Баевікі выкралі польскага ксяндза пад Данецкам
2- 16.07.2014, 12:17
- 5,487
Баевікі затрымалі на блок-посце ў Данецкай вобласці і павезлі ў невядомым кірунку святара польскага паходжання.
Баевікі затрымалі на блок-посце ў Данецкай вобласці ксяндза польскага паходжання Віктара Вансовіча, ягонае месцазнаходжанне невядомае, паведамляе УНН са спасылкай на польскі тэлеканал TVN24 BiS.
«Віктар Вансовіч, які з'яўляецца дэканам у Данецку, быў выкрадзены прарасейскімі сепаратыстамі. Ён змог патэлефанаваць мне і сказаць пра гэта. Цяпер я не ведаю, дзе ён знаходзіцца», - паведаміў польскаму тэлеканалу Мікалай Пілецкі з Данецка.
Святара, магчыма, затрымалі на блок-посце побач з Горлаўка Данецкай вобласці. Ён ехаў ладзіць імшу.
Вансовіч ў мінулым часта падарожнічаў ва ўсходняй Украіне і неаднаразова перасякаў блок-пасты, устаноўленыя сепаратыстамі.
Вансовіч меў некалькі прыходаў: у тым ліку ў Арцёмаўску, Енакіеве, Макееўцы і Горлаўцы.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у аўторак ён прайшоў тры такія блок-пасты, на чацвёртым у яго забралі дакументы і затрымалі. Сепаратысты дэпартавалі яго ў невядомым кірунку.
МЗС Польшчы пацвердзіла інфармацыю аб выкраданні святара. Прадстаўнік МЗС Марцін Вайцяхоўскі заявіў, аднак, што святар «не з'яўляецца грамадзянінам, але мае польскія карані», таму міністэрства можа адыгрываць у высвятленні ягонага месцазнаходжання і вызвалення толькі «дапаможную ролю».