2 траўня 2024, Чацвер, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Са жніўня ФСБ бярэ пад кантроль усіх інтэрнэт-карыстальнікаў Расеі

21
Са жніўня ФСБ бярэ пад кантроль усіх інтэрнэт-карыстальнікаў Расеі

У Расеі са жніўня інтэрнэт-кампаніі будуць абавязаныя перадаваць ФСБ практычна ўсю інфармацыю пра карыстальнікаў і іх дзеянні.

Пра гэта «Ведомостям» распавялі некалькі ўдзельнікаў рабочай групы пры Мінкамсувязі, на пасяджэнні якой абмяркоўваліся гэтыя дакументы. Раскамнагляд, па словах яго прадстаўніка Вадзіма Ампялонскага, распрацаваў дакументы аб парадку паведамлення гэтай службы аб пачатку дзейнасці ў сетцы і аб вядзенні рэестра блогераў і інтэрнэт-кампаній, аб узаемадзеянні ведамства з арганізатарам распаўсюду інфармацыі. Таксама Раскамнагляд прапанаваў катэгорыі сайтаў, якія не павінны падпадаць пад новыя нормы. Яшчэ адзін дакумент прыйшоў з ФСБ: ён рэгламентуе парадак захоўвання інфармацыі інтэрнэт-кампаніі, піша выданне «Ведомости».

Праз два месяцы, 1 жніўня, у Расеі пачне дзейнічаць так званы антытэрарыстычны пакет паправак у заканадаўства. Зараз па законе кампаніі абавязаныя прадастаўляць дадзеныя пра асобу карыстальніка і яго актыўнасць у сетцы толькі па рашэнні суда. Але пракуратура даволі часта наўпрост звяртаецца з падобнымі запытамі да сэрвісаў - і частка кампаній на іх адказвае. Новыя нормы абавязваюць інтэрнэт-кампаніі на працягу паўгода захоўваць дадзеныя пра сваіх карыстальнікаў і па першым патрабаванні перадаваць іх упаўнаважаным органам, якія вядуць аператыўна-вышуковую дзейнасць.

Каб паліцыя і спецслужбы ведалі, у каго запытваць дадзеныя, кампаніям, якія падаюць карыстачам магчымасць абменьвацца інфармацыяй, трэба апавяшчаць пра пачатак сваёй працы Раскамнагляд. Раней старшыня камітэта Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы Аляксей Мітрафанаў казаў, што пад гэта вызначэнне падпадаюць сацыяльныя сеткі (Facebook, Twitter, «Вконтакте» і інш), блогхостынгі, форумы. Пад новыя нормы не падпадаюць адукацыйныя, навуковыя рэсурсы, сайты пра культуру і да т. п., кажа Ампялонскі. Інтэрнэт-кампаніям удалося дамагчыся, каб рэгістрацыя ў Раскамнаглядзе была добраахвотнай, паказвае гендырэктар Расейскай асацыяцыі электронных камунікацый Сяргей Плутагарэнка. Кампаніі могуць выбраць - рэгістравацца адразу ці толькі пасля атрымання запыту ад праваахоўных органаў.

Якую менавіта інфармацыю хоча атрымліваць дзяржава ад інтэрнэт-кампаній, упершыню распісана ў рэгламенце ФСБ. З дакумента вынікае, што праваахоўным органам патрэбная практычна ўся інфармацыя аб дзеяннях карыстальніка ў сетцы. Гэта ідэнтыфікатар карыстача (лагін), усе адрасы электроннай пошты (як асноўнай, так і той, што выкарыстоўваецца для пераадрасацыі), спіс усіх яго кантактаў, катэгорыі кантактаў (сябры, падпісчыкі), колькасць і аб'ём атрыманых і перададзеных карыстальнікам паведамленняў, усе змены ў акаўнце і спробы яго выдалення.

Дзяліцца са спецслужбамі трэба будзе і дадзенымі пра тое, калі і якія менавіта старонкі сацсетак, інтэрнэт-форумаў, блогхостынгаў наведваюць карыстальнікі. Дзяржаву цікавяць нават назвы прылад, з якіх выходзіць у інтэрнэт карыстальнік, і якія праграмы і DNS-серверы пры гэтым выкарыстоўвае. Спецслужбы вырашылі, што таксама ім неабходны доступ да дадзеных аб платных паслугах, якія карыстальнікі набываюць у інтэрнэт-кампаній, уключаючы суму і назву плацежнай сістэмы. На продаж тавараў праз інтэрнэт гэтая норма не распаўсюджваецца.

Але самае галоўнае - кампаніі не абавязаныя захоўваць і дзяліцца зместам перапіскі, пастоў, каментароў і іншых паведамленняў карыстальніка.

У рэгламенце апісваецца сітуацыя, у якой інтэрнэт-кампанія можа пазбегнуць неабходнасці захоўваць дадзеныя, але тады яна будзе абавязаная прадаставіць спецслужбам поўны доступ да свайго сэрвісу на пастаяннай аснове. Атрымліваецца, што ў такім выпадку праваахоўнікі павінны самі збіраць і захоўваць дадзеныя за апошнія шэсць месяцаў. Па словах крыніцы «Ведомостей» у МУС, цяпер такой тэхнічнай магчымасці захоўваць гэтыя дадзеныя ў саміх праваахоўных органаў няма, для гэтага спатрэбяцца бюджэтныя выдаткі. Каментары ФСБ атрымаць не ўдалося.

«Мы вывучаем закон і пакуль не гатовыя каментаваць тэхнічныя дэталі», - сказала ўчора прадстаўнік Google Святлана Анурава. Прадстаўнік «Яндекса» паведаміў, што кампанія будзе выконваць заканадаўства. Прадстаўнік Mail.ru Group (кіруе сацсеткамі «Одноклассники» і « Вконтакте») адмовіўся ад каментароў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках