28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус перамог у міжнародным чэмпіянаце ў праграмаванні

15

Сёння ў Бэрліне адбыўся фінал чэмпіянату ў спартовым праграмаванні Яндекс.Алгоритм.

Пераможцам спаборніцтваў стаў гамяльчук Генадзь Караткевіч.

Сёлета за перамогу ў Алгарытме змагаліся 3890 удзельнікаў з 72 краін, у тым ліку 161 - з Беларусі. У выніку кваліфікацыйнага тура ў фінал выйшлі 25 наймацнейшых праграмістаў з Беларусі, Казахстана, Кітая, Польшчы, Расеі, ЗША, Тайваня, Украіны і Японіі. Генадзь Караткевіч стаў адзіным прадстаўніком Беларусі ў фінале. У выніку ён і здабыў галоўны прыз, паведамілі сайту charter97.org у прэс-службе «Яндэкса».

У вызначальным коле Генадзь за 100 хвілін правільна развязаў чатыры задачы з шасці і фінішаваў толькі з 66 штрафнымі хвілінамі. Другім закончыў спаборніцтвы Хосака Кацухіра з Японіі (Такійскі універсітэт), які таксама развязаў чатыры задачы, але з 90 штрафнымі хвілінамі, а трэцім - Ван Кіншы з кітайскага універсітэта Ціньхуа з чатырма дакладна развязанымі задачамі і 125 хвілінамі штрафу. Чэмпіён Алгарытму атрымаў грашовы прыз у суме 300 тысяч расейскіх рублёў. Узнагарода за другое і трэцяе месца склала 150 і 90 тысяч расейскіх рублёў адпаведна.

З расейцаў бліжэйшым за ўсіх да тройцы пераможцаў стаўся Пётр Мітрычаў, а з украінцаў - Антон Райчук. Яны здолелі развязаць дакладна па тры задачы і заняць 6-е і 10-е месцы адпаведна.

Нагадаем, што Генадзь Караткевіч ўжо другім разам запар перамагае ў Алгарытме: летась ён таксама звёз галоўны прыз, апярэдзіўшы расейца Яўгенія Капуна (НДУ ІЦМА) і прадстаўніка Тайваня Шы Бісюня (яны занялі другое і трэцяе месца адпаведна).

Фінал Алгарытма-2014 праходзіў у самым цэнтры Бэрліна - у гатэлі Radisson Blu, у будынку, дзе знаходзіцца адчыненая сёлета кантора распрацоўкі Яндэкса. Канкурэнцыя была вельмі высокай. У спаборніцтвах удзельнічалі прызёры папярэдніх чэмпіянатаў Алгарытма, неаднаразовыя пераможцы ACM ICPC, лідэры TopCoder Open, распрацоўнікі Google і Facebook. Супрацоўнікі Яндэкса не дапускаюцца да ўдзелу ў Алгарытме як арганізатары гэтага чэмпіянату.

Спаборніцтвы праходзілі на платформе Яндекс.Contest - гэта сэрвіс для трэнінгу і спаборніцтваў праграмістаў. Заданні рыхтавала міжнародная каманда, у якую ўвайшлі спецыялісты з Беларусі, Украіны, Расеі, Польшчы і ЗША. Трое з іх - супрацоўнікі менскага офіса «Яндэкса»: Аляксей Тоўсцікаў, Раман Удавічэнка і Сяргей Жгіроўскі, якія і самі ўдзельнічаюць у розных міжнародных чэмпіянатах у праграмаванні і рыхтуюць маладое пакаленне спартоўцаў.

Фота: прэс-служба кампаніі «Яндэкс»

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках