23 красавiка 2024, aўторак, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ІП: На рынках у Маскве вывесілі аб'явы, што з беларусамі не працуюць

30

На гарадзенскіх рынках сярод большасці прадпрымальнікаў пануе песімістычны настрой у сувязі з новымі правіламі гандлю.

Многія мяркуюць, што каля паловы прадпрымальнікаў у хуткім часе павінны будуць змяніць прафесію. Што рабіць і як быць у гэтай сітуацыі, пераважная большасць не ведае - проста чакаюць, што будзе далей, паведамляе «Радыё Свабода».

Рынак «Паўднёвы» - самы буйны ў Гародні. Нягледзячы на тое, што пакупнікоў хапае, прадпрымальнікі не ўсміхаюцца і не жартуюць, не чуваць, як гэта часта раней было, вясёлай музыкі.

З 1 жніўня падатковыя органы прыпыняюць прыём спісаў рэшткаў тавараў лёгкай прамысловасці, увезеных у Беларусь да 1 ліпеня без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё і адпаведнасць патрабаванням Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза. Захоўваць і прадаваць рэшткі тавараў на падставе складзенага спісу з адзнакай падатковай інспекцыі можна будзе да 1 сакавіка 2015 года.

Пра гэта на рынку толькі і кажуць. І ўсе задаюцца пытаннем - што будзе з імі пасля 1 сакавіка? Ад прадпрымальнікаў патрабуюць на тавар дакументы, якіх не існуе ў прыродзе. Нягледзячы на тое, што яны бяруць гэты тавар у краінах Мытнага саюза, ні ў Расеі, ні ў Казахстане такіх дакументаў папросту няма.

«Спрабуем шукаць выйсце: шукаем фірмы ў Менску, Маскве. Праўда, не ўсе хочуць супрацоўнічаць, бо ў іх няма патрэбных нам сертыфікатаў. Вось у Менску мне сказалі, што іх тавар з Масквы, яны даюць сертыфікаты і ўсе неабходныя дакументы, але кошт тавару вырастае адразу на 50%. Выходзіць, маскоўскія фірмы накручваюць, потым менскія - і мы гэты тавар не зможам прадаць», - кажа адзін з ІП.

Яшчэ адзін мужчына дадае, што ўжо бліжэйшым часам большасць з іх проста не змогуць завозіць ніякага тавару.

«Ну добра з тымі яшчэ сертыфікатамі, а як рабіць закупку тавару? У Маскве на рынках ужо многія вывесілі аб'явы, што з беларусамі не працуюць, бо не маюць патрэбных для іх дакументаў ...», - адзначае ён.

Многія жанчыны ўспрымаюць сітуацыю блізка да сэрца - разумеюць, што ў хуткім часе могуць рэальна страціць працу, і нават не хочуць з журналістамі ні пра што гаварыць.

«Не буду нічога вам казаць. Прабачце, але я не ведаю, што і як з намі будзе ...» - кажа адна з ІП.

«Цяжка, бо нічога не зразумець, і няма ніякага настрою. А што далей, нават і думаць не хочацца. Учора па тэлевізары зноў сказалі, што прадпрымальнікі возяць з Масквы «ліпу». Самі прызналі, што ні Казахстан, ні Масква ніякіх дакументаў не маюць, але мы, маўляў, ідзем сваім шляхам - і вы на іх не глядзіце...», - адзначае іншая прадпрымальніца.

ІП адзначаюць, што многія з іх ужо сыходзяць з рынку.

«Многія ўжо сыходзяць з рынку, паколькі няма рэальнай магчымасці пацвердзіць легальнасць набыцця тавару. Паколькі дзяржава патрабуе ў мяне такі дакумент, а я яго не маю, то як законапаслухмяны чалавек я павінен прымаць правілы гульні - і альбо штык у зямлю, альбо працягваць працу. А працу працягваць магчымасці няма», - кажа адзін з ІП.

Яшчэ адзін мужчына кажа, што нават зрабіўшы спіс рэшткаў тавараў, ён наўрад ці зможа дапрацаваць нават да 1 сакавіка.

«Ведаеце, летні тавар ужо становіцца непатрэбным, а зімовы, які з тых гадоў застаўся - яго няшмат. Ёсць рэшткі, але памеры нехадавыя, мадэлі нехадавыя, яго ўжо цяжка прадаць, а новага завозіць не дазваляюць. Я вам скажу, што тут яшчэ людзі сядзяць і спадзяюцца на тое, што нешта зменіцца да лепшага. Гэтага ўжо не будзе. Не ведаю, што сказаць, але ўсё ўжо не ад нас залежыць...» - адзначае ён.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках