Радаслаў Сікорскі: Узмацненне санкцый супраць Расеі патрэбнае
1- 24.07.2014, 15:37
- 4,465
Пуцін не пакідае іншага выбару, мяркуе кіраўнік польскай дыпламатыі.
Чарговыя санкцыі ЕЗ у дачыненні да Расеі нпатрэбныя, перакананы міністр замежных спраў Польшчы. У сераду ў Варшаве Радаслаў Сікорскі правёў супольную прэс-канферэнцыю з міністрам замежных спраў Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, паведаміла «Польскае радыё».
Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік польскай дыпламатыі патлумачыў, што мэта санкцыяў - паўплываць на дзеянні іншага боку, а не «давесці, што мы мацнейшыя». Сікорскі папярэдзіў, што санкцыі могуць распаўсюдзіцца не толькі на Расею.
«Дзель польскага гандлю з Расеяй большая, чым, напрыклад, з Нямеччынай. Таму ў выпадку ўвядзення санкцый палякі таксама шмат чым рызыкуюць. Аднак Пуцін не пакідае нам выбару. Збіты малазійскі самалёт проста перапоўніў чару горычы», - паведаміў дыпламат.
Кіраўнік польскага МЗС мяркуе, што пастанова што да ўвядзення санкцый супраць Расеі можа быць прынятая цягам бліжэйшых дзён.
Нагадаем, што раней Сікорскі ўжо звяртаўся з патрабаваннем да афіцыйнай Еўропы заняць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненнях да Расеі.