3 траўня 2024, Пятніца, 13:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стагнацыя эканомікі Расеі ўдарыла па даходах Лукашэнкі

10
Стагнацыя эканомікі Расеі ўдарыла па даходах Лукашэнкі

Калі да гэтага дададуцца рэальныя, а не віртуальныя санкцыі Захаду, то Расея будзе вымушаная адмовіцца ад падтрымкі стратных праектаў.

Пра гэта заявілі эксперты ў інтэрв'ю Radio France Internacional.

Пасля аперацыі ў Крыме расейскія эканамісты прагназуюць велізарныя фінансавыя ўліванні ва ўсе галіны гаспадаркі паўвострава, каб хаця б мінімальна інтэграваць яго ў эканоміку Расейскай Федэрацыі. І гэта прымушае нервавацца беларускія ўлады, бо Беларусь ужо прывыкла жыць пры пастаяннай эканамічнай падтрымцы расейскай дзяржавы.

Наступствы расейска-украінскага канфлікту і ўключэння Крыма ў склад Расейскай Федэрацыі будуць шмат у чым залежаць ад таго, па якім сцэнары будуць развівацца падзеі, а менавіта, наколькі сур'ёзнымі будуць, і ці будуць наогул, эканамічныя санкцыі Захаду ў дачыненні да Расеі. Як лічыць эканаміст Сяргей Балыкін, калі да стагнацыі расейскай эканомікі дададуцца яшчэ і рэальныя, а не віртуальныя меры ўздзеяння Захаду, то Расея будзе вымушаная адмовіцца ад падтрымкі рознага роду стратных праектаў.

«Адным з такіх стратных праектаў з'яўляецца і саюз з Рэспублікай Беларусь. Расея мае магчымасці досыць эфектыўна ўплываць на эканамічную сітуацыю ў Беларусі і на палітычны курс нашай краіны. Па сутнасці, Рэспубліка Беларусь уяўляе з сябе датацыйны рэгіён Расейскай Федэрацыі. Эканоміка Беларусі трымаецца на расейскіх датацыях у той ці іншай форме. Альбо гэта прамыя, альбо ўскосныя датацыі: гэта прадастаўленне нафты па больш нізкіх коштах, гэта купля беларускіх тавараў па коштах вышэй за рынкавыя. Калі справы ў расейскай эканоміцы пойдуць дрэнна, то, адпаведна, Расея не зможа падаваць гэтыя датацыі - і для Беларусі наступяць цяжкія часы. Калі б Беларусь была суб'ектам Расейскай Федэрацыі, нейкім яе рэгіёнам, то Расея павінна была б узяць на сябе цяжар вось гэтых змен, цяжар сітуацыі, якая склалася, але паколькі Беларусь - фармальна незалежная дзяржава, то нам самім прыйдзецца вырашаць усе звязаныя з магчымым пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў Расеі праблемы», - кажа Сяргей Балыкін.

Намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц называе Крым праблемай не толькі для эканомікі рэгіёну, па яго словах, ён становіцца праблемай сусветнай эканомікі. Што да Беларусі, то стагнацыя расейскай эканомікі, рэзкая дэвальвацыя расейскага рубля ўжо даволі сур'ёзна ўдарылі па даходах Менска.

Георгій Грыц: Так як у нас імпарт ідзе ў Беларусь - у асноўным энергетычны - каціруецца ў далярах ЗША, а экспарт у Расейскую Федэрацыю ў расейскіх рублях, то прамыя страты ў наяўнасці. Як прыклад, калі параўноўваць дэвальвацыю за два месяцы беларускага рубля да кошыку валют (даляр, еўра і расейскі рубель), то ў сярэднім гэта 7,5%. Гэта значыць фактычна 7,5% - гэта страта коштавай канкурэнтаздольнасці беларускага экспарту на расейскім рынку.

Еўрапейскі ж рынак - нават без уліку практычна замарожаных палітычных адносінаў Еўразвяза і Беларусі - застаецца недаступным для беларускіх тавараў, - адзначае Сяргей Балыкін. Хоць у Беларусі ёсць шанец паспрабаваць сябе ў афшорах.

«Разлічваць на еўрапейскі рынак нам, на жаль, не даводзіцца, таму што нашы тавары неканкурэнтныя ні па кошце, ні па якасці. Адзіным рэальным рынкам збыту для нас застаецца Расея. Праўда, для Еўропы ўяўляюць цікавасць прадукты перапрацоўкі вуглевадародаў - гэта бензін, гэта дызпаліва. Гэта дазваляе нашай краіне гуляць на супярэчнасцях паміж Расеяй і Еўрапейскім Звязам. Зноў такі, калі санкцыі ў дачыненні да Расеі будуць уведзеныя, то Рэспубліка Беларусь зможа паспрабаваць выканаць ролю пасярэдніка або нейкай афшорнай дзяржавы, праз якую будуць праводзіцца здзелкі Расеі з Еўропай. Але народ ад такога роду схем не выйграе. Выгаду атрымаюць выключна ўлады і набліжаныя да ўладаў структуры, нейкія прадпрымальнікі, нейкі бізнес, кантраляваны уладай альбо наўпрост, альбо апасродкавана», - лічыць Сяргей Балыкін.

Георгій Грыц звяртае ўвагу на тое, што Украіна - трэці гандлёвы партнёр Беларусі пасля Расеі і Еўразвяза. Гандлёвы абарот з Украінай у 2013 годзе склаў каля 7 мільярдаў даляраў.

«Таму тут таксама ўсё гэта не вельмі добра. І я б не казаў нават, што з пункту гледжання пакупніцкай здольнасці беларускага экспарту, таму што там адсоткаў 80 ідуць светлыя нафтапрадукты, якія ў любым выпадку будуць запатрабаваныя, а з пункту гледжання канкурэнтаздольнасці ўкраінскага асяроддзя як такога. Вось дэ-факта Еўрапарламент прыняў рашэнне аб абнуленні фактычна на працягу гэтага месяца пошлін на ўвоз украінскіх тавараў на тэрыторыю Еўразвяза. Наступны крок - аналагічныя сустрэчныя меры ўкраінскага рынку для краін Еўразвяза. А мы ведаем, што Еўразвяз - гэта яшчэ плюс 17 краін, з якімі Еўразвязам падпісаныя пагадненні аб зоне свабоднага гандлю. Гэта адназначнае ўзмацненне жорсткасці канкурэнцыі на ўкраінскім рынку», - лічыць Георгій Грыц.

Але, - адзначае эканаміст, - расейска-украінскі канфлікт зацягваецца, што адкрывае некаторыя іншыя магчымасці для беларускай эканомікі.

«Украінскія тавары, хутчэй за ўсё, на расейскім рынку дэ-факта знікнуць. Гэтая ніша вызваліцца, але таксама трэба разумець, што яе аўтаматам не зоймуць беларускія вытворцы. У першую чаргу, на гэтую нішу будуць прэтэндаваць самі нацыянальныя вытворцы. Але, у прынцыпе, гэта можна разглядаць як нейкую кампенсацыю за гэтыя страты», - падкрэсліў ён.

І пра такую кампенсацыю загаварыў на мінулым тыдні Лукашэнка. Падчас наведвання абароннага прадпрыемства ў Баранавічах ён заявіў пра вытворчасць у Беларусі верталётаў і самалётаў для расейскага рынку.

Прапанова становіцца больш зразумелай, калі ўлічыць, што ўласнікам часткі акцый Аршанскага авіярамонтнага завода з'яўляецца ўкраінская фірма «Матор Січ». У сілу вядомых прычын украінскія лёгкія верталёты, у якіх мае патрэбу Расея, цяпер на гэты рынак наўрад ці паступяць.

Гэта значыць, Беларусь пры сваёй цікавасці будзе збіраць украінскую тэхніку з наступным продажам на тэрыторыі Мытнага саюза. «Бяры і кляпай», - заклікаў Лукашэнка кіраўнікоў абаронных прадпрыемстваў Беларусі, тым больш, па яго словах, «момант нармальны».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках