаў, неабходных Расеі, каб супернічаць з сусветнымі дзяржавамі таго часу".

"Заўсёды ўважлівы да ўзброеных сіл і сакрэтных службаў, Мікалай I праглядзеў больш шырокую неабходнасць мадэрнізацыі расейскай эканомікі і грамадства. Яго краіна дорага заплаціла за гэта пасля знявагі яго арміі ў Крымскай вайне 1853-1856 гадоў, - гаворыцца ў артыкуле. - Знешняя палітыка Расеі пры Пуціне дэманструе такі ж відавочны недахоп дальнабачнасці".

Захапіўшы 4,5% украінскай тэрыторыі, Пуцін здзейсніў неверагоднае - уласнаручна разбурыў сваю мару аб стварэнні Еўразійскага саюза пад кіраўніцтвам Расеі. "Гэта катастрофа для знешняй палітыкі Пуціна. Хоць ён і хавае гэта ад грамадства з дапамогай кантролю над дзяржканаламі, ён не зможа падманваць увесь народ увесь час", - піша аўтар.

Галоўны пралік Пуціна тычыцца самой Расеі, працягвае Сэрвіс. Надзвычайная сітуацыя на Украіне заахвоціла найбагацейшых людзей краіны пераправіць яшчэ больш сродкаў на Захад: толькі за гэты год з Расеі выведзена да 70 млрд даляраў.

Не менш трывожным для расейскага прэзідэнта павінен быць адток чалавечага капіталу. "Маладыя людзі з'язджаюць, даведзеныя да адчаю хамскімі чыноўнікамі і агрэсіўнымі дзялкамі. Яны хочуць жыць у мэрытакратыі, дзе толькі талент мае значэнне. Іх мадэль - Сяргей Брын з Google, а не ўбогія міністры і бізнесмены пуцінскага двара", - мяркуе гісторык.

Акрамя таго, кіраўнік расейскай дзяржавы распачаў недастаткова намаганняў для дыверсіфікацыі і большай адкрытасці расейскай эканомікі. "Расея павінна выдаваць высокатэхналагічную прадукцыю, а не толькі нафту і газ, - паказвае аўтар. - А канкуруючая дзяржава, за якой ёй трэба прыглядаць, знаходзіцца не на захадзе, а на поўдні. З сярэдзіны 1970-х гадоў кіраўнікі Кітая зрабілі дыверсіфікацыю сваёй эканомікі прыярытэтам. Тое ж самае з'яўляецца мінімальным патрабаваннем для замацавання за Расеяй статусу еўразійскай дзяржавы. Замест гэтага кітайцы рыхтуюцца стаць супердзяржавай, у той час як рускія адстаюць".

Пуцін пачаў год дэманстрацыяй расейскай "мяккай сілы" на зімовай Алімпіядзе ў Сочы, цэрымонія закрыцця якой прадставіла Расею стыльнай і неагрэсіўнай краінай спорту і культуры. Ужо на наступны дзень ён накіраваў войскі ў Крым, а цяпер Сусветны банк прадказвае Расеі эканамічную рэцэсію да канца года.

"Заходнія краіны не збіраюцца пачынаць другую Крымскую вайну, аднак у іх ёсць больш магчымасцяў ціснуць на Расею, чым меркаваў Пуцін. Яму будзе карысна вывучыць прэцэдэнт цара Мікалая I", - раіць Сэрвіс.

Пераклад: Inopressa.ru

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках