4 траўня 2024, Субота, 15:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Гурыеў: Прычына захопу Крыма - карупцыя ў Расеі

7
Сяргей Гурыеў: Прычына захопу Крыма - карупцыя ў Расеі

Калі эканамічны рост сканчаецца, аўтарытарныя рэжымы звяртаюцца да знешняй агрэсіі.

Менавіта гэта з'яўляецца ключавой прычынай крымскага крызісу.

Пра гэта ў газеце "Ведомости" піша прафесар эканомікі парыжскага Інстытута палітычных даследаванняў, былы рэктар Расейскай эканамічнай школы Сяргей Гурыеў.

Паводле яго слоў, многія гады карупцыя ўспрымалася як унутраная праблема, якую Расея павінна вырашаць самастойна. Акрамя таго, заходнія лідары не пярэчылі супраць расейскай карупцыі і па больш эгаістычных прычынах.

"Калі грошы, якія былі прысвоеныя карумпаванымі чыноўнікамі, выпараліся з Расеі і асядалі на рахунках у швейцарскіх банках ці ж траціліся на куплю пентахаўсаў у Чэлсі, заходнія ўрады супакойвалі сябе тым, што магутныя людзі ў Маскве кроўна зацікаўленыя ў захаванні мірных стасункаў з Захадам. Было прынята лічыць, што карупцыя робіць расейскую эліту ў значнай ступені падсправаздачнай Захаду", - лічыць Гурыеў.

"Гэта было памылкай - прычым вельмі сур'ёзнай, таму што менавіта расейская карупцыя апынулася ключавой прычынай крымскага крызісу. Карупцыя разарыла расейскую эканоміку. А калі эканамічны рост сканчаецца, аўтарытарныя рэжымы нярэдка звяртаюцца да тэрытарыяльнай экспансіі як да інструмента падтрымання папулярнасці і захавання ўлады", - дадаў эксперт.

Паводле яго слоў, у Расеі грамадская дамова 2000-х засноўвалася на эканамічным росце, які да крызісу складаў 7% у год. Грамадзяне былі задаволеныя ўрадам, які забяспечваў ім значныя матэрыяльныя выгоды, хай і зрэзаў адначасова дэмакратычныя свабоды.

"Меркавалася, што такое становішча будзе доўжыцца неабмежавана доўгі час. Калі Уладзімір Пуцін у 2012 годзе зноў стаў прэзідэнтам, ён паабяцаў павялічыць бюджэтныя выдаткі - гэтыя абяцанні засноўваліся на чаканнях росту эканомікі ад 5% да 6% у год", - заявіў Гурыеў.

На думку эксперта, у цяперашніх умовах гэтая грамадская дамова невыканальная.

"У мінулым годзе рост эканомікі запаволіўся да 1,3%. Прагнозы незалежных экспертаў, у прыватнасці спецыялістаў Сусветнага банка, і зусім прадказваюць адмоўны рост у двух першых кварталах 2014 года", - паведаміў ён.

Гурыеў таксама дадаў, што расейскую карупцыю больш нельга лічыць акалічнасцю, якая дазваляе трымаць пад кантролем расейскія эліты. Следствам расейскай карупцыі стала агрэсіўная знешняя палітыка, на якую заходнія лідары ніяк не могуць знайсці сёння адэкватны адказ. Расейская карупцыя сапраўды ператварылася ў пагрозу міжнароднай бяспецы.

"Антыкарупцыйныя расследаванні ніколі не былі прыярытэтам расейскіх уладаў. Незалежныя актывісты вядуць з карупцыяй няроўны бой. Урады іншых краін могуць і павінны спрыяць выяўленню і замарожванню актываў карумпаваных чыноўнікаў", - лічыць эксперт.

"Гэта прывядзе да паслаблення падтрымкі Пуціна ў асяроддзі расейскага кіруючага класа - а таксама да паслаблення падтрымкі элітаў у грамадстве. І тое, і іншае, несумненна, спрыяе нараджэнню новай, дэмакратычнай - а значыць, і мірнай - Расеі", - падсумаваў Гурыеў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках