4 траўня 2024, Субота, 10:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя сутыкненні ў Харкаве: сэпаратысты ўжылі зброю і выбуховыя пакеты

31

Узброеныя ваяўнікі напалі на прыхільнікаў адзінства Украіны.

На плошчы Свабоды ў Харкаве зноў сабраліся прыхільнікі Еўрамайдана і прарасейскія мітынгоўцы. Прыхільнікі сэпаратыстаў, сярод якіх ёсць і грамадзяне Расеі, узброеныя бітамі і кіямі, пачалі закідваць петардамі і выбуховымі пакетамі ўдзельнікаў праўкраінскага мітынгу, піша «Сегодня».

Пасля гэтага блізу сотні чалавек з георгіеўскімі стужачкамі сталі ланцугом і пачалі рух у кірунку сваіх апанэнтаў. У супольнасці «Еўрамайдан» адзначаюць, што большасць з удзельнікаў мітынгу за адзіную Украіну - жанчыны. Частка нападнікаў на іх была ўбраная ў маскі, у руках у іх - біты, драўляныя і жалезныя кіі, яны пакрыск прасоўваюцца наперад, у бок мітынгоўцаў.

Частка прысутных на плошчы супрацоўнікаў міліцыі не перашкаджае агрэсіўна настроеным людзям закідваць прыхільнікаў адзінства краіны петардамі.

Пад 19:40, паводле звестак выдання «Медиапорт», сэпаратысты разагналі мітынг. Паводле слоў адной з удзельніц пратэсту з украінскай сімволікай, яны і так ладзіліся разыходзіцца. Але іх напаткала атака з боку людзей з георгіеўскімі стужкамі.

Ёсць першыя пацярпелыя. Сярод іх - дзяўчына, у якой разбітая галава. Яна ўся ў крыві. Цяпер ёй дапамагаюць прадстаўнікі Чырвонага Крыжа, піша «Аб'ектыў».

Сярод ваяўнікоў былі людзі, якія размахвалі стралковай зброяй. Былі чутныя выбухі, стрэлы і воплескі петардаў.

Пасля гэтага харкаўскія сэпаратысты правялі сход, на якім абвясцілі «незалежнасць» ад Украіны, паведамляе SQ.

На ім быў выказаны недавер дэпутатам Харкаўскай аблрады і зачытаны пайменны спіс тых людзей, якія запісаліся ў альтэрнатыўныя дэпутаты. Яны не здолелі прайсці ў будынак абладміністрацыі. У выніку сэсія была праведзеная проста ў вестыбюлі. Там абвясцілі аб некалькіх пастановах.

«Выканаўца абавязкаў Харкаўскай абласной рады «Рада дэпутатаў харкаўскай тэрытарыяльнай грамады» прыняла пастанову аб стварэнні суверэннай дзяржавы пад назвай Харкаўская народная рэспубліка, якая будзе ладзіць стасункі з іншымі дзяржавамі ў адпаведнасці з міжнародным правам. Гэтая пастанова ўваходзіць у дзеянне пасля зацвярджэння на агульнаабласным рэфэрэндуме. Акрамя таго, прынятая пастанова звярнуцца да прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча з тым, каб ён легітымізаваў гэты сход і яго дакумэнты, а таксама да ўрада Расейскай Федэрацыі з просьбай забяспечыць мірнае правядзенне ў Харкаўскай вобласці рэфэрэндуму ў якасці пасярэднікаў», - заявілі сэпаратысты.

Нагадаем, сёння ў трох усходніх рэгіёнах Украіны - Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласцях - працягваюцца правакацыі , арганізатарамі якіх выступілі захаджалыя з Расеі «турысты», мясцовыя крымінальныя элемэнты і прыхільнікі збеглага з краіны Віктара Януковіча.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках