28 красавiка 2024, Нядзеля, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

256 кіламетраў беларускіх дарог сталі платнымі

16
256 кіламетраў беларускіх дарог сталі платнымі

Сетка платных аўтамагістраляў ў Беларусі павялічаная сёння на 256 км.

Пра гэта паведамілі ў прэс-службе нацыянальнай электроннай сістэмы збору аплаты за праезд на аўтадарозе краіны BelToll.

Адпаведны пункт замацаваны ў пастанове ўрада Беларусі ад 23 ліпеня гэтага года №710 (апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 30 ліпеня), якая ўваходзіць у дзеянне з 1 жніўня. Дакументам дапоўнены пералік платных дарог, дзе цяпер спаганяецца плата за праезд транспартных сродкаў з дапамогай электроннай сістэмы. Такім чынам, карыстальнікам трэба аплаціць праезд на ўчастках дарог М-5/Е 271 Менск - Гомель, М-6/Е 28 Менск - Гародня - мяжа Польшчы (Брузгі), М-7/Е 28 Менск - Ашмяны - мяжа з Літвой (Каменны Лог) і Р-1 Менск - Дзяржынск. У выніку агульная працягласць сеткі платных аўтамагістраляў у краіне склала 1189 км.

Другі этап стварэння сістэмы BelToll прадугледжвае адкрыццё васьмі пунктаў абслугоўвання карыстальнікаў, у тым ліку ў Менску, Гародні, Шчучыне, Ашмянах, Мар'інай Горцы.

Паводле прагнозаў ЗТАА "Капш Тэлематыка Сервісіз", чарговае пашырэнне сістэмы прычыніцца да росту агульнай колькасці зарэгістраваных транспартных сродкаў прыкладна на 10-15% і дасягне 200 тысяч.

У гутарцы з карэспандэнтам БелТА мэнэджар у сувязях з грамадскасцю кампаніі-аператара BelToll ЗТАА "Капш Тэлематыка Сервісіз" Сяргей Буры адзначыў: "Мы выйшлі на праектныя магутнасці. Сёння сістэма працуе так, як было задумана, і адпавядае праекту". Калі фіксуюцца няспраўнасці альбо ў свайго кшталту няштатныя сітуацыі, яны аператыўна выпраўляюцца, запэўніў ён.

Агулам, паводле ягоных звестак, карыстальнікі платных дарог Беларусі дапускаюць прыкладна ў 10 разоў менш парушэнняў правілаў праезду, чым у самым пачатку камерцыйнай эксплуатацыі BelToll.

Нягледзячы на гэта, у кампаніі-аператары сістэмы працуе аддзел працы з кліентамі, якія звяртаюцца з прэтэнзіямі, спрэчнымі пытаннямі і маюць намер разабрацца ў пастановах, прынятых аб асобных сітуацыях. "Кожны зварот мы разглядаем індывідуальна", - падкрэсліў Сяргей Буры.

BelToll - гэта электронная сістэма збору аплаты за праезд, якая заснаваная на выкарыстанні тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях, якая дазваляе спаганяць зборы з карыстальнікаў дарогі без прыпынку транспартных сродкаў. Яе камерцыйная эксплуатацыя расчалася ў Беларусі 1 жніўня 2013 года.

У адпаведнасці з указам №426 ад дарожных збораў вызваляюцца транспартныя сродкі, зарэгістраваныя на тэрыторыі краін Мытнага саюза, з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 тон. Бясплатна могуць праехаць мапеды і матацыклы, зарэгістраваныя ў Беларусі, колавыя трактары і самаходныя аўтамабілі, транспартныя сродкі аператыўнага прызначэння, а таксама тыя, што выкарыстоўваюцца ў мэтах забеспячэння абароназдольнасці і правапарадку. Не трэба плаціць кіроўцам маршрутак для гарадскіх перавозак пасажыраў, аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца для надання меддапамогі, ліквідацыі надзвычайных сітуацый або перавозак грузаў гуманітарнай дапамогі насельніцтву Беларусі ды іншых краін.

Уладальнікам электроннай сістэмы збору платы за праезд на аўтатрасах з'яўляецца ДУ "Белаўтастрада". Кіруе працай BelToll у Беларусі кампанія-аператар ЗТАА "Капш Тэлематыка Сервісиз", у задачы якой уваходзяць забеспячэнне належнага функцыянавання сістэмы і правядзенне ўсіх патрэбных функцый, звязаных з яе дзейнасцю. Кантралюе спагнанне збораў на платных аўтамагістралях ДУ "Транспартная інспекцыя".

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках