1 траўня 2024, Серада, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Euronews падыгрывае Крамлю

44

Знайдзіце 10 адрозненняў. Ну, добра, не 10, хоць бы парачку.

"Украінскія сілавікі пачалі наступ на асноўныя пазіцыі байцоў народнай самаабароны", "Апалчэнне Славянска сцвярджае, што збіла Су-25", "Пад Славянскам апалчэнцы падбілі чатыры ўкраінскіх БТР", - паведамляюць Вести 24 у сваіх навінавых сюжэтах на тэлеканале "Россия 24", асабліва не задаючыся пытаннямі, адкуль у "народнай самаабароны" ці "апалчэння" ўзялося ўзбраенне, здольнае збіць дагукавы штурмавік, а таксама знішчыць верталёт, некалькі танкаў і БТР. Не паложана ім па рэдакцыйнай палітыцы забіваць галовы такімі пытаннямі, піша "Обозреватель".

А вось урыўкі з навінавых сюжэтаў іншага канала - Euronews.

"Луганскі памежатрад атакаваны апалчэнцамі ЛНР", "Перамір'е, абвешчанае раней у Луганску, перарвана, і бой па-прарасейску настроеных апалчэнцаў з памежнікамі аднавіўся зноў", - распавядае сваёй рускамоўнай аўдыторыі еўрапейскі канал, галоўнай задачай якога, у адпаведнасці з рэдакцыйным статутам, з'яўляецца асвятленне навін у "кантэксце пабудовы еўрапейскага адзінства".

Euronews гэтак жа, як і расейскія журналісты, не заўважае добра ўзброеных, часам нават - пераноснымі зенітна-ракетнымі комплексамі, наёмных вайскоўцаў - нярэдка з расейскімі пашпартамі, залічылі усіх пад адзін грабянец у шэрагі так званага народнага апалчэння.

Але на гэтым нюансы рэдакцыйнай палітыкі Euronews не сканчаюцца. Украінская, расейская і англійская рэдакцыі канала часам па-свойму трактуюць падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, адпаведна па-рознаму называючы "зялёных чалавечкаў", якія з'явіліся на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей.

Ніжэй - навіна пра адну і тую ж падзею на трох мовах. Ва ўкраінскай версіі Euronews тэрарыстаў называюць "баевікамі" і "ўзброенымі людзьмі, якія падтрымліваюць сепаратызм". У англамоўнай - "сепаратыстамі" і "прарасейскімі нападнікамі". А вось у рускім варыянце гэтай жа навіны згадка пра сепаратызм, які, дарэчы, ва Украіне крымінальна наказваецца, у звязку з прадстаўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай рэспублік знікае. Узброеныя да зубоў тэрарысты ў журналісцкім тэксце называюцца "апалчэнцамі", "паўстанцамі", максімум - "байцамі". Хоць у іншых матэрыялах рускамоўнай версіі Euronews іх не раз характарызуюць як "сепаратыстаў".

Прыбяры назву канала - і рыторыку еўрапейскага вяшчальніка не адрозніш ад пракрамлёўскіх ідэалагемаў, якія распаўсюджваюцца кісялёвымі, салаўёвымі і падобнымі. Хіба што больш культурная тая, сціплей неяк.

Дзіўнае адзінства пазіцый становіцца менш дзіўным пасля таго, як паглядзіш пералік найбуйнейшых акцыянераў Euronews. Усерасейская дзяржаўная тэлерадыёвяшчальная кампанія (ВГТРК) з 2004 года валодае амаль 17% акцый Euronews, з'яўляючыся трэцім найбуйнейшым уласнікам еўрапейскага вяшчальніка, пасля Францыі і Італіі.

Названая ВГТРК уключае ў сябе даволі вядомыя тэлеканалы "Россия 24", "Россия-1", "РТР-планета". Умелымі і выразнымі ручкамі Дзмітрый Кісялёў там дырыжуе хорам антыўкраінскіх галасоў.

Валід Арфуш, кіраўнік Euronews у СНД, смяецца ў адказ на меркаванне, што кіраваны ім канал падыгрывае Расеі.

"Свабодная журналістыка, што - азначае падтрымку крамлёўскай прапаганды? - пытаннем на пытанне адказвае ён. - У рэдакцыі Euronews заўсёды збіраюцца нарады, на якіх вызначаецца, каго і як зваць. Любы СМІ мае права называць тую ці іншую падзею так, як лічыць гэта патрэбным. Міжнародны тэлеканал не можа быць суддзёй у тым, што адбываецца. Мы толькі паказваем, што адбываецца. Я з вамі цалкам не згодны. Euronews робіць сваю працу так, як лічыць патрэбным - у нас абсалютна свабодная, незалежная журналісцкая праца, якая не залежная ні ад якога расейскага ці ўкраінскага ціску".

Любое ўмяшанне расейскіх акцыянераў у выбар танальнасці пры асвятленні падзей Валід Арфуш адкідвае. Сцвярджае: яму ніхто з Расеі адносна сюжэтаў не тэлефануе.

Хоць не ў апошнюю чаргу для таго, каб мець магчымасць прыўнесці сваё бачанне ў асвятленне сусветных падзей, ВГТРК так настойліва імкнулася ўвайсці ў тройку найбольш уплывовых акцыянераў еўравяшчальніка.

"Вельмі важна тое, што цяпер наш пункт гледжання на тыя ці іншыя міжнародныя падзеі, безумоўна, будзе ўлічвацца", - неасцярожна сказаў пасля завяршэння здзелкі ў 2004 годзе намеснік старшыні ВГТРК Андрэй Быстрыцкі.

Праз некалькі гадоў пасля набыцця Расеяй права голасу на Euronews у інтэрв'ю газеце "Коммерсант" прэзідэнт тэлеканала Філіп Кайла распавёў, як Масква спрабавала ўплываць на журналістаў, якія працуюць у офісе канала ў Леоне: "Я ведаю, што журналісты нашай рускай службы атрымліваюць званкі з Масквы, і ім выказвалася некаторая незадаволенасць тымі ці іншымі сюжэтамі. А я асабіста, напрыклад, атрымаў ліст з расейскага МЗС з нагоды таго, што Euronews не так асвятляў пазіцыю Расеі ў Косава".

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках