24 красавiка 2024, Серада, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

60 добраахвотнікаў з Беларусі і Расеі сфарміруюць роту батальёна «Данбас»

63

Камбат батальёна плануе стварыць у яго складзе роту з грамадзян постсавецкіх краін, якія хочуць абараняць Украіну.

На днях навабранцы знакамітага батальёна "Данбас", які ў траўні вызваліў ад баевікоў адзін з раёнаў Данецкай вобласці і ўзяў пад кантроль тамтэйшую міліцыю, адправяцца на ўсход Украіны, каб удзельнічаць у антытэрарыстычнай аперацыі.

Карэспандэнт "Украинской правды" пабывала ў трэніровачным лагеры батальёна, каб даведацца, што за людзі добраахвотна ідуць пад кулі і дзеля чаго.

Трэніровачны лагер батальёна "Данбас", які пасля трагічнага расстрэлу добраахвотнікаў баевікамі ў Карлаўцы ўвайшоў у склад Нацыянальнай гвардыі, размяшчаецца на тэрыторыі базы ўнутраных войскаў Украіны пад Кіевам.

Салдаты тэрміновай службы праходзяць тут вучэнні разам з добраахвотнікамі, якія вызваліся ісці ваяваць на ўсход. Ля брамы базы нас сустракае моцны мужчына ў балаклаве з усмешлівымі іранічнымі вачыма.

"Ну, вось я - правая рука Яраша, бандэравец Сямён Сяменчанка, прыемна пазнаёміцца", - жартуе камандзір батальёна і запрашае зайсці.

На полі каля спісанага верталёта выстраіліся людзі - у асноўным мужчыны старэй трыццаці пяці ў звыклай "мірнай" вопратцы. Гэта навабранцы, якія запісаліся ў батальён зусім нядаўна і цяпер праходзяць пачатковую падрыхтоўку з інструктарамі.

Па словах Сяменчанкі, батальён на 75% складаецца з жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей, "якія рэальна ўбачылі, што сабой уяўляе "руская вясна".

"Яе твар, - кажа Сяменчанка, маючы на ўвазе "рускую вясну", - гэта хлусня па тэлебачанні, тэрор, выкраданне людзей, ублюдкі, якія за грошы забіваюць і сеюць збожжа нянавісці, і спрабуюць сутыкнуьц рускіх і ўкраінцаў".

"Данбас" нарадзіўся паўтара месяца таму. Яго касцяк - сотнікі самаабароны Майдана. Нейкі час батальён дзейнічаў самастойна, а цяпер, кажа Сяменчанка, вырашыў "легалізавацца" пры Нацгвардыі, хоць і раней каардынаваўся з сіламі АТА.

"За сваю працу мы не атрымліваем грошай, мы ўсе - добраахвотнікі, - удакладняе камандзір. - Мы хочам стварыць новую армію і міліцыю, і абараняем не нейкую міфічную "хунту" і не ўрад Украіны. Тое, што адбываецца зараз у краіне, нам таксама не падабаецца. Але мы змагаемся за тую Украіну, якая можа быць. За мару.

Давайце не будзем забіваць адзін аднаго, давайце пачнем чуць адзін аднаго. Давайце выкінем з краіны наймітаў, платных мярзотнікаў і патокі хлусні... І дамовімся пра будучыню нашай краіны".

Сам Сямён Сяменчанка, па легендзе, да падзей на Майдане быў прыватным прадпрымальнікам - "дробным крамнікам", як яго называюць у расейскіх СМІ. Пра яго чаго толькі не кажуць, нават, што можа адпужваць паскуддзе.

Ён сапраўды неверагодна аптымістычны, але строгі. Сямён Сяменчанка пастаянна нешта прыдумляе, або хтосьці прыдумляе для яго: на днях прыдумаў інфармацыйнае агенцтва "Украіна сёння" пра навіны АТА ў піку агенцтву Дзмітрыя Кісялёва "Расея сёння".

Прыдумаў роту "Кіеўская Русь", у якую хоча сабраць грамадзян постсавецкіх краін, гатовых ваяваць за свабодную Украіну. Кажа, што добраахвотнікаў з Расеі і Беларусі ўжо каля шасцідзесяці, але пакуль што Нацгвардыя паводле статуту прыняць іх не можа: спачатку такім жадаючым прыйдзецца атрымаць грамадзянства або від на жыхарства.

Спыняю зусім маладога хлопца ў балаклаве. Ён называе сябе "Бэтмэнам". Худы, доўгі, твар колеру слановай косці, светлыя вочы. Ён з Данецка, а ўсе, хто родам з усходніх рэгіёнаў, хаваюцца ад журналістаў пад балаклавамі і маскамі, каб іх не пазналі на Данбасе.

"Бэтмэн" некалькі разоў быў на Майдане разам з Сяменчанкам, які тады быў сотнікам самаабароны. 13 сакавіка быў на праўкраінскі акцыі ў Данецку, больш за тое - у тым самым аўтобусе, у якім загінуў актывіст Дзмітрый Чарняўскі.

"Чаму ты вырашыў ваяваць у сваім родным рэгіёне? Бо, магчыма, прыйдзецца страляць па знаёмых, людзях, з якімі ты ў адным горадзе жыў", - пытаецца журналіст у яго.

"Я хачу адстаяць свой рэгіён, хачу шпацыраваць па сваім горадзе спакойна, ведаючы, што там будзе парадак, - адказвае ён. - Мне проста хочацца вярнуцца дадому, у мірны ціхі горад".

Калі на Данбасе пачаліся хваляванні, пасля анэксіі Крыма, "Бэтмэн" пасварыўся з уласным братам, які прытрымліваецца прарасейскай пазіцыі: "Ну, калі-небудзь ён зразумее, што быў няправы. Многія не разумеюць, што калі яны бегалі са сцяжкамі, то зараджалі гэтую вайну. Нікога на самай справе не забіваў Правы сектар. А зараз прыйдзецца забіваць чачэнцаў, якія невядома навошта прыйшлі на нашу зямлю".

Міма праходзіць група мужчын старэй "Бэтмэна". У іх у руках тоўстыя пласціны ад бронекамізэлек.

"Вось глядзіце, мы правялі выпрабаванні, - дакладвае адзін з іх Сямёну Сяменчанка. - Нямецкая пласціна рэагуе нармальна, а ўкраінская - вось паглядзіце як". Мужчына дэманструе вялізную дзірку, прабітую ў пласціне бронекамізэлькі. - "Нельга нашым хлопцам такія насіць. Нельга".

У намётавым лагеры батальёна "Данбас" стаяць палаткі не толькі з украінскімі сцягамі. Ёсць, напрыклад, азербайджанскі і грузінскі.

Грузін з пазыўным "Даберман" - герой многіх тэлесюжэтаў. Ён быў пад Карлаўкай. Выжыў. "Даберман" - вопытны баец. Кажа, што ваяваў падчас грузіна-асяцінскага канфлікту і ў Іраку.

"Разумееце, хтосьці павінен ваяваць, а хтосьці пячы хлеб. Вось я ўмею ваяваць. Вайны не баюся. Я раблю гэта дзеля сваёй сям'і і сваёй зямлі, дзеля свабоднай Украіны. І грошай за гэта не атрымліваю, мне не трэба. Ведаеце, у гэтым батальёне ўнікальнае стаўленне да чалавека, толькі дзеля гэтага варта тут знаходзіцца" - распавядае грузінскі баец за свабодную Украіну.

Семен Семенченко, фото Екатерина Сергацкова

Байцы "Данбаса" не атрымліваюць зарплату. Няма адкуль. У дзяржавы не хапае рэсурсаў забяспечваць Нацгвардыю і армію. Батальёну дапамагаюць украінцы, якія рэгулярна пераводзяць грошы на ежу, вопратку і рыштунак. Усе байцы апранутыя і абутыя. На іх бронекамізэлькі і новыя каскі.

Інструктары таксама працуюць бясплатна, як кажа Сяменчанка, - "за ідэю". У асноўным гэта былыя вайскоўцы, патрыёты, якія маюць баявы вопыт, афіцэры спецпадраздзялення "Альфа".

Мы размаўляем з мужчынам сярэдніх гадоў, кіяўлянін, які заве сябе "Лексам". Сядзім на лаўцы, проста перад стрэльбішчам, дзе першы набор батальёна трэніруецца стральбе з аўтаматаў. На мэтах намаляваны персанаж з тварам каўказскай нацыянальнасці.

"Чаму вы вырашылі пайсці добраахвотнікам у батальён?" - пытаецца журналіст. "Мяне здзіўляе, чаму ў іншых няма жадання ісці", - спакойна адказвае суразмоўца.

"Лекс" - кіраўнік буйной кампаніі, рэгулярна хадзіў на Майдан, дапамагаў медыкаментамі, ежай і грашыма, як і многія кіяўляне. Калі рэвалюцыя скончылася, а на Усходзе пачалася вайна, ён запісаўся ў батальён "Данбас".

"Пасля Майдана бізнес устаў, і трэба было ратаваць Усход, вось я і пайшоў ваяваць, - кажа "Лекс". - На маю асабістую думку, мы ваюем з наймітамі і крыміналітэтам, які заўсёды кантраляваў тут фінансавыя патокі. А ўзначальвае гэта ўсё Партыя рэгіёнаў і камуністы. А людзі... Людзі проста хочуць жыць лепш. Але яны ашуканыя і дэзінфармаваныя".

"А ў чым розніца паміж Майданам і тым, што цяпер у Данбасе адбываецца? Таксама ж паўстанне народа", - уступае ў размову журналіст з Расеі.

"Розніца вялікая, - адказвае, не збянтэжыўшыся, баец. - На Майдане былі жоўта-блакітныя сцягі, людзі падняліся супраць карупцыі і за тое, каб у нас усё было добра, як у Еўропе. А тут - рускія трыкалоры і ідэя аддзялення ад Украіны, пераход у склад іншай дзяржавы. А гэта ўжо, наколькі мне вядома, караецца законам".

Да нас падыходзіць усюдыісны Сямён Сяменчанка: "Ведаеце, які самы папулярны ў Данбасе анекдот? Уладзімір Уладзіміравіч, вы казалі, што прыйдзе Правы сектар і надыдзе пі...ец. Дык вось, пі...ец надышоў, а дзе Правы сектар?".

"Дык вось - працягвае, адсмяяўшыся, "Лекс" - я быў у Карлаўцы, калі там адбываўся бой. І пазнаёміўся з хлопцамі родам з Данбаса. Я пераканаўся, што ўсё зрабіў правільна, калі прыйшоў у батальён. Усход - гэта рэальна наша зямля, і хлопцы там сапраўдныя малайцы".

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках