У Расеі затрыманыя падазраваныя паводле справы аб аварыі ў метро
30- 16.07.2014, 10:48
- 23,101
СК Расеі затрымаў двух падазраваных паводле крымінальнай справы аб аварыі ў маскоўскім метро.
Пра гэта паведамляе прэс-служба ўстановы.
Гэта дарожны майстар рэйкавай службы ГУП «Маскоўскі метрапалітэн» Валерый Башкатаў і памочнік дарожнага майстра Юрый Гардоў. Паводле версіі следства, падазраваныя дапусцілі халатнасць у работах укладкі стрэлкавага пераводу для пуску новай дзялянкі, якія пачаліся ў канцы траўня 2014 года на перагоне станцый «Парк Перамогі» - «Славянскі бульвар». Затрыманыя не толькі выконвалі працы, але і кантралявалі іх.
Паводле звестак следства, стрэлкавы механізм быў зафіксаваны звычайным 3-міліметровым дротам, які парваўся. У выніку цягнік сышоў з рэек, 22 чалавекі загінулі і больш за 150 атрымалі розныя цялесныя пашкоджанні.
Затрыманыя ўжо дапытаныя і бліжэйшым часам ім выставяць абвінавачванні. Акрамя таго, супрацоўнікі СКР плануюць прыцягнуць да адказнасці ўсіх датычных да гэтай трагедыі, пачынаючы ад выканаўцаў і заканчваючы службовымі асобамі кіроўнага звяна.