28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскага няўдалага нырца ратавала ўсё ТВВ горада

9
Менскага няўдалага нырца ратавала ўсё ТВВ горада

Мужчына пачаў тануць менавіта ў той час, калі на другім беразе ратавальнікі змагаліся за годнасць найлепшага.

Смяхотная і амаль трагічная гісторыя здарылася днямі на Драздоўскім вадасховішчы. На адным беразе трое мужчын - усім па трыццаць з лішкам гадоў - наважылі як след разняволіцца. На другім - менскія водныя ратавальнікі спаборнічалі ў выратавальным шматборстве, піша «Комсомольская правда в Беларусі».

Пакуль адныя кулялі ды пражыліся, іншыя высвятлялі, хто хутчэй і лепш уратуе тапельца, кіне кола, уратуе няўдалага плыўца з лодкі і ў вадзе, хутчэй выйдзе на катэры на сігнал трывогі.

І вось, ці то прымаўка «на лаўца і звер бяжыць» спрацавала, ці то, як заўсёды, трунак нашкодзіў... Адзін з тройцы зухаў пачаў тануць. Прычым заўважылі гэта не сябрукі, а спартоўцы-ратавальнікі. З другога берага!

- Спаборніцтвы ўжо заканчваліся. Пераможцаў вызначылі, ладзіліся святкаваць перамогу. І раптам хтосьці з удзельнікаў спаборніцтвы заўважыў, што на іншым беразе ў вадзе заўзята тузаецца чалавек, - успамінае вадалазны спецыяліст МГА ТВВ Дзяніс Чашун. - Ніякіх крыкаў аб дапамозе не было, зазвычай патапленні так і адбываюцца - людзі сыходзяць пад ваду амаль бязгучна...

Адным словам, мужчыну моцна пашанцавала. На дапамогу да яго дзяжурная змена выратавальнай станцыі кінулася неадкладна. Паспелі: недарэку-плыўца з вады выцягнулі, адхаялі, выклікалі "хуткую дапамогу".

- Яшчэ б хвіліну - і наўрад можна было б яму дапамагчы, - камэнтуе выратавальнік. - Мужчына быў п'яны, ад берага адплыў мэтраў на 15, глыбіня была большая за два мэтры, змогі ў яго амаль не засталося. Сябрукі ягонай адсутнасці і ўжо пагатоў бядотнага становішча не заўважылі.

Руку да выратавання прыклалі ўсе ратавальнікі места, зрэшты, падзякі не дачакаліся: плывец адмахнуўся ад медыкаў, павярнуўся і сышоў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках