25 красавiка 2024, Чацвер, 8:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Інвестары баяцца, што Лукашэнка адбярэ «Гродна-Азот»

8
Леанід Злотнікаў: Інвестары баяцца, што Лукашэнка адбярэ «Гродна-Азот»

Таму і не купілі прадпрыемства.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў кандыдат эканамічных навук, дацэнт Леанід Злотнікаў.

- Конкурсны адбор інвестара для ўдзелу ў прыватызацыі ААТ «Гродна-Азот» так і не адбыўся. Як вы думаеце, чаму на знайшлося пакупніка на адное з ключавых прадпрыемстваў Беларусі, бо Расея ўжо даўно паклала на яго вока і ўвесь час цісне?

- Рэч у тым, што прадаваўся толькі блакавальны пакет - 25% + 1 акцыя. А расейскія інвестары, калі купляюць, то хочуць набыць больш поўны кантроль над прадпрыемствам, каб вызначаць яго палітыку. Гэта, па-першае. Па-другое, у беларускага боку заўсёды шмат умоў. Звычайна яны сацыяльныя, напрыклад, захаваць калектыў, забяспечыць сацпакет і гэтак далей. Але галоўнае не гэта. Галоўнае, мабыць, у слабай абароненасці прыватнай уласнасці ў Беларусі. Бо мы ведаем шмат выпадкаў, калі дзяржава проста аднімала ўласнасць, не кажучы ўжо пра блакаванні, абмежаванні і гэтак далей. Немалаважны і той фактар, што выраб з нафты і газу розных прадуктаў і ўгнаенняў не вельмі рэнтабельны, бо цяпер з'явіліся вельмі моцныя канкурэнты ў нафтаздабывальных краінах - Саудаўская Арабія, Кувэйт. І улічваючы, што нафта і газ там сабекоштам разы ў тры чатыры ніжэйшыя за расейскія, то прадукцыя, вырабленая ў Еўропе, а тым больш у Беларусі, нізкая ў канкурэнтаздольнасці.

- Вядома, што адной з умоў выдзялення Менску апошняй шостай раты крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС з'яўляецца продаж пяці буйных беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх і «Гродна-Азот». Ці паўплывае адтэрміноўка продажу завода на тэрмін выдачы гэтых грошай, які і без таго ўжо быў перанесены на 1 кастрычніка ?

- Афіцыйнай умовай выдачы шостай раты гэта быць не можа, бо ўмовы яе выдзялення перш за ўсё макраэканамічныя: інфляцыя, лібералізацыя эканомікі, гэта значыць рух да рынку. Але нефармальна, вядома, і гэта можа быць умовай і ўплываць на тэрмін выдачы раты крэдыту АКФ ЕўрАзЭС?

- Ці атрымаецца ў такім выпадку беларускім уладам зрэалізаваць планы прыватызацыі прадпрыемстваў на 1,5 мільярда даляраў, аб якіх было абвешчана яшчэ ў лістападзе мінулага года?

- Безумоўна, грошы Менску вельмі патрэбныя, і яны важнейшыя за патрабаванні Расеі. Да канца года новых сур'ёзных фінансавых паступленняў не прадбачыцца, а золатавалютныя рэзервы вельмі нізкія. Але што да планаў продажу прадпрыемстваў «на мільярды», то яны былі і ў папярэднія гады. Бо ўспомніце, калі Сяргей Румас стаў віцэ-прэм'ерам, а ва ўрадзе з'явіліся іншыя лібералы, яны рыхтавалі на продаж амаль дзве тысячы малых і дзесяткі сярэдніх і буйных прадпрыемстваў. Але Лукашэнка разважыў, што гэта непатрэбна, і нічога не адбылося. Таму ў гэтым выпадку планы ўрада ніякай ролі не адыгрываюць, усё будзе так, як вызначыць Лукашэнка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках