4 траўня 2024, Субота, 23:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вясковы музэй распавёў пра сталінскія рэпрэсіі

7

Унікальную экспазіцыю стварылі ў музэі бялыніцкага СВК «Радзіма».

У ёй пададзеныя імёны 62 вяскоўцаў, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Тут жа - вокладкі асабовых спраў, заведзеных НКВД на некаторых з рэпрэсаваных, а таксама даведкі аб рэабілітацыі і фатаграфіі з ГУЛАГа. Экспазіцыя пра ахвяраў палітычных рэпрэсій, створаная сярод стэндаў, прысвечана станаўленню савецкай улады і калектывізацыі ў тых вёсках, якія цяпер утвараюць Вішоўскі сельсавет, паведамляе «Радыё Свабода».

Адна са стваральнікаў музэя Святлана Атрошчанка кажа, што экспазіцыя аб калектывізацыі адлюстроўвае гісторыю таго перыяду, якая, як яна адзначае, поўніцца не толькі аднымі лозунгамі.

«Мы імкнуліся ўсебакова адлюстраваць падзеі таго часу. У тыя часы быў лозунг: "Ідзі, таварыш, да нас у калгас». У калгас прыйшоў, дзесьці не тое слова сказаў, а ў 1937 годзе за ўсякія лозунгі супраць савецкай улады рэпрэсавалі... Вы самі паглядзіце: усе асабовыя справы - зазвычай паводле 72-га артыкулу. А гэта - антысавецкая агітацыя. Гэта страшная гісторыя. Тады вывозілі сем'ямі», - распавядае стваральніца музэя.

Каля стэнда пра рэпрэсіі наведнікі спыняюцца і доўга ўглядаюцца ў спіс рэпрэсаваных, кажа Святлана Атрошчанка. Яна адзначае, што не багата тутэйшых ведае пра часы калектывізацыі і яе ахвяры:

«Людзі прыходзяць і шукаюць знаёмыя прозвішчы па вёсках. Ужо нават прыходзяць не ўнукі, а праўнукі. Тут ёсць некалькі чалавек, якія ведаюць сваю гісторыю, могуць распавесці пра прадзедаў».

У тым жа музэйным зале са стэндамі пра станаўленне савецкай улады ў куце звесткі аб мясцовай праваслаўнай Петрапаўлаўскай царкве. Яе разбурылі ў часы разгулу сталінскіх рэпрэсій. Тое, што засталося ад святыні, цяпер можна ўбачыць на ўскраіне Вішова. У разбуранай бажніцы - крыж ды абразы. Да царквы вядзе сцяжынка ў густой траве. Некаторыя з вяскоўцаў кажуць, што ходзяць на службу ў гэтую разбураную царкву.

«Мая бабуля была «кулачка», і каб не апынуцца ў шэрагу рэпрэсаваных, ёй давялося адмовіцца ад хутара і аддаць усё ў калгас. Час тады быў такі, - тлумачыць мясцовы жыхар пенсійнага веку. - Тады была дыктатура, а без яе не можа быць парадку». На заўвагу, што дыктатура забрала мільёны жыццяў, суразмоўца рэагуе: «Але ж і мільёны захавала. І краіну захавала. Імпэрыю захавала. Але тыя, хто пацярпеў ад рэпрэсій, зусім іншага меркавання».

Яшчэ адзін суразмоўца адразу заявіў:

«Калі так цяпер разабрацца, то я «кулак». І ў тыя часы таксама быў «кулак», які працаваў днямі, а потым яго рэпрэсавалі. Маіх дзядоў раскулачылі. Адправілі ў Сібір, і адтуль яны не вярнуліся. Калі б тады не раскулачвалі людзей, то цяпер мы б жылі нашмат лепш. Тут ўсюды былі адны хутары. А цяпер прайдзі ўздоўж рэчкі - скрозь расце бур'ян. А тады людзі ўсё апрацоўвалі. Тады днямі працавалі».

Тыя часы забываць нельга, перакананы жыхар Вішова, дом якога знаходзіцца ў ста мэтрах ад разбуранай Петрапаўлаўскай царквы.

«Тады трэба было, каб людзі працавалі задарма. Быў наказ, што вось у такой вёсцы трэба забраць дваццаць чалавек, і ўсё. І ніхто ні на што не звяртаў увагі», - кажа ён.

На думку суразмоўцы, гвалт сталінізму ў Беларусі паўтарыцца не можа. «Усе ўжо навучаныя тым лёсам», - перакананы ён.

Вясковая моладзь пытанне пра часы сталінскага тэрору ўспрымала як правакацыю. Некаторыя прызнаваліся, што не ведаюць пра іх нічога. Нешта, казалі маладыя жыхары Вішова, памятаем са школьнай праграмы, але згадаць, што менавіта, адмаўляліся. На пытанне: ці былі ў музэі і ці бачылі там экспазіцыю, прысвечаную сталінскаму тэрору - рэагавалі коратка: «Пойдзем, паглядзім».

Музэй адкрылі крыху больш за тыдзень таму. Са слоў Святланы Атрошчанкі, ён адразу стаў папулярным у вяскоўцаў. Яго наведваюць не толькі тыя, хто застаўся жыць у вёсках, але і іхныя сваякі, якія з'ехалі ў іншыя месцы. У музэі разлічваюць, што яго экспазіцыі будуць папаўняцца і дакумэнтамі, якія былі перададзены вяскоўцамі. Гэты працэс, кажа Святлана Атрошчанка, ужо пачаўся. Шмат фатаграфій пакуль застаецца без тлумачальных надпісаў, бо няма звестак пра людзей, якія на іх.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках