Дэпутата Еўрапарламента не пусцілі ў Беларусь
7- 12.05.2014, 7:41
- 24,269
(абноўлена - 08:40) Еўрадэпутат Марэк Мігальскі не здолеў трапіць у Беларусь насуперак абяцанням уладаў.
Сёння ноччу ў Брэсце ён быў зняты з варшаўскага цягніка. Усю ноч палітык і сябры яго каманды правялі без сну ў памежнікаў.
Як паведаміла сайту charter97.org памочніца Марэка Мігальскага Ганна Бяляс, цяпер ён вяртаецца ў Варшаву. У 10:45 у польскім Сейме пройдзе прэс-канферэнцыя палітыка, прысвечаная інцыдэнту, які адбыўся з ім.
Марэк Мігальскі вядомы сваёй пазіцыяй па Беларусі, з'яўляецца актыўным прыхільнікам жорсткіх мер у дачыненні да беларускага рэжыму.
Ён на працягу трох апошніх гадоў абараняе беларускіх палітвязняў. Раней Марэк Мігальскі шмат намаганняў прыклаў для дапамогі Змітру Бандарэнку і Сяргею Каваленку. Пасля іх вызвалення не менш актыўна дамагаўся вызвалення Змітра Дашкевіча і Мікалая Статкевіча, якога працягвае падтрымліваць і цяпер.
Таксама еўрадэпутат праводзіў кампаніі па байкоту Чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі з-за рэпрэсій супраць апазіцыі.
У нашай краіне за кратамі знаходзяцца дзевяць арыштаваных на працяглыя тэрміны палітвязняў, у тым ліку былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Акрамя таго, на працягу апошніх двух тыдняў супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя каля 30 актывістаў апазіцыі. Праваабаронцы звязваюць арышты з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.