3 траўня 2024, Пятніца, 10:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Насельніцтва Зямлі дасягнула 7,2 мільярда чалавек

13
Насельніцтва Зямлі дасягнула 7,2 мільярда чалавек

Камісія народанасельніцтва і развіцця ААН распавяла пра галоўныя праблемы чалавецтва.

На яе думку, гэта старэнне насельніцтва і ўрбанізацыя. Такую ацэнку агучылі ў Камісіі народанасельніцтва і развіцця, якая пачала працу ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. На разгляд яе ўдзельнікам пададзены даклад генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна аб сусветных дэмаграфічных тэндэнцыях, піша "Корреспондент".

"Дэмаграфічны склад сучаснага свету вызначаецца такой разнастайнасцю, якой чалавецтва яшчэ ніколі раней не ведала ў сваёй гісторыі. Ёсць краіны, у якіх захоўваецца высокая нараджальнасць, і ў выніку для іх характэрныя ўзроставыя структуры з вялікай дзеллю моладзі і высокія тэмпы росту насельніцтва. Ёсць таксама і краіны, дзе нараджальнасць ужо ўпала ніжэй за ўзровень узнаўлення, што абарочваецца імклівым старэннем насельніцтва...", - гаворыцца ў дакладзе генеральнага сакратара ААН.

У ім утрымліваецца агляд дэмаграфічнай сітуацыі ў свеце з разбіўкай па рэгіёнах і краінах з улікам змен, якія адбыліся за апошнія 20 гадоў пасля прыняцця праграмы дзеянняў на міжнароднай канферэнцыі аб народанасельніцтве і развіцці, што адбылася ў 1994 годзе ў Каіры.

У дакладзе адзначаецца, што колькасць сусветнага насельніцтва вырасла з 5,7 мільярда ў 1994 годзе да 7,2 мільярда чалавек у пачатку 2014 года. У наступныя дзесяцігоддзі істотна павялічыцца колькасць насельніцтва Афрыкі. Паводле прагнозаў экспэртаў, да 2050 года тэмпы росту насельніцтва «чорнага кантынэнта» будуць больш чым у 6 разоў перасягаць тэмпы росту насельніцтва ў Лацінскай Амэрыцы ды Карыбскім басэйне і больш чым у 15 разоў - тэмпы росту насельніцтва ў Азіі.

У больш чым 40 краінах колькасць насельніцтва ў перыяд 2014-2050 гадоў скароціцца. У абсалютным вымярэнні найбольш значнае скарачэнне насельніцтва адбудзецца ў Нямеччыне, Кітаі, Польшчы, Расейскай Федэрацыі, Румыніі, Сербіі, Тайландзе, Украіне і Японіі. Такая ж доля напаткае шмат якія іншыя краіны, асабліва ва Усходняй Еўропе, а таксама ва Усходняй, Паўднёва-Усходняй і Заходняй Азіі.

Экспэрты мяркуюць, што ў 2025 годзе ў свеце будзе налічвацца 8,1 мільярда чалавек, а ў 2050 годзе - 9,6 мільярда чалавек.

У перыяд з 1994 года да 2014 колькасць людзей, старэйшых за 60 гадоў, падвоілася. Сёння паджылых асоб больш, чым дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў. Мяркуецца, што да 2050 года дзель паджылых асоб у агульным складзе насельніцтва дасягне 21%.

У бліжэйшыя 35 гадоў дзель моладзі ў агульным складзе насельніцтва будзе заставацца параўнальна стабільнай.

На сённяшні дзень больш за палову насельніцтва Зямлі пражывае ў гарадскіх раёнах - гэта 3,9 мільярда чалавек. Лік гараджан працягвае рост.

У дакладзе генеральны сакратар ААН адзначыў, што сваёй колькасцю, структурай і тэрытарыяльным размеркаваннем насельніцтва свету ў будучыні будзе шмат у чым іншым, чым сёння. Дэмаграфічныя змены будуць і надалей уздзейнічаць на эканоміку, экалогію і палітыку, якія, у сваю чаргу, таксама будуць уплываць на дэмаграфічную сітуацыю.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках