6 траўня 2024, панядзелак, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менская архітэктарка прапануе стварыць Венецыю на Свіслачы

36

Вольга Данілян мяркуе, што ў раёне Траецкага прадмесця можна зрабіць штучныя выспы з такой забудовай.

Выпускніца архітэктурнага факультэта БНТУ паспяхова абараніла ў гэтым годзе дыпломную працу і падзялілася сваім праектам з onliner.by. Дзяўчына прапануе рэканструяваць набярэжную Свіслачы ўздоўж вуліцы Старажоўскай, стварыўшы каралі выспаў, забудаваных накшталт Траецкага прадмесця.

- На выходных у Траецкім і на востраве слёз шпацыруюць натоўпы людзей. Але акрамя некалькіх кавярняў і музеяў там практычна няма куды схадзіць, а набярэжная абсалютна не добраўпарадкаваная для камфортнага адпачынку і даўно мае патрэбу ў рэканструкцыі, - кажа Вольга Данілян. - Штучныя выспы з перакінутымі масткамі змаглі б змяніць гэтае месца і зрабіць яго яшчэ больш прывабным.

Выспы выпускніца БНТУ прапануе забудаваць невялікімі дамкамі, якія ствараюць атмасферу старога еўрапейскага горада. Паводле задумы аўтаркі, там павінны адкрыцца кавярні, рэстарацыі, музеі, майстэрні, салоны прыгажосці, фотастудыі, сувенірныя крамы, аддзяленні банкаў - уся інфраструктура для адпачынку. Некаторыя дамы можна выкарыстоўваць як хостэлы ці дарагія гатэлі. Турыстам спадабаліся б абодва варыянты.

- Ідэя менскай Венецыі здаецца мне прывабнай і не такой складанай ў рэалізацыі. Некаторыя выспы ствараюцца за кошт насыпаў, іншыя выразаюцца каля берагавой лініі. Менчукі і госці горада маглі б падарожнічаць на катамаранах і лодках з выспы на выспу, праплываць пад масткамі. А набярэжная з боку Старажоўскай ператварылася б у пешаходную вуліцу, - фантазуе архітэктарка-пачатковец. - Што яшчэ немалаважна: дамкі на вадзе адсунуць на другі план дом «Ля Траецкага», які здушыў гістарычны складнік гэтага месца.

Ці мае праект «Каралі выспаў» хоць нейкія шанцы на рэалізацыю?

- Калі марыць і ўявіць, што горад ухваліць маю ідэю, то інвестары, думаю, знойдуцца. Праект хоць і дарагі, але з часам ён акупіць сябе, - мяркуе выпускніца БНТУ. - Бо набярэжная з выспамі стане новым цэнтрам прываблівання турыстаў і гараджан.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках