18 красавiка 2024, Чацвер, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Самі беларусы павінны змяняць сітуацыю (Відэа)

21

Былы палітвязень Алесь Бяляцкі даў прэс-канферэнцыю ў Менску.

«Сядзець за дэмакратычную, незалежную Беларусь - гэта нармальна», - сказаў у пачатку прэс-канферэнцыі Алесь Бяляцкі. Ён выкрасліў сваё прозвішча на футболцы, дзе былі напісаныя прозвішчы беларускіх палітвязняў.

«Мы не павінны баяцца ціску і рэпрэсій. Я ведаў за што сяджу, таму мне сядзелася лёгка. Удзячны дзесятку тысяч людзей, якія падтрымлівалі мяне», - адзначыў былы палітвязень.

«Я спадзяюся, што маё вызваленне - гэта толькі пачатак. Я звяртаюся да беларускіх улад, каб на Бяляцкім не скончылася вызваленне палітвязняў. Беларусь павінна быць краінай без палітвязняў. І мы блізкія да гэтага, трэба вызваліць сем палітычных зняволеных і абвясціць мараторый на затрыманні», - падае словы былога палітвязня «Наша Нiва».

Вызваленне для Бяляцкага стала нечаканасцю.

«Я чытаў каментары МУС, што яны збіраліся вызваліць паводле майго крымінальнага артыкула 400 чалавек. Але я быў «злосным парушальнікам». На ўзроўні калоніі мне ніхто нічога растлумачыць не мог. Зразумела, што пастанову прымаюць не яны. Вызваленне было нечаканасцю для мяне. У нас у калоніі пад амністыю патрапіла два чалавекі», - паведаміў ён.

«Зразумела, што артыкул паводле якога мяне судзілі - гэта асаблівы палітычны працэс. Яшчэ да арышту было зразумела, што дзейнасць "Вясны" выклікала вялікую цікавасць у КДБ. Мяне паставілі перад канкрэтным выбарам: ці з'ехаць з краіны, ці заставацца тут і даводзіць, што я не вінаваты ў выстаўленых мне абвінавачваннях.

Улады ставілі перад сабой мэту запалохаць грамадзянскую супольнасць. Дасягнулі? Не ў такой ступені, як хацелі. Я не адыходзіў ад сваіх слоў і дзейнасці. Вызваленне - не ёсць змяненнем маёй пазіцыі. Гэтая ўлада вымушаная ісці на саступкі, каб нармалізаваць стасункі. Быў і ёсць татальны кантроль над грамадствам. Я ў курсе, які быў ціск на іншых зняволеных. Нейкіх кардынальных змен у грамадстве не відаць.

У мяне няма вялікага задавальнення ад таго, што я выйшаў. Бо прайшло тры гады, а нічога не змянілася ў краіне», - сказаў Бяляцкі.

Праваабаронца распавёў пра прапаганду, якая ўплывае на зняволеных у турмах.

«У нас у калоніі ішлі беларускія і расейскія тэлеканалы, расейскія папулярныя. Шалёная расейская вайсковая прапаганда, безумоўна, уплывае на зняволеных у прыватнасці, і грамадзян краіны агулам. У малых гарадах людзям лёгка затлуміць галовы», - адзначыў ён.

«Будучыня ў нашых руках. Калі ідуць размовы пра рукі Захаду і ролю ЗША - гэта поўная лухта. Самі беларусы павінны змяняць сітуацыю. У лепшым выпадку нам могуць паспачуваць, але дэмакратыю ніхто не прынясе», - сказаў Бяляцкі.

Былому палітвязню два разы прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні.

«Выбару пісаць, не пісаць прашэнне ў мяне не было. Нават думкі такой не было. Фармальна мне прапаноўвалі два разы напісаць прашэнне на імя Лукашэнкі. Спачатку ў верасні 2011, а затым у студзені 2014 пасля прэс-канферэнцыі Лукашэнкі. У калоніях шмат чаго не гаворыцца на словах, але цябе падштурхоўваюць сваімі ўчынкамі, нейкімі дробнымі правакацыямі, абмежаваннямі», - заявіў Бяляцкі.

«Усе размовы пра пацяпленне з Захадам можна толькі пачынаць пасля вызвалення ўсіх палітвязняў. Не можа быць сітуацыя як у Азербайджане. У нас павінна быць зона без палітвязняў. Мы не павінны скочвацца на сітуацыю бяспраўя і беззаконня», - падкрэсліў ён.

Праваабаронца не збіраецца пакідаць краіну.

«З'язджаць я не збіраюся, мне тут вельмі камфортна. Я, можа, старэю, але мне важная атмасфера беларускага грамадства. На Захадзе ты адчуваеш сябе не ў сваёй талерцы», - заявіў ён.

«Я буду займацца па магчымасці праваабарончай дзейнасцю. Гэта будзе асноўная мая праца. Буду далей пісаць, на зоне шмат пісаў. Пісаў і літаратуразнаўчыя артыкулы, і эсэ», - адзначыў Бяляцкі.

«Умовы ўтрымання ў турме ў палітвязняў асаблівыя: ізаляцыя ад іншых асуджаных (калі з табой вітаюцца, то ў атрадзе чалавек знікае). Атрад «ачысцілі» ад тых, хто падпісаны на «Народную волю», калі я там з'явіўся. Псіхалагічна гэта цісне, калі іншыя цябе палохаюцца, староняцца. Да гэтага, зрэшты, можна прыстасавацца», - заявіў ён.

Сёння былы палітвязень стане на ўлік у міліцыю.

«Абмежаванні для мяне будуць. Сёння я стану на ўлік у міліцыю, тады і даведаюся», - адзначыў Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі не збіраецца ісці ў прэзідэнты.

«У мяне ніколі не было ахвоты пайсці ў прэзідэнты і цяпер няма. Па-першае, я нарадзіўся ў Расеі. Па-другое, я не бачу сябе як палітычнага дзеяча. Грамадская дзейнасць сёння больш актуальная нават чым палітычная. У нас шмат кандыдатаў у прэзідэнты, сцяг ім у рукі», - сказаў ён.

«Расея - гэта еўрапейская краіна, і рана ці позна яна далучыцца да еўрапейскіх краін. Развязанне беларускага ці ўкраінскага пытання магчымае толькі ў сувязі са зменамі ў Расеі», - сказаў ён.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі выйшаў на волю паводле амністыі 21 чэрвеня. За кратамі кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» правёў 1050 дзён - амаль тры гады. 24 лістапада 2011 суд прызнаў яго вінаватым у хаванні даходаў у асабліва вялікай суме і прысудзіў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, што паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці, а адкрыць рахункі ў Беларусі немагчыма, бо «Вясна» працуе нелегальна. Улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.

Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, які нібыта прычыненая дзяржаве Бяляцкім, была цалкам сплачаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Праваабаронца адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення.

Апошнія тры гады запар Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках