Тэрарысты атакавалі памежныя пасты ў Данецкай і Луганскай абласцях
22- 21.06.2014, 10:48
- 19,718
Некалькі ўкраінскіх памежных пастоў сёння ноччу падвергнуліся нападу.
Чальцы незаконных узброеных фарміраванняў учынілі мінамётны абстрэл пазіцый памежнікаў у раёне населенага пункта Выселкі (Данецкая вобласць), а таксама здзейснілі спробу штурму памежпаста Ізварына. Пра гэта паведамляе Дзяржпамежслужба Украіны.
"Пад 21.20 баевікі пад'ехалі да пункта пропуску Ізварына на аўтамабілях і адкрылі агонь па складзе памежнага нарада. Памежнікі прынялі ўсе неабходныя меры для эвакуацыі грамадзянскіх асоб, якія знаходзіліся ў пункце пропуску, у бяспечныя месцы. Пасля гэтага змена памежных нарадаў перамясцілася на загадзя падрыхтаваныя агнявыя пазіцыі і прыняла бой", - гаворыцца ў паведамленні.
Паводле інфармацыі ведамства, падчас сутыкнення шасцёра памежнікаў атрымалі агнявыя раненні, двое з якіх - цяжкія. У далейшым памежнікі вымушаны былі пад націскам праціўніка адступіць з боем на тэрыторыю Расеі, піша Карэспандэнт.
Памежнікі паведамляюць, што баевікі вялі агонь з гранатамётаў, мінамётаў, кулямётаў і снайперскіх вінтовак. Падчас бою тэрарыстамі таксама быў зроблены абстрэл расейскай тэрыторыі і паранены адзін расейскі памежнік, пасля чаго прадстаўнікі памежнай службы Расеі адкрылі агонь па нападніках.
Таксама ў памежнай службе заяўляюць аб начным мінамётным абстрэле пазіцый украінскіх памежнікаў. "Нападнікі вялі масіўны мінамётны агонь з 1.50 да 2.20. Таксама яны ўжывалі снайперскую і аўтаматычную зброю. У выніку абстрэлу параненыя 3 памежнікі (адзін у цяжкім стане), нанесеныя пашкоджанні тэхніцы і тэхнічным сродкам", - падкрэслілі ў паведамленні.
Параненых вайскоўцаў з месца эвакуіравалі.
Праз пункт пропуску Марынаўка паспрабавалі прарвацца ўзброеныя тэрарысты на вайсковай тэхніцы. У 16.05 адзін аўтамабіль КамАЗ уварваўся на тэрыторыю ўкраінскага пункта пропуску, пачалася атака як з расейскага боку, так і з тэрыторыі Украіны. У выніку бою быў падбіты адзін КамАЗ, знішчаны буйнакаліберны кулямёт. Былі параненыя 5 памежнікаў, таксама ёсць інфармацыя пра страты ў шэрагах нападнікаў. У 20.00 да памежнікаў паступіла наземная падтрымка ад зводнага атрада Дзяржпамежслужбы і Узброеных сіл Украіны. Баевікі вымушаныя былі бегчы пасля нападаў авіяцыі і ўзмацнення памежнікаў.