25 красавiка 2024, Чацвер, 12:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь скасавала абмежаванні для ўкраінскіх тавараў

27
Беларусь скасавала абмежаванні для ўкраінскіх тавараў

Урад палегчыў доступ на беларускі рынак для вытворцаў з Украіны.

Пра гэта сёння заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ.

У адказ беларускі бок хоча дамагчыся ад Кіева скасавання пастановы ўкраінскай Міжміністэрскай камісіі міжнароднага гандлю ў дачыненні да беларускіх тавараў.

У красавіку-траўні гэтага года беларускім урадам было ўведзенае ліцэнзаванне паставак у Беларусь цэменту, шкла, піва, некаторых тыпаў макаронных і кандытарскіх вырабаў. Гэтыя пастановы былі ўведзеныя тэрмінам на шэсць месяцаў, і тычыліся тавараў з усіх дзяржаў, акрамя чальцоў Мытнага саюза. У адказ на дыскрымінацыйныя дзеянні Беларусі ў дачыненні да ўкраінскіх вытворцаў Украіна ўвяла спецыяльныя мыты на беларускія прадукты.

"Гэтая пастанова была прынятая ўрадам у мэтах недапушчэння шкоды нацыянальным вытворцам ад тавараплыняў, якія паступаюць у нашую краіну праз шэрыя схемы, іх легалізацыі і навядзення парадку з коштаўтварэннем", - заявіў прадстаўнік беларускага МЗС.

"Цягам красавіка-ліпеня ў сталым рэжыме праводзіўся маніторынг сітуацыі з доступам ліцэнзійных тавараў, асабліва тых, якія паступаюць з краін СНД, з якімі ў нас падпісаныя пагадненні аб свабодным гандлі", - патлумачыў Дзмітрый Мірончык.

"Яго вынікі сведчаць аб выпраўленні негатыўных тэндэнцый, якія мелі месца на ўнутраным рынку на момант прыняцця пастаноў. Такім чынам, няма патрэбы ў ліцэнзаванні тавараў, якія паступаюць да нас з краін, якія падпісалі Дамову аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 года", - мяркуе прадстаўнік беларускіх уладаў.

24 ліпеня кіраўнік беларускага ўрада падпісаў пастанову (№719), якая здымае абмежаванні доступу тавараў вытворцаў з краін-чальцоў Дамовы аб зоне свабоднага гандлю на беларускі рынак.

"Асабліва адзначу, што ў практыцы беларускага боку няма месца ўхіленню ад перамоў, ад абмеркавання праблем партнёраў. Добрым прыкладам гэтаму служаць праведзеныя ў аператыўным рэжыме 18 ліпеня ў Менску беларуска-ўкраінскія кансультацыі, падчас якіх бакі прадметна і падрабязна абмеркавалі пазіцыі адзін аднаго", - заявіў прадстаўнік МЗС.

"Мы чакаем, што Украіна забяспечыць доступ беларускіх тавараў на свой рынак у рэжыме, устаноўленым Дамовай аб зоне свабоднага гандлю, аператыўна скасаваўшы адпаведныя пастановы Міжміністэрскай камісіі", - спадзяюцца ў беларускім урадзе.

"У тым выпадку, калі ўкраінскія пастановы ўвойдуць у дзеянне, мы вымушаныя будзем рабіць захады адэкватнага рэагавання. Хоць спадзяемся, што паводле негатыўнага сцэнару падзеі развівацца не будуць, бо гэта не адпавядае духу і ўзроўню ўзаемадзеяння паміж нашымі брацкімі краінамі", - заявіў Дзмітрый Мірончык.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках