3 траўня 2024, Пятніца, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

П'яныя узброеныя расейцы зладзілі гонкі з ДАІ пад Лоевам

40
П'яныя узброеныя расейцы зладзілі гонкі з ДАІ пад Лоевам

Паведамленне аб ДТЗ з удзелам самахода ДАІ паступіла сёння ў РАУС Лоеўскага раёна.

З дакладу вынікала, што начальнік АДАІ Аляксандр Бірук на дарозе Лоеў - Рэчыца пераследаваў Land Rover з расейскімі нумарамі. Мяркуючы з манеўраў, кіроўца мог быць нецвярозы. На патрабаванні аб спыненні ён не рэагаваў. Бірук здолеў загнаць парушальніка ў лясны глухі кут. Неадэкватны кіроўца паспрабаваў развярнуцца, пры гэтым закрануўшы аўтамабіль ДАІ. На гэтым ліхтугі толькі пачыналіся, паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама.

«Прыбыўшы на месца і агледзеўшы пашкоджанні, я ўбачыў у салоне боепрыпасы да паляўнічай зброі, - распавёў начальнік Лоеўскага РАУС Уладзімір Бухаўцоў. - Быў дадзены наказ аб дакумэнтаванні ДТЗ і канфіскацыі боепрыпасаў. Кіроўцам выявіўся грамадзянін Расеі. Дарэчы, працуе ён медбратам псіхіятрычнай лякарні прымусовага лячэння. З ім знаходзіўся яшчэ адзін расеец на моцным падпітку.

У салоне адшукаўся траўматычны пісталет - копія ПМ. Таксама ў самаходзе знаходзіліся 425 паляўнічых патронаў 12-га калібра».

На месца здарэння прыехаў дырэктар Лоеўскай раённай структуры БАПР, які забяспечваў інтэрнацыянальнае паляванне. Высветлілася, што трое грамадзян РФ аплацілі паляванне ў Лоеўскім раёне. Аднак ранішняя выправа не заладзілася: выпусцілі ў неба блізу 100 стрэлаў - і ўсё пудла. Ад засмучэння шмат выпілі. Пры гэтым зброю ў РАУС на захоўванне не здалі. А затым, з іхных слоў, наогул наважылі ехаць у Лоеў на запраўку.

Трэцяга паляўнічага, які знаходзіўся таксама ў жаласным стане ад выпітага, міліцыянты знайшлі на базе адпачынку. Складна разважаць і арыентавацца ў прасторы мужчына не мог. Зброя ляжала пад ложкамі. Сканфіскавалі 3 стрэльбы і яшчэ 313 набояў.

Разгляд з дастаўленымі праходзіў вельмі эмацыйна і да позняй ночы. Дзякуючы вытрымцы супрацоўнікаў, што абстрагаваліся ад эмоцый, матэрыялы былі складзеныя хутка, а зброя сканфіскаваная. Грошы, якімі парушальнікі, з іхных слоў, заўсёды і ўсё развязвалі ў іншых краінах, пайшлі на аплату штрафу.

За кіраванне ў п'яным выглядзе кіроўца аштрафаваны на 6 500 000 рублёў з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. За парушэнне правілаў абыходжання са стралковай зброяй ён заплаціў яшчэ 750 000 рублёў. На астачу медбрату забаранілі ўезд у Беларусь на год.

Характэрна, што госці нават у банк для аплаты штрафу спрабавалі праткнуцца без чаргі, адсунуўшы ў бок пенсіянераў. Пасля праведзенай прафілактычнай гутаркі незадаволеныя паляўнічыя з’ехалі.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты таксама дырэктар раённай аргструктуры БАПР, які быў абавязаны разумець магчымыя цяжкія наступствы п'янага кіравання і наяўнасці зброі ў падпітых паляўнічых.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках