19 красавiка 2024, Пятніца, 3:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманаму ў Менску актывісту ўручылі позву ў ваенкамат

Затрыманаму ў Менску актывісту ўручылі позву ў ваенкамат

Мікіта Броўка быў затрыманы 25 ліпеня ў Менску і амаль чатыры гадзіны правёў у РУУС Савецкага раёна Менска.

Яго затрымалі апоўдні ў сталічным мікрараёне Уручча некалькі чалавек у цывільным, якія заявілі, што яны супрацоўнікі крымінальнага вышуку, піша БелаПАН. «Чыннікаў майго затрымання яны мне не паведамілі. Мяне адвезлі ў аддзел міліцыі на вуліцы Кальцова, дзе пратрымалі да 16.00», - сказаў Броўка.

У аддзеле міліцыі ад актывіста, з ягоных слоў, патрабавалі прайсці праверку на паліграфе «паводле нейкага ўчынення крымінальнага злачынства». «Падрабязнасці мне не распавядалі, казалі, што калі растлумачаць мне, пра што будзе гаворка, без «дэтэктара хлусні», то ад яго не будзе карысці. Я падпісаў адмову ад праходжання праверкі», - адзначыў ён.

Там жа, у міліцыі, Броўку наведаў прадстаўнік вайсковага камісарыята, што ўручыў актывісту позву, якая прадпісвала з'явіцца 5 жніўня ў ваенкамат па месцы жыхарства.

Перш чым адпусціць хлопца з міліцыі, у яго ўзялі ўзор ДНК і адбіткі пальцаў.

«Думаю, што затрыманне звязана з маёй грамадзянскай дзейнасцю, а таксама я мяркую, што мяне хочуць сілай забраць у войска», - заявіў Броўка.

Акрамя таго, што Мікіта Броўка з'яўляецца грамадскім актывістам, ён таксама пазаштатны карэспандэнт газеты «Новы час».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках