3 траўня 2024, Пятніца, 7:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лішнія нулі ўбяруць пасля дэвальвацыі

11
Лішнія нулі ўбяруць пасля дэвальвацыі

Учора курс беларускага рубля абнавіў чарговы антырэкорд і яшчэ больш наблізіўся да чарговай псіхалагічнай рысы ў 10 тыс. рублёў за даляр.

Адначасова з гэтым Нацыянальны банк зафіксаваў рост цікавасці да набыцця замежных валют з боку мясцовага насельніцтва, а эксперты - усплёск дэвальвацыйных чаканняў, піша «Независимая газета».

Курс на плаўную дэвальвацыю Беларусь узяла ў канцы мінулага года. У той жа час узятая хуткасць абясцэньвання нацыянальных грошай у апошнія два тыдні перавысіла тэмп пачатку года. За студзень-сакавік беларускія грошы страцілі ў кошце каля 4%. Працэс не застаўся незаўважаным для абывацеля, які пільна сачыў за валютным рынкам. Нацыянальны банк краіны зафіксаваў, што ў сакавіку чысты попыт на валюту з боку насельніцтва вырас больш чым у чатыры разы.

У прыватнасці, калі ў лютым гэты паказчык склаў 19,5 млн дал, то ў сакавіку 87,2 млн дал. Прычым безнаяўны чысты попыт склаў 97,4 млн дал супраць 70 у лютым, што эксперты тлумачаць ператокам рублёвых укладаў у валютныя. Гэта, у сваю чаргу, на іх думку, сведчыць пра рост дэвальвацыйных чаканняў.

Падліваюць масла ў агонь і афіцыйныя заявы. Учора з каментаром аб курсавой палітыцы Нацбанка выступіла яго кіраўнік Надзея Ермакова. Паводле яе слоў, рэзкіх змен не чакаецца. «Хто б і як бы ні нагнятаў абстаноўку, што мы павінны дэвальваваць свой рубель, ідучы за расейскім рублём, казахстанскім тэнге, украінскай грыўняй, мы на гэта не пойдзем», - заявіла яна. Больш за тое, Ермакова абвясціла пра намер Беларусі знізіць на адзін адсоткавы пункт стаўку рэфінансавання. Раней пра неабгрунтаванасць чутак аб рэзкай дэвальвацыі пасля чэмпіянату свету па хакеі казаў намеснік Ермаковай Тарас Надольны. У той жа час беларускі абывацель з 2011 года засвоіў: калі ўлады настойліва пераконваюць у немагчымасці дэвальвацыі, значыць, яна будзе.

Не падзяляюць аптымізм кіраўніка Нацбанка і эксперты. На мінулым тыдні шырока цытавалася ацэнка сітуацыі кіраўніком Белгазпрамбанка Віктарам Бабарыкам. Ён лічыць, што Беларусь не зможа ўтрымліваць сваю валюту ва ўмовах дэвальвацыі нацыянальных грошай у краінах - асноўных гандлёвых партнёрах.

Трывожныя тэндэнцыі выяўляе і апублікаванне канчатковых фінансавых вынікаў мінулага года. Як вынікае з афіцыйнай статыстыкі, дэфіцыт рахунку бягучых аперацый перавысіў леташні ўзровень у чатыры разы і дасягнуў 7,3 млрд дал. Гэта 10,2% ВУП супраць 2,9% у 2012-м. Менавіта гэты паказчык эксперты лічаць найбольш паказальным і на яго падставе кажуць пра імклівае набліжэнне Беларусі да стану 2011 года, які застаўся ў сучаснай гісторыі краіны як перыяд самага сур'ёзнага валютнага крызісу.

Праўда, і незалежныя эксперты схіляюцца да таго, што да канца траўня, то ёсць часу правядзення чэмпіянату свету па хакеі, урад утрымае курс усімі праўдамі і няпраўдамі. «Цяпер усё робіцца, каб турнір прайшоў у нармальнай абстаноўцы. А потым сітуацыя будзе залежаць ад таго, ці дасць хтосьці грошай», - кажа з гэтай нагоды беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў. Паводле яго ацэнкі, Беларусі ў гэтым годзе неабходна 6-8 млрд дал. Краіна можа альбо заняць такую суму, альбо прадаць нешта з уласнасці.

«Калі гэтых пазык не будзе, то дэвальвацыя непазбежная», - упэўнены ён.

Увогуле, ускосна ў эканамічнай нестабільнасці прызнаюцца і ўлады. На мінулым тыдні Лукашэнка прызнаўся, што ўжо надрукаваныя новыя беларускія грошы з меншай колькасцю нулёў, аднак уводзіць іх у абарачэнне ўлады пакуль не плануюць, так як па ўсіх эканамічных нарматывах рабіць гэта мае сэнс толькі ў перыяд стабілізацыі. «Інфляцыя не павінна вылічацца двума лічбамі, гэта значыць трэба, каб яна была не вышэй за 10%», - удакладніла нарматывы Надзея Ермакова. Пакуль жа ў планах ўрада ўтрымаць гадавую інфляцыю ў рамках 16%. Традыцыйна эксперты гэты аптымізм зноў не падзяляюць, бо студзень-люты даў вынік у 3,6%.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках