7 траўня 2024, aўторак, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўнікаў просяць дапамагчы з прыборкай збажыны

30
Настаўнікаў просяць дапамагчы з прыборкай збажыны

На Мсціслаўшчыне педагогаў сельскіх школ абавязалі працаваць у гаспадарках на збожжатоках.

- У аўторак 15 ліпеня а чацвёртай гадзіне настаўнікаў сельскіх школ сабралі ў Мсціслаўскім райвыканкаме, - распавяла суразмоўца выдання «УзГорак». - Прыйшлі, напэўна, не ўсе - усё ж такі сезон адпачынкаў, некаторыя педагогі толькі што адпрацавалі змены ў дзіцячых лагерах. Сабралася чалавек пяцьдзесят-шэсцьдзесят.

Людзі (а гэта ў асноўным жанчыны) былі моцна здзіўленыя, для чаго гэта іх склікалі ў выканкам у такі час - ва ўсіх поўна хатніх клопатаў! На сходзе ім сказалі, што да другога жніўня яны павінны адпрацаваць на бліжэйшых да іх навучальных установаў збожжатоках.

- Задачу паставілі такую: весці кантроль і ўлік у спецыяльных журналах, колькі тон збожжа на якой машыне, куды адпраўлена, хто кіроўца, а таксама ездзіць на вагавы пункт і ўсякае такое. А калі раптам нейкая машына падасца "падазронай", ці ледзь не папярок дарогі класціся, каб не з'ехала, куды не трэба! - сказала яна.

Атрымліваецца, настаўнікам, бібліятэкарам і іншым сейбітам разумнага, добрага, вечнага (на тым сходзе былі не толькі педагогі) цяпер трэба несці адказнасць і за збожжа? - слушна здзіўляецца жанчына, якая распавяла аб гэтай сітуацыі.

- Сказалі, што дзяжурыць людзі будуць у тры змены: дзве дзённых і адная начная. Графікі былі складзеныя загадзя, згоды настаўнікаў ніхто не пытаўся, - абуралася субяседніца.

Пасля сходу, у сваім коле настаўнікі вельмі эмацыйна абмяркоўвалі гэтую навіну і свае новыя "прызначэнні". А інакш і быць не магло: мала таго, што падчас навучальнага года яны выконваюць масу дадатковых абавязкаў, звязаных з педагагічнай дзейнасцю, дык цяпер яшчэ ім дадалі адбываць і летнюю павіннасць.

Некаторыя жанчыны плакалі: як яны будуць дабірацца ад дома да гэтых самых збожжатокоў - гэтае пытанне нікога не цікавіць, а для некаторых гэта шлях у некалькі кіламетраў. Удзень можа і нічога, а вось позна ўвечары неяк страшнавата.

Ды і наогул, дзяжурыць па начох - задавальненне не з прыемных. Ці ўсе могуць працаваць на збожжатоках паводле медыцынскіх паказанняў, адміністрацыі, відавочна, не цікава - на медагляд людзей не пасылалі. Пытанне аплаты гэтых работ для настаўнікаў таксама пакуль нявызначанае.

Вось што сказаў праз тэлефон начальнік аддзела адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама Валерый Харытонаў:

- Педагогаў не абавязалі працаваць на збожжатоках, а папрасілі. Яны будуць праводзіць там грамадскі кантроль.

Больш падрабязна распытаць чыноўніка пра гэта не ўдалося - спаслаўшыся на надзвычайную занятасць, ён папрасіў ператэлефанаваць яму хвілін праз сорак. Але ні праз сорак, ні праз пяцьдзесят хвілін, ні праз гадзіну, ні наогул цягам дня датэлефанавацца да начальніка аддзела адукацыі так і не ўдалося.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках