Галоўны трэнер БАТЭ: Усё вызначыцца ў Албаніі
3- 16.07.2014, 9:26
- 7,348
Аляксандр Ермаковіч незадаволены «хітрыкамі» албанцаў у гульні з барысаўскім клубам.
«Як мы і меркавалі, усё вызначыцца ў другой гульні праз тыдзень», - заявіў галоўны трэнер БАТЭ, паведамляе БелаПАН.
На прэс-канфэрэнцыі па заканчэнні першага матчу 2-га кваліфікацыйнага кола Лігі чэмпіёнаў супраць албанскага «Скендэрбэу» Аляксандр Ермаковіч падкрэсліў: «Першы тайм не выйшаў. Былі нейкія скаваныя, альбо хваляванне было, нічога практычна не выходзіла. Затым пераналадзіліся, другі тайм абнадзеіў».
Паводле ягоных слоў, нападнік Віталь Радзівонаў абавязаны быў забіваць на 91-й хвіліне, выйшаўшы сам на сам з брамнікам. «У Лізе чэмпіёнаў усе дробязі важныя», - падкрэсліў ён.
Ермаковіча раздражняла, што албанцы пры кожным сутыкненні падалі і доўга ляжалі на газоне. «Гэта асаблівасці паўднёвых камандаў, якія звяртаюцца да такіх хітрыкаў», - сказаў трэнер.
Замену Сяргея Крыўца на 71-й хвіліне Ермаковіч патлумачыў незадаволенасцю ягонай гульнёй. У сваю чаргу, камэнтуючы незадаволенасць Крыўца заменай, ён адзначыў, што не заўважыў гэтага, а калі футбаліст не падаў руку знарок, будзе «сур'ёзная размова».
Першая сустрэча прайшла 15 ліпеня на полі беларускага клуба і завяршылася ўнічыю 0:0. Матч у адказ пройдзе 22 ліпеня ў Албаніі.